На полях Островетчины убирают рапс и первые участки ячменя

08:00 / 23.07.2014
Спякотнае сонца залоціць нівы не па днях, а па гадзінах: яшчэ дзень-два – і жніво запрацуе на ўсю магутнасць свайго камбайнавага парка. А пакуль ідзе, так бы мовіць, разведка боем: па меры даспявання абмалочваюцца рапс і першыя ўчасткі ячменю.






– У гаспадарках раёна маецца 83 камбайны, – гаворыць галоўны інжынер упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Уладзімір Іосіфавіч Раманоўскі. – Практычна ўсе яны гатовы выйсці ў поле – у чаканні патрэбных запчастак стаіць на мехдвары СВК “Варняны” адзіны “Джон Дзір”. Думаю, варта адзначыць, што ў параўнанні з мінулым годам сёлета ўборачная тэхніка падрыхтавана да работы лепш.
– Нагрузка на камбайн, – працягвае ён, – складае 230 гектараў – у межах нарматыўнага вызначэння. Абмалаціць такую плошчу сучаснаму ўборачнаму агрэгату цалкам па сілах. Тым больш, што літаральна на днях у раёна прыбудуць яшчэ чатыры камбайны КЗС 12-18: два – у саўгас “Падольскі” і па аднаму – у СВК “Міхалішкі” і СВК “Гервяты”.



Не выклікае трывог у інжынернай службы і сітуацыя з падрыхтоўкай сушыльнай гаспадаркі: усе 35 сушылак не проста гатовы да прыёму зерня новага ўраджаю, а ўжо прыступілі да дапрацоўкі першых намалочаных у раёне двух з паловай тысяч тон шматгадовых траў, ячменю, рапсу.
Але асноўная плошча ячменю яшчэ на падыходзе: яго каласы толькі ўваходзяць у фазу поўнай васковай спеласці. Пакуль пры агульнай плошчы ў 5180 гектараў абмалочаны першыя 527. І атрыманая пры гэтым ураджайнасць надае аптымізму: на круг сабрана па 46,7 цэнтнера з гектара.



Зараз ў цэнтры жніва – азімы рапс. Плошча яго вырошчвання складае 1400 гектараў, 938 з якіх ужо абмалочаны (47 гектараў). Валавы намалот складае 2942 тоны, сярэдняя ўраджайнасць – 31,4 цэнтнера з гектара. А рапсаводы СВК “Гудагай” збіраюць з кожнага гектара ажно па 37 цэнтнераў – для нашага паўночнага рэгіёна гэта рэкордная лічба!
– Рапс – выгадная культура, – патлумачыў галоўны дзяржаўны інспектар па нарыхтоўцы сельскагаспадарчай прадукцыі Аляксандр Віктаравіч Шчука. – Яго закупачная цана складае 3500 рублёў за кілаграм, а кілаграм харчовага ячменю – 1400, і нават пшаніцы ІІІ класа – 2100 рублёў. Таму гаспадаркі актыўна займаюцца рапсам. І літаральна з першых дзён уборкі прыступілі да выканання дзяржзаказу. Хаця сёлета з гэтым існуюць праблемы: з-за таго, што гаспадаркам нашых трох паўночных раёнаў вызначана агульнае месца здачы крыжакветкавага – Смаргонскі прыёмны пункт, там стварыліся вялікія чэргі. Машыны загружаюцца рапсам з вечара і чакаюць магчымасці трапіць на адзіны пад’ёмнік пункта па 5-6 і больш гадзін, паспяваючы зрабіць за суткі толькі адзін рэйс. Тым не менш, наш раён ужо паставіў перапрацоўшчыкам 450 тон рапсу: “Гудагай” – 74, “Варняны” – 255, “Гервяты” – 10, “Міхалішкі” – 130 тон.



У вырашэнні транспартных праблем сялянам дапамагаюць гараджане: сельгастэхніка і аўтапарк № 4 “дэлегіравалі” грузавікі на час ўборкі на вёску.
– Быў створаны спецыяльны графік, у адпаведнасці з якім прадпрыемствы райцэнтра выдзяляюць грузавы транспарт на жніво, – гаворыць Уладзімір Іосіфавіч Раманоўскі. – І не толькі сельгастэхніка і аўтапарк – прадпрыемства жыллёва-камунальнай гаспадаркі і МПМК-158 таксама знайшлі магчымасць паўдзельнічаць у ўборцы, накіраваўшы на вёску адпаведна дзве і адну машыны. “Шэфскія” аўтамабілі выкарыстоўваюцца, галоўным чынам, для для перавозкі зерня да нарыхтоўчых пунктаў. У выпадках, калі такія паслугі не запатрабаваны, машыны задзейнічаны на прыскладской тэрыторыі. Хаця гаварыць, што транспартнае пытанне на жніве поўнасцю вырашана, пакуль ранавата…



Гэтак жа ранавата сцвярджаць, што знята праблема забяспечанасці гаруча-змазачнымі матэрыяламі. Прастояў з-за іх недахопу няма, але і грунтоўнымі запасамі пахваліцца не выпадае.
– Літаральна на днях будзе адкрыта крэдытная лінія на набыццё гаруча-змазачных матэрыялаў, – тлумачыць эканаміст па раслінаводству райсельгасхарчу Галіна Іосіфаўна Мілэйша. – Для гэтай мэты нашаму раёну выдзелена каля двух мільярдаў рублёў.



…Жніво пачалося. Але да так званага “масавага” пакуль не дарасло. Ёсць яшчэ невялічкі запас часу для шліфоўкі некаторых нюансаў у яго арганізацыі. І выкарыстаць гэты час трэба з максімальнай карысцю.

-----------------------------------------
Тэкст і фота Ганны ЧАКУР.