Гонар раёна: трактарыст-машыніст Віктар Мундуць
08:56 / 18.09.2019
Каб больш даведацца пра гэтага механізатара, мы задалі Віктару Ігнацьевічу пяць пытанняў аб галоўным.
1. Ці справядлівае выказванне: восень – работ восем?
– Для хлебароба і сапраўды самая напружаная пара – восень: здаецца, толькі сабраў ураджай – а ўжо ізноў трэба сеяць.
У сельскай гаспадарцы работы хапае круглы год. Цяпер працую на пагрузчыку «Амкадор-332». Летам на зернескладзе загружаю збожжа, восенню скірдую салому, зімой заняты на абслугоўванні ферм.
2. Кім вы марылі стаць у дзяцінстве?
– Мы былі больш прыземленыя, чым сучасная моладзь: простаму вясковаму хлопцу была адна дарога – у трактарысты. Я – не выключэнне. Нарадзіўся ў Літвянах у звычайнай сям’і: бацька працаваў жывёлаводам на ферме, маці хадзіла на палявыя работы. У бацькоў быў адзіным дзіцем. Сумна было на хутары – дзіцячых садкоў у той час не было. Вучыўся ў Кямелішкаўскай сярэдняй школе, там і атрымаў «корачкі» механізатара – два разы на тыдзень праходзілі заняткі ў вучэбна-вытворчым камбінаце. Пасля школы летам працаваў памочнікам камбайнера, потым перасеў на трактар.
А ў 1978 годзе мяне забралі ў армію. Служыў у танкавых войсках. Ці складана кіраваць танкам? Ды не – там гідраўліка, рычагі. Праўда, спачатку дыскамфортна сябе адчуваў у замкнёнай прасторы, але чалавек да ўсяго хутка прывыкае.
3. Ваш дом – ваша крэпасць?
– Сям’я – гэта маё ўсё. Мне вельмі пашанцавала з другой палавінкай: Ніна – цудоўная жонка, клапатлівая маці і любячая бабуля. У нас трое дзяцей і чацвёра ўнукаў. Мы пазнаёміліся на танцах у Рытані. Я тады толькі вярнуўся з арміі, а яна была загадчыцай клуба. Худзенькая ўсмешлівая дзяўчына адразу глянулася мне. Пасля танцаў праводзіў яе дадому – Ніна жыла ў Некрашунах. А недзе праз год пабраліся шлюбам. Здаецца, толькі ўчора гэта было – а пражылі разам, лічы, усё жыццё. Я ўдзячны лёсу, які ў свой час звёў нас.
Нарадзілі сына Вадзіма і дачку Наталлю. А потым, праз дзесяць гадоў, «знайшоўся» яшчэ адзін сынок – Лёша. Дачка вывучылася за медсястру, зараз жыве ў Смаргоні. Вадзім, хоць і скончыў Полацкі гандлёвы каледж і нават паспеў папрацаваць наладчыкам халадзільнага абсталявання, пайшоў маёй дарогай: працуе механізатарам ў нашым саўгасе. Лёша нядаўна атрымаў спецыяльнасць інжынера-праграміста ў адным са сталічных універсітэтаў.
Праўду кажуць, што ўнукаў любіш больш, чым дзяцей. Алега і Арцёма часта бачу – Вадзім з сям’ёй жыве ў Рытані. У госці прыязджаюць Кіра з Ягорам.
Няма нічога даражэйшага ў свеце, чым дзіцячы смех, калі ім напаўняецца наш дом – я самы шчаслівы чалавек ў свеце. Хлопчыкі цягнуцца да тэхнікі, любяць са мной праехаць на матаблоку. Калі выдаецца вольная хвілінка, абавязкова ідзём у лес. З імі я маладзею душой.
4. Уявіце, што вы – кіраўнік гаспадаркі. Што б змянілі?
– Усё ўпіраецца ў грошы. Калі «фінансы спяваюць рамансы», пра якое развіццё можа ісці размова? Каб да таго ж камбайна купіць запчастку, колькі малака і мяса трэба здаць дзяржаве! Праца селяніна павінна больш цаніцца.
А кіраўніком гаспадаркі сябе нават ўяўляць не буду – кожны павінен быць на сваім месцы.
5. Пра спаўненне якіх трох жаданняў вы папрасілі б у залатой рыбкі?
– Галоўнае, каб мае родныя і блізкія былі здаровымі – больш мне нічога не трэба. А яшчэ мару, каб нарэшце ў свеце спыніліся войны, каб дзеці не заставаліся сіротамі. Бог жа нас усіх па сваім вобразе і падабенстве стварыў – што табе больш трэба, чалавеча? Працуй, дзяцей гадуй – і жыві ў радасці.