Работники совхоза "Подольский" стремятся скорее убрать урожай

13:00 / 17.08.2015
Спакон вякоў жыццяўклад вёскі падпарадкоўваецца штодзённай працы ў полі. І як тут не круці – але яна корміць горад!

Люба-дорага глядзець як селянін, нягледзячы на тэхнічныя навінкі, сучасны сельскагаспадарчы аўтапарк і новаспечаныя, выпеставаныя навукай угнаенні, усё з той жа павагай і любоўю прыкладае свае рукі да матухны-зямелькі…

Нашы “начальнікі”, як па-просту называюць кіраўніцтва раёна вясковыя жыхары, таксама не сядзяць у душных кабінетах. Часта старшыню Астравецкага райвыканкама Адама Дзмітрыевіча Кавальку і яго намесніка, начальніка Упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Руслана Мікалаевіча Сачко можна знайсці, што называецца, “у полі” – хварэюць за уборку новага ўраджаю.

Працаўнікі саўгаса “Падольскі”, занятыя на ўборцы, кіруюцца ў сваёй працы адным: хутчэй і больш якасна убраць саспелы хлеб на саўгасных нівах.

Лета, здаецца, пачула просьбы хлебаробаў і спраўна запісалася ў паплечнікі аграрыяў. Такой спякотай хлебаробы раёна намалочваюць зерне вільготнасцю ў 16 працэнтаў (і гэта максімум). Збожжа – “даў Божа”, як кажуць не толькі камбайнеры і іх памочнікі, але і ўсе задзейнічаныя на ўборцы людзі – сёлета сыплецца 51,4 цэнтнераў з гектара. Небывалая для нашага раёна ўраджайнасць! У мінулым годзе хлебаробы збіралі на круг 44,7 цэнтнера з гектара.





Жніво-2015 спазнала сваіх герояў: першыя тысячнікі ўжо спраўна “прапісаліся” ў раёне! І не збіраюцца здаваць сваіх пазіцый: кожнаму хочацца намалаціць і “двойкі” з трыма нулямі…

А “падольскія” хлебаробы адмахваюцца, маўляў, не трэба нас фатаграфаваць: не трапілі ў калонку раённай газеты “Твае героі, жніво!” Аднак уборка вымяраецца не толькі намалочанымі, перавезенымі і дасушанымі тонамі – а ў першую чаргу людзьмі, якія да першай расы працуюць у полі, перавозяць збожжа, дасушваюць яго…






Як кажуць вадзіцелі, якія перавозяць збожжа ад ніў да сушылак, было б у саўгасе такіх жа чатыры экіпажы, як камбайнер і яго памочнік – дарэчы, зяць і цесць – Дзмітрый Іосіфавіч Шэша і Міхаіл Іосіфавіч Козел – тэхнікі больш не трэба.


Вадзіцель трактара з прычэпам Леанід Мечыслававіч Юргелянец сакрушаўся: вось прыехалі б раённыя карэспандэнты на дзень раней – цалкам апраўдана можна было б фатаграфаваць і змяшчаць у газету! Пакуль матэрыял рыхтаваўся да друку, вадзіцель апярэдзіў сваіх калег, якія працуюць на МАЗах, і першым у  саўгасе перавёз тысячу зерня.





І іх – герояў жніва: камбайнераў і памочнікаў, вадзіцеляў, аператараў сушылак, аграномаў, брыгадзіраў участкаў, насенняводаў, дыспетчараў, бухгалтараў, повараў і іншых – дзясяткі… Ад штодзённай працы гэтых людзей залежыць наш УСЕАГУЛЬНЫ хлеб…


Ім, я маю на ўвазе – зернем, цалкам апякуюцца на сушыльных комплексах. Толькі ў саўгасе “Падольскі” іх працуе пяць. Як кажуць самі работнікі: “Зерне сыплецца, што трэба! Амаль не патрабуе дасушкі”.

– Загрузка нашай сушылкі “ЛідАрай” складае 65 тон, – расказвае рабочая зернесклада Святлана Віктараўна Яхімовіч. – Пры добрых умовах, як, напрыклад, зараз, робім да двух загрузак за суткі. З поля прывозяць зерне вільготнасцю да 16 працэнтаў. Калі яно ідзе на насенне, то па нормах дасушваем яго да 12 працэнтаў. Тое зерне, якое трапляе ў дзяржаўныя засекі, патрабуе іншай вільготнасці – да 14 працэнтаў.

Мне падабаецца мая работа. Калектыў добры: летам нам дапамагаюць студэнты. Сама восем гадоў тут працую. І не шкадую! Няма больш прыемнага паху ў свеце, чым пах збожжа… Яно ж не толькі хлебам пахне – і рукамі камбайнераў; і пільнасцю вадзіцеляў, якія яго прывозяць; і шчырасцю работнікаў зернесушылак, якія даводзяць збожжа да патрэбнай кандыцыі; і ўрадлівай зямелькай – нашай, агульнай, бацькоўскай…

Нягледзячы на ўборку зерневых і зернебабовых у саўгасе “Падольскі” на парадку дня застаецца і “блакітнавокі”. Тым больш што саўгас – адзіная ў раёне гаспадарка, якая займаецца яго вырошчваннем. Па стане на 13 жніўня, ён выцераблены на 264 гектарах.

Праз колькі месяцаў і лён, як і збажына, дачакаецца сваёй чаргі. А пакуль працаўнікі саўгаса “Падольскі” шчыра ўбіраюць залатыя зярняткі новага ўраджаю.





Па стане на 13 жніўня ў саўгасе “Падольскі” ўбрана 42 працэнта ніў. Валавы намалот складае 4 862 тоны, а ўраджайнасць – 40,7 цэнтнераў з гектара. Ячмень даў 40,7 цэнтнераў з гектара. З пшаніцай саўгасныя аграрыі справіліся на 78 працэнтаў. Яе ўраджайнасць склала 42 цэнтнеры з гектара. Трыцікале, якое ўбрана на 3 працэнты ад яго агульнай плошчы, урадзіла на 40 цэнтнераў з гектара, а рапс (убрана 100 працэнтаў) – на 21,8 цэнтнераў з гектара.


Часлаў Станіслававіч Селікоўскі падвозіць абеды






Камбайнерскі тандэм: Дзмітрый Іосіфавіч Шэша і Міхаіл Іосіфавіч Козел

Камбайнерскі тандэм: Віталь Антонавіч Пляўга і Іван Часлававіч Аўгуль






------------------------------------------

Тэкст і фота Алены ГАНУЛІЧ.