На Островетчине стартовала жатва

10:00 / 19.07.2014
Ураджай на палях вырас адметны – гэта бачна і неспецыялісту. Але непагадзь сцёбае па ім плёткамі маланкі, гне долу парывамі ветру, як цвікамі, прыбівае да зямлі цяжкімі струменямі дажджоў “як з вядра”. Не вытрымліваюць каласы такой масіраванай атакі – скараюцца ёй на водкуп. І колькасць палеглых плямін на ніве ўсё разрастаецца. Таму і трывожацца земляробы, таму так старанна вышукваюць светлыя прагаліны ў чорным навальнічным небе і ў спадзяванні натрапіць на “без ападкаў, ясна” бамбардзіруюць сайты метэапрагнозаў.

– На сёлетняй уборцы гатоўнасць тэхнікі будзе мець асабліва важнае значэнне, – лічыць старшыня райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Мікалай Грыцкевіч. – Раз’яснілася неба, падсохла поле – і трэба накіроўваць на яго ўвесь наяўны камбайнавы парк. І каб ніякіх паломак. Каб паспець “вырваць” у дажджоў максімальна магчымыя тоны новага хлеба.
– Традыцыйна мы пачынаем уборку з абмалоту насеннікаў шматгадовых траў, – расказвае старшыня СВК “Варняны” Аляксандр Грымбоўскі. – А сёлета нашы камбайны выйшлі адначасова на травы, азімы рапс і ячмень. Рапсавае поле ў нас вялікае: 600 гектараў – за раз не схопіш. Таму шукаем даспеўшыя ўчасткі і праводзім іх так званую выбарачную ўборку.






– Вільготнасць рапсу, які абмалочваем сёння – 21 працэнт, – уступае ў размову галоўны аграном гаспадаркі Аляксандр Герасім. – Гэта цалкам задавальняючая лічба. Тым больш, што ўся сушыльная гаспадарка нашага сельгаскааператыва ўжо знаходзіцца ў поўнай баявой гатоўнасці: і дзве магутныя “ЛідАрай”, і лідская сушылка на дрывах, і італьянская “Кант-24” на пячным паліве. Малаціць “у кучы” на адкрытых пляцоўках не рызыкуем – надвор’е трымае нас “на прывязі”.
Рапсавае поле ўражвае: густы лес добра развітых раслін са шматлікімі буйнымі стручкамі. Ураджайнасць – каля 30 цэнтнераў з гектара. Для рапсу гэта – як для збожжа 60. Калі ўраджайнасць застанецца на такім узроўні, гаспадарка атрымае ў чыстым выглядзе добрых паўтары тысячы тон дорагакаштуючага насення.



– Даведзены нам план здачы рапсу складае 300 тон, – гаворыць старшыня гаспадаркі. – Дарэчы, сёння мы ўжо прыступілі да яго выканання – адправілі першыя дзве машыны на хлебапрыёмныя пункты. Спадзяёмся, што рэалізаваўшы насенне рапсу, разлічымся за набытыя ў крэдыт ядахімікаты і закрыем некаторыя надзённыя праблемы.
У структуры збожжавых культур асаблівае месца варнянцы адводзяць ячменю.
– Ён вырошчваецца ў нас на плошчы 1500 гектараў, – працягвае Аляксандр Паўлавіч. – Таксама за дзень не схопіш. Тым больш, што ў сэнсе ўборкі ячмень – капрызная культура: спазніўся з абмалотам – “прафукаў” ураджай. Вучоныя сцвярджаюць, што кожны сур’ёзны дождж пасля даспявання ячменю зніжае яго ўраджайнасць на два цэнтнеры. Ды пераспелае ячменнае поле наогул сумнае відовішча: глядзіш на апушчаныя каласы – і амаль фізічна адчуваеш, як з зерня ў карані ідзе адток пажыўных рэчываў…
Участак ячменю, які ў гаспадарцы абмалацілі першым, парадаваў: даў на круг па 54 цэнтнеры з гектара.
– Гэта беларускі сорт “бацька”, першая рэпрадукцыя, – каменціруе галоўны аграном. – Добра зарэкамендаваў сябе – варта пакінуць на насенне.
Усяго ў СВК “Варняны” на сёлетнім жніве будзе працаваць 20 збожжаўборачных камбайнаў. Усе яны старанна адрэмантаваны і гатовы да выхаду ў поле.
Нагрузка на адзін уборачны агрэгат складае 285 гектараў. Нямала, але сучаснай тэхніцы, з якой складаецца варнянскі механізаваны парк – цалкам “па зубах”. Асабліва з улікам таго, што арганізацыйная палітыка жніва-2014 загадзя старанна прадумана: арганізавана двухразовае харчаванне жнеяроў, сушыльшчыкаў і іншых работнікаў, задзейнічаных на ўборцы; распрацавана і даведзена да кожнага экіпажа, вадзіцеля, аператара сушылкі сістэма аплаты і заахвочвання; вядзецца дакладны ўлік намалочанага, перавезенага, высушанага – вынікі заносяцца на спецыяльны “экран” штодня.



Для аператыўнасці і мабільнасці камбайнавы парк разбіты на тры звяны, кожнае з якіх працуе на вызначанай культуры: рапс, ячмень, насеннікі траў.
– І гэта не прыхамаць, – гаворыць старшыня гаспадаркі. – Для абмалоту рапсу патрэбна дадатковае прыстасаванне на жатку – не перастаўляць жа яго кожны дзень. Рапс у сэнсе ўборкі наогул складаная культура – яго сцябліна не высыхае да канца, таму чысціць камбайн трэба некалькі разоў за дзень. Гэты момант, дарэчы, мы ўлічылі пры вызначэнні дзённай нормы выпрацоўкі і пры аплаце.



Усё прадумана. Усё спланавана. Усё, нават верагодны ўраджай, папярэдне “прыкінута” і падлічана. А спакою на сэрцы ў аграрнікаў няма: толькі б не падкінула непатрэбных сюрпрызаў “зона рызыкоўнага земляробства”.

----------------------------------------
Тэкст і фота Ганны ЧАКУР.