Землеробы СПК "Подольский" живут в режиме жатвы

09:00 / 04.08.2014




Спёка… Духата… Не прадыхнуць… Зноў агарод паліваць прыйдзецца… Ну дзе ты, дождж?!..
А жнеяры моляцца: “Ну пратрымайся, цётухна спёка, яшчэ хоць тыдзень. А лепш – два. Дай убраць ураджай. Бачыш, якія густакалосныя сёлета нівы? Чуеш, як грукочуць буйныя зярняты, напаўняючы кузавы самазвалаў? Збожжа – яно ж ад слова “Божа” паходзіць, бо Богам дадзена!”

Земляробы жывуць у рэжыме жніва.
– Які ў мяне графік работы? – перапытвае галоўны аграном саўгаса “Падольскі”, самы вопытны тэхнолаг палёў раёна Раман Эдмундавіч Лапата. – Прачнуўся раніцай – на працу. Вярнуўся дадому апоўначы – праваліўся ў сон. І ўвесь графік. Ды не я адзін – падчас уборкі ўсе так жывуць.
Аграному, напэўна, больш чым каму іншаму трэба быць і стратэгам, і тактыкам. Стратэгія – у зімовым прадбачлівым складанні севазвароту, тактыка – у своечасовым дробным унясенні “мінералкі”, у дакладнасці тэрмінаў праполкі… А на жніве ад яго таленту тактыка і, калі хочаце, усюдыіснасці залежыць канчатковы вынік. З раніцы і па вечарах у “Падольскім” камбайны працуюць на азімых культурах, у спёку – малоцяць ячмень…



– Саўгасны камбайнавы парк складаецца з шаснаццаці ўборачных агрэгатаў, – гаворыць Раман Эдмундавіч. – Ён разбіты на два звяны, у адно з якіх мы аб’ядналі больш магутныя КЗС, а ў другое – “Ліды”, з якімі, як вядома, у камбайнераў існуе нямала праблем. Лічу, што выпуск камбайнаў “Ліда” трэба спыняць – яны не адпавядаюць патрабаванням часу. Стаўку трэба рабіць на КЗС. У прынцыпе гэтыя камбайны – прамыя нашчадкі “Донаў”. Хаця сіла, магутнасць, прастата абслугоўвання ў “Донаў” была на больш высокім узроўні. Затое ў КЗСаў – мікраклімат, камп’ютарнае абслугоўванне і іншыя “прыбамбасы”. Дарэчы, не заўсёды патрэбныя, таму што адрамантаваць іх пад сілу далёка не кожнаму камбайнеру.



На сёлетнюю ўборку ў “Падольскім” выйшаў новы “лізінгавы” камбайн КЗС-12. Вось толькі пратрымаўся на ёй ён нядоўга: у першыя ж дні “занаравілася” электраабсталяванне, і цяпер адна надзея на фірмачоў-гарантыйшчыкаў, якія абяцаюць быць “заўтра”.
Па стану на 31 ліпеня з кожнага абмалочанага гектара ў саўгасе “Падольскі” збіраюць у сярэднім па 37,8 цэнтнера.
– Па ўраджайнасці мы на апошнім месцы ў раёне, – хмурацца камбайнеры. – Чыталі ўчора ў “Астравецкай праўдзе”.
– Не забывайце, што летась на гэтую ж дату мы намалочвалі на 10 цэнтнераў менш, – адказвае ім аграном.



І тлумачыць мне: – Некалі старшыня СВК “Страча” Валерый Руновіч выказваў ідэю аб’яднання ў асобны рэгіён завілейскіх земляў: Паставы, Нарач, кавалак Астравеччыны на паўночным беразе Віліі… Лічу, што ў гэтым было рацыянальнае зерне: у нас, “завілейцаў”, іншыя землі, іншыя ўмовы працы, нават клімат з асаблівасцямі…



Яравыя збожжавыя культуры, па словах Рамана Эдмундавіча, сёлета нядрэнна ўрадзілі – на асобных участках ячмень дае па 45-47 цэнтнераў з гектара. А вось азімыя “падкачалі”…
– Не бачыць нам нармальнай ураджайнасці, пакуль не адмовімся ад вырошчвання азімых культур, – гавораць камбайнеры.
– А вы падумалі, ці зможам мы ў аптымальныя тэрміны пасеяць вясной дадатковых паўтысячы гектараў яравых збожжавых? – парыруе галоўны аграном. – І потым, канчатковы вынік у зоне рызыкоўнага земляробства прадказаць немагчыма: у засушлівыя гады нас не раз ратавалі менавіта азімыя культуры…



Размова адбываецца падчас перапынку на абед (меню падглядвала, аблізваючыся: халаднік, шчодра запраўлены смятанкай, вялізныя, з добры лапаць, галубцы і кампот). І няма ў гэтай спрэчцы механізатараў з тэхнолагам палёў нават намёку на канфрантацыю – ёсць агульнае жаданне дабіцца большага. І творчы сплаў эмацыйнай мары камбайнераў аб імгненным поспеху з вопытнасцю і высокім прафесіяналізмам агранома, для якога сёлетняе жніво – 33-яе, “мудрае”, абавязкова прынясе плён…














Тэкст і фота Ганны ЧАКУР.