Намалявалі партрэт Адама Мальдзіса – і трапілі на выставу

13:26 / 20.10.2017
У  верасні ў Нацыянальным цэнтры мастацкай творчасці дзяцей і моладзі адкрылася выстава лепшых работ па выніках рэспубліканскага конкурсу дзіцячага малюнка “PRO навуку”, прысвечанага Году навукі.

– Дэвіз конкурсу “Шлях да навукі праз мастацтва” паспрыяў таму, што ўдзельнікаў было шмат. На заключны, рэспубліканскі, этап конкурсу было прадстаўлена каля 700 работ з 224 устаноў адукацыі краіны, –  расказала намеснік дырэктара Гудагайскай сярэдняй школы Жанна Леанардаўна Янцэвіч. – Лепшыя творы былі  адабраны для выставы.  Сярод іх і наш малюнак.

IMG_20170519_080936.jpg


Вучаніца 7 класа Вікторыя Гук  пад кіраўніцтвам намесніка дырэктара па выхаваўчай рабоце Алены Уладзіміраўны Шымковіч напісала партрэт нашага знакамітага земляка Адама Мальдзіса. Гэта работа стала ўдзельнікам выставы ў намінацыі “Імёны”, а  Вікторыя Гук  была адзначана Дыпломам ІІІ ступені.  

Пераможцаў конкурсу, якія 10 кастрычніка прыехалі ў Мінск з розных рэгіёнаў краіны на закрыццё выставы, чакала шмат запамінальных момантаў.

– На святочнае мерапрыемства было запрошана 78 школьнікаў з усёй Беларусі. Усе яны, гэтаксама як і наша Вікторыя,  былі ўзнагароджаны дыпломамі, –  расказвае намеснік дырэктра па выхаваўчай рабоце Гудагайскай СШ Алена Уладзіміраўна Шымковіч. –  Уразіла ўсё: і святочны канцэрт, і экскурсіі, якія былі арганізаваны для ўдзельнікаў мерапрыемства.

IMG_5016.jpg

– Самым цікавым момантам гэтага дня стала наведванне інстытута фізікі Акадэміі навук,  дзеліцца Вікторыя Гук. –  Нас пазнаёмілі з дзейнасцю вучоных і расказалі шмат цікавага – напрыклад, як адрозніць сапраўдную   карціну ад  падробленай.

Лепшыя работы конкурсу можна ўбачыць на сайтах Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі і савета маладых вучоных Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.


Алена СВЕТЛАЯ.






Текст: