Кипит работа на полях совхоза "Подольский"

11:00 / 24.06.2014




Увайшлі ў смак касавіцы – інакш пра корманарыхтоўшчыкаў саўгаса “Падольскі” і не скажаш. Такі рух на саўгасных лугах, што люба-дорага глянуць: адны косяць, другія варушаць, трэція ў валкі зграбаюць, чацвёртыя падбіраюць, здрабняюць і загружаюць у самазвалы, пятыя “цюкуюць” падвяленыя травы ў сянажныя, пакрытыя белай плёнкай “катышкі”, шостыя сухую траву зварочваюць у акуратныя рулоны…






Спяшаюцца, бо тэрміны правядзення першага ўкосу вось-вось закончацца і перастаяўшыя травы агрубеюць, падсохнуць, як кажуць у народзе, стануць “дротам” – карысці ад кармоў, прыгатаваных з такіх траў, няшмат. Спяшаюцца, хоць першы ўкос у саўгасе фактычна завяршаецца: па стану на 17 чэрвеня косы паспелі прагуляцца па 98 працэнтах сенакосаў гаспадаркі.






200 тон старанна высушаных траў сталі далікатэсам для ўсіх узроставых груп грамадскага статка – водарным сенам. Яшчэ сем тысяч тон трапілі ў сянажныя ямы. Асобным “радком”, бадай, не менш запатрабаваным і паядаемым, чым сена, у рацыёне жывёлы з’яўляецца сянаж у закрытых рулонах. Як расказаў галоўны (і адзіны ў саўгасе) абмотчык сянажных рулонаў механізатар Леанід Здзіслававіч Рован, такога віду корму ў “Падольскім” нарыхтавана 360 рулонаў. З улікам таго, што кожны з іх важыць у сярэднім каля 800 кілаграмаў, няцяжка падлічыць, што падобным чынам закансервавана яшчэ каля трох тысяч тон сенажу.
Кіпіць работа і на сянажных ямах, дзе працэсам трамбоўкі займаюцца механізатары Генрых Яраслававіч Нарэйка і Пётр Часлававіч Заянчкоўскі.
– Трамбоўка павінна ісці кругласутачна, – расказалі яны. – Інакш якасць сенажу атрымаецца невысокай. Таму ў гаспадарцы складзены спецыяльны графік, у адпаведнасці з якім мы працуем пазменна. Гэта ўжо сёмая сянажная траншэя, і пакуль да якасці трамбоўкі – як, зрэшты, і да якасці сенажу наогул – прэтэнзій не было. А кантроль за працэсам наладжаны самы строгі.











Калі пры транспарціроўцы поліэтыленавая абалонка парушаецца, за справу бярэцца Аляксей Аляксандравіч Шаблінскі – ён “цыруе” пашкоджаныя рулоны якасна і хутка

Пасля скошвання і ўборкі траў саўгасныя палеткі падкормліваюцца мінеральнымі ўгнаеннямі з такім разлікам, каб як мага хутчэй атрымаць грунтоўную атаву – кармоў на перыяд зімоўкі не бывае зашмат. А калі і здарыцца часам такая прыемнасць, то няхай лішак застанецца ў ямах у статусе “пераходзячага запасу”. Тым больш што дойны статак малочна-таварнага комплексу “Рытань” не выганяецца на выпас – круглы год каровы атрымліваюць так званае аднатыпнае кармленне, у вясенне-летні час здобранае зялёнай масай “жывой” травы.


----------------------------------------
Тэкст і фота Ганны ЧАКУР.