По надоям животноводы района работают с "минусом"

10:00 / 17.06.2014
У вытворчасці малака Астравецкі раён займае сёмае месца ў вобласці. Вынік нібыта і нядрэнны, але жывёлаводаў раёна ён яўна не задавальняе,  таму што ў атрыманні надояў яны працуюць з “мінусам”.
Патлумачыць сітуацыю мы папрасілі першага намесніка начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Валянціна Часлававіча ДАЛГОВІЧА.

– Валянцін Часлававіч, давайце пачнём нашу размову з канкрэтных лічбаў.


– Што тычыцца валавой вытворчасці малака, то за пяць месяцаў бягучага года мы надаілі 20,2 тысячы тон малака, што складае 105 працэнтаў у  параўнанні з мінулым годам. Але гэты “плюс” носіць экстэнсіўны характар – ён атрыманы за кошт павелічэння пагалоўя грамадскага статка. У той час як сярэднераённы надой на карову ў параўнанні з мінулым годам зменшыўся на 62 кілаграмы і складае 2143 кілаграмы. Па сутнасці, плюсуе ў вытворчасці малака на карову толькі адна гаспадарка – СВК “Гудагай”, жывёлаводы якой надаілі 2434 кілаграмы малака (плюс 92). Усе астатнія  сельгаскааператывы і саўгас у гэтым накірунку працуюць з “мінусам”: у СВК “Гервяты” ў сярэднім на карову атрымана 2105 кілаграмаў (мінус 171),  у саўгасе “Падольскі” – 2103 (-66), СВК “Варняны” – 2064 (-52), СВК “Міхалішкі” – 1913 (-147).


Дзе карані гэтага “мінуса”?


– Іх шмат. Але галоўная прычына недаатрымання малака, лічу, крыецца ў нізкай эфектыўнасці выкарыстання пашы. Літаральна ўчора давялося  назіраць, як гурт СВК “Гервяты” пасвіўся на канюшыне, вышыня якой – па бруха каровам. Пра якое ўстрэчнае скошванне можа ісці размова? Яго там яўна не было. Сёння раніцай статак быў пераведзены на іншы ўчастак, але на ім не было вадапаення. “Не паспелі”, – патлумачылі жывёлаводы. Вось з гэтых “не паспелі”, “не заўважылі”, “не падумалі” і складваецца “мінус” у вытворчасці малака.


– Недабор малака ва ўмовах сёлетніх раскошных траў сапраўды выглядае недарэчна…


– Самі па сабе травы нядрэнныя, але сёння ў раёне практычна няма ніводнага ўчастка сучасных агратраў, у склад якіх павінны ўваходзіць не менш  як восем кампанентаў. Наша паша прадстаўлена адна- двух-, у лепшым выпадку трохкампанентным саставам траў. І гэта таксама адна з прычын  няўдач…


– Наколькі ведаю, на выпас пераведзены далёка не ўсе гурты ў раёне?


– Калі гаварыць пра малочна-таварныя фермы, то, акрамя фермы “Міцюны”, усе пераведзены на пашавае ўтрыманне. А на комплексах ганяюць на  пасьбу толькі сухастойных кароў – усе астатнія атрымліваюць зялёную масу ў якасці дабаўкі да звычайнага сянажна-сіласнага корму.


– Дык, можа, малочны “мінус” якраз і крыецца ў гэтым “негулянні” па росных лугах?


– А вы можаце сабе ўявіць памер пашы, якая спатрэбіцца для пастаяннага выпасу на ім сямі соцень кароў? І гэта ў непасрэднай блізкасці ад  комплекса… Нерэальная лічба…


– Які з малочна-таварных комплексаў лідзіруе ў вытворчасці малака?


– Адназначны лідар – МТК “Малі (кіраўнік – Л.М. Драцкая), на якім ад каровы ў сярэднім атрымліваюць 20 кілаграмаў малака, плюсуючы пры гэтым  два кілаграмы. А замыкае раённую малочную вытворчасць МТК “Маркуны” (С.І. Кісель) – 16 кілаграмаў (+300 грамаў). Недалёка “адышоўся” і МТК  “Газа” – 16,2 кілаграма. “Рымдзюны” атрымалі 16,7 (-2,2), “Германішкі” – 17,9 (-1,9).


Прычыны?


– Розныя. На МТК “Германішкі”, да прыкладу, існуюць праблемы з узнаўленнем: расцёлаў нашмат менш, чым у мінулым годзе. У “Рымдзюнах” – востры  дэфіцыт кадраў: няма ні пастаяннага тэхніка-асемянатара, ні заатэхніка-селекцыянера.
Хаця ёсць і агульная праблема – безгаспадарчасць. Нежаданне праявіць ініцыятыву, пасіўнае чаканне, пакуль “зверху” скажуць, што і як рабіць…


– Калі можна, Валянцін Часлававіч, абмалюйце сітуацыю ў мясной галіне жывёлагадоўлі…


– З пачатку года валавая прывага буйной рагатай жывёлы склала 2083 тоны, да ўзроўню папярэдняга года гэта толькі 94 працэнты. Трэба сказаць,  што СВК “Гудагай” спрацаваў на мінулагоднім узроўні, а СВК “Варняны” нават перавысіў яго на 6 працэнтаў. Але “мінус” нашага галоўнага “адкормачніка” – СВК “Гервяты” з яго васьмітысячным пагалоўем – звёў на “не” намаганні ўсяго раёна. Вытворчасць ялавічыны за 5 месяцаў 2014 года ў СВК “Гервяты” дасягнула толькі 87 працэнтаў ад узроўню 2013-га, а па выніках мая – наогул толькі 81 працэнт.
На вытворчасці ялавічыны – як, зрэшты, і малака – не можа не адбівацца мінулагодняя нізкая ўраджайнасць збожжавых культур, вынікам якой стала  недастатковая забяспечанасць канцэнтраванымі кармамі. Да таго ж, у асобных гаспадарках нізкая забяспечанасць травяністымі кармамі, ёсць пытанні і да іх якасці. Але сітуацыя магла б выглядаць нашмат лепш, калі б своечасова вырашаліся арганізацыйныя пытанні…


– Другое месца пасля нездавальняючай кармавой базы пры недаатрыманні жывёлагадоўчай прадукцыі часта адводзіцца праблемам, што ўзнікаюць ва  ўзнаўленні статка. Якая сітуацыя склалася ў раённай жывёлагадоўлі ў гэтым сэнсе?


– Пахваліцца не выпадае. Прыплод цялят у параўнанні з мінулым годам зменшыўся на 793 галавы. І гэта пры тым, што колькасць кароў вырасла  прыкладна на столькі ж. СВК “Гервяты” і “Варняны” ў гэтым сэнсе “застрэльшчыкі” з адзнакай “мінус”. Для прыкладу, расцёл асемянёных кароў у СВК “Гервяты” складае 58 працэнтаў. Прывагі на вырошчванні рамонтных цялушак складаюць тут 602 грамы, хоць павінны па нарматывах быць не ніжэй за 750 грамаў. І зусім не рэдкасць, што пакрываюцца цялушкі вагой 340 кілаграмаў замест абавязковых 400. Вынік: цяжкія роды, аслабленае цяля, якое ў будучыні не зможа стаць высокапрадукцыйнай жывёлінай. Як і яго занадта “легкаважная” маці – слабы родзіць слабага. Заганнае кола…


– Свінагадоўля раёна сёння прадстаўлена адзінай гаспадаркай – СВК “Варняны”. Яго вынікі – вынікі раёна?


– Так. За май сярэднясутачныя прывагі свіней у СВК “Варняны” склалі 562 грамы – гэта дзясяты вынік у вобласці. У варнянскай свінагадоўлі  назіраўся выразны спад, але сёння з упэўненасцю можна сказаць: справы пачалі наладжвацца. Не без дапамогі раёна, канешне.


– І апошняе, што таксама тычыцца свінагадоўлі. Сёння ад людзей, якія былі вымушаны адмовіцца ад прыватнага ўтрымання свіней, нярэдка можна  пачуць: “Знішчылі свіней – а потым аказалася, што ніякай чумы няма і не было. Затое цэны на свініну ўзляцелі!..”


– З нагоды “няма і не было”… Два тыдні таму пасля выяўлення чумы на ферме адной з гаспадарак Бераставіцкага раёна было знішчана чатыры тысячы  свіней. І літаральна сёння ў Гродна павезлі на аналіз пробы, узятыя са здохлай жывёлы ў Горшавічах і Страчы. Дай Бог, каб не пацвердзілася…
Пачалося лета: людзі сталі часцей наведвацца ў лес – гэта непазбежна пацягне за сабой новую хвалю афрыканскай чумы свіней. Таму прафілактыцы  распаўсюджання хваробы трэба надаваць асаблівую ўвагу.


----------------------------------------
Размову вяла Ганна ЧАКУР.