Дынастыя лесаводаў Зданоўскіх-Дзісько

12:42 / 01.05.2018
1
Падольскае лясніцтва –  унікальнае: тры пакаленні адной сям’і сваё жыццё прысвяцілі лесу… Кажуць, што ўзрост дрэва можна вызначыць па гадавых колцах. Калі скласці стаж работы ў лясной гаспадарцы кожнага з дынастыі падольскіх лесаводаў, то вялікаму і магутнаму дрэву роду Зданоўскіх-Дзісько ўжо каля двухсот гадоў…
disko.jpg
 
Расказвае Ганна Альфрэдаўна:
– Усё пачалося з майго дзеда Міхаіла Аляксандравіча Зданоўскага, які працаваў лесніком яшчэ пры Польшчы. За ім было замацавана 5 000 гектараў лесу, якія дзед аб’язджаў на кані. Здаралася, што тыднямі не спатыкаўся ў хаце. Ні ўшчуванні, ні слёзы бабулі не дапамагалі. З цягам часу яна змірылася, што ў мужа на першым месцы – лес. 
Толькі пазней зразумела, чаму бабуля так перажывала, калі я сабралася  замуж за лесніка. Мой Пеця 45 гадоў адпрацаваў у нашым лясніцтве, з якіх сем – калі ўжо быў на пенсіі. Нават прымаўка ў нашай сям’і з’явілася: з панядзелка да пёнтка – на рабоце, у суботу і нядзелю – на паляванні. Два гады назад, нарэшце, супакоіўся і пайшоў на заслужаны адпачынак. І я пачала жыць, як чалавек: муж побач са мной, а не ў лесе прападае.
Як мы пазнаёміліся? Я вучылася ў Вільнюсе і летам прыехала ў Падольцы. Леснікі нарыхтоўвалі лес, а мы з бабуляй гатавалі ім вячэру. Выхо­джу на вуліцу, а там два хлопцы стаяць. «Хоць бы хто вады прынёс», – злосна кінула ў іх бок. Чарнявы падхапіўся – і подбегам да студні. Гэта і быў мой Пеця. Сустракаліся тры месцы, на чацвёрты зладзілі вяселле. Жылі ў невялікім пакойчыку разам з бабуляй. 
Мой тата Альберт Міхайлавіч, як і дзед Міхась, з  дзяцінства любіў лес. Пасля вучобы ў Полацку працаваў бухгалтарам у Міхалішкаўскім лясніцтве, затым майстрам лесу. У 1970 годзе  бацьку прызначылі ляснічым у Падольскім лясніцтве. Цэлы дзень ён прападаў у лесе. Затое колькі радасці было, калі мы ў нядзелю ехалі ў Міхалішкі на кірмаш і тата мне купляў прысмакі.
Хоць з Пецем мы пазнаёміліся выпадкова, але я, можна сказаць, ведала яго завочна. Тата ўсе вушы пражужжэў: «Такога майстра маю! Працавіты, спакойны, акуратны… Ты б, мо, дачушка, прыгледзелася?». А я толькі адмахвалася, смеючыся. Відаць, сам лёс нас з Пецем звёў.
Я таксама ўсё жыццё працавала ў Падольскім лясніцтве: спачатку ў піларамным цэху, потым – конюхам, але па стане здароўя прыйшлося адмовіцца ад работы. Зараз на пенсіі. Справу дзеда Міхася працягваюць нашы дзеці – Косця і Саша.
Лес – гэта тое, што больш за ўсё на свеце любяць мужчыны нашага роду. Для дзядулі, таты, мужа і, бачу, што для сыноў, – ён на першым месцы.
disko1.jpg
disko3.jpg
disko4.jpg
Расказвае Пётр Іванавіч:
– Нарадзіўся я ў Бержалатах, што на Пастаўшчыне. Да самых хат падступаў лес, а землі ў нас былі гліністыя, забалочаныя. Помню, як тата браў ружжо і ішоў на паляванне. А я ціхенька, як зайчык, – следам. Каб дазнаўся ён пра маё свавольства, даў бы бізуна. Можна сказаць, што я гадаваўся пры лесе і з дзяцінства ведаў, што буду лесніком.
Адвучыўся ў Полацкім лясным тэхнікуме і ў 1969 годзе прыйшоў у Крэўскае лясніцтва Смаргонскага лясгаса. Папрацаваў дваццаць дзён – і забралі ў армію. Калі вярнуўся ў лясніцтва, маё месца ўжо было занятае. Знаёмы параіў ехаць на Астравеччыну, якую ён назваў некранутым лясным краем. Падкупілі мяне гэтыя словы.
У 1974 годзе я прыехаў у Астравецкі раён. Мяне накіравалі ў Міхалішкаўскае лясніцтва, а  праз некалькі дзён дырэктар лясгаса Уладзімір Міхайлавіч Дашкевіч выклікаў да сябе: «Іванавіч, можа, у Падольцы паедзеш? Лясніцтва там новае. Патрэбны спецыялісты». А мне якая розніца, куды ехаць? Абы работа была. 
За мной замацавалі вялізны ўчастак. Па шаснаццаць кіламетраў даводзілася абыходзіць пешшу. Потым Буйкі перадалі іншаму майстру – стала крыху лягчэй. Ляснічы Альберт Міхайлавіч Зданоўскі, мой будучы цесць, з майстраў лесу перавёў мяне ў памочнікі ляснічага. Два гады працаваў ляснічым – было гэта напачатку 90-х. У канторы – толькі я і бухгалтар, з дакументамі – завал. Прасіў, каб прыслалі маладога талковага спецыяліста, які стаў бы ляснічым і прывёў бы ў парадак дакументацыю. Прыслалі – а я ізноў перайшоў у леснікі. Акрамя асноўных абавязкаў, мы нарыхтоўвалі пупышкі бярозы і сасны, зімой па тысячы мётлаў вязалі, летам рабілі венікі для лазні… 
Але найбольш душа ляжала да палявання. Раней усё проста было – справядліва. Гэта не цяпер: прыборы начнога бачання, іншыя «цацкі»… Высыплюць мяшок кукурузы і чакаюць, пакуль выйдзе звер. І якое гэта паляванне, калі з заплюшчанымі вачыма ў жывёліну можна пацэліць?
Ва ўсе часы галоўная задача лесавода – захоўваць і прымнажаць лясы. У маі 1969 года літаральна за дзве гадзіны агонь вынішчыў 200 гектараў лесу – а яго ж трэба аднаўляць! Раней пры кожным лясніцтве былі невялікія гадавальнікі. На штык лапаты выкопвалі яміну, у якую утрамбоўвалі снег. Затым засыпалі салому ці пілавінне, клалі туды сеянцы сасны ці елкі і рабілі навес. Таксама дрэўцы прыкопвалі. За два гады аднавілі асноўныя плошчы гарэльніку 69-га. Жанчын арганізоўвалі на праполку лясных насаджэнняў. Не паверыце – чарга выстройвалася! Гэта была самая прыбытковая работа для мясцовых.
…Усё маё жыццё прайшло ў лесе. Толькі падумаць: у Падольскім лясніцтве я адпрацаваў 45 гадоў! 
Лес – гэта маё жыццё. У свой час мог застацца ў гора­дзе: прапаноўвалі працаваць інжынерам па азеляненні ў Рызе, кватэру абяцалі… Не шкадую, што не згадзіўся. Я не здрадзіў лесу, а значыць – і сабе.
disko5.jpg
Расказвае Аляксандр Іванавіч:
– З дзяцінства ведаў, што буду лесніком. Вось толькі вучыцца са школы не хацеў. Маці з бацькам павезлі  мяне падаваць дакументы ў Полацкі тэхнікум. Калі даведаўся, што не прайшоў – узрадаваўся. Не люблю я сядзець за партай! А вось лес – гэта маё.
 З 1999 года працую лесніком у Падольскім лясніцтве. З жонкай, якая да дэкрэтнага адпачынку таксама працавала ў лясніцтве, гадуем двух дачок – Люду і Сашу.
Лес – гэта мая работа. 

disko2.jpg
Расказвае Канстанцін Пятровіч:
– У лясніцтве я выгадаваўся. Калі адкрываю сямейны альбом, то на ўсіх фотаздымках – я побач з татам і леснікамі. 
Ніякай іншай сферы дзейнасці, акрамя лясной гаспадаркі, для сябе не бачыў. Пасля 9 класа паступіў у Камарова, бацькі не пусцілі ў Полацк – далёка. Уся група праходзіла практыку ў калгасах, а я – у лясніцтве. Пасля ўзяў у Астравецкім лясгасе мэтавае накіраванне ў Полацкі лясны каледж. Адвучыўся – і з 1 красавіка 2009 года стаў працаваць майстрам лесу ў Падольскім лясніцтве, дзе пачыналі працаваць і дзед, і бацька. Вырашыў: патрэбна вышэйшая адукацыя – паступіў на завочнае аддзяленне лесагаспадарчага факультэта БГТУ імя Кірава. Калі з сябрамі прыязджалі на сесіі, то размовы былі толькі пра тое, колькі пасадзілі лесу, колькі пажараў патушылі, як караед сябе паводзіць. (Усміхаецца)
А 1 студзеня 2014 года мяне пры­значылі ляснічым Падольскага ляс­ніцтва. У маім падначаленні 20 чалавек. Лясы займаюць 8 205 гектараў. Фронт работ, як і ва ўсіх лясніцтвах, вялікі. Штогод садзіць лес нам дапамагаюць школьнікі. З дзяцінства трэба прывіваць любоў да ўсяго жывога: калі гэта прышчэпка зроблена своечасова, то дзіця ніколі не будзе выкідваць смецце ў лесе…
Лес – гэта жыццё, спакой і гармонія. 
Лесам я жыву і дыхаю. 
disko6.jpg

 Алена ГАНУЛІЧ, фота аўтара.



Текст:
Фото: Алена Гануліч