Зерно – в яму или новые технологии на Островетчине

20:00 / 18.07.2012

Інтэнсіўныя тэхналогіі ў сельскай гаспадарцы – гэта сістэма спосабаў і прыёмаў вытворчасці прадукцыі земляробства і жывёлагадоўлі, якая грунтуецца на комплексным прымяненні дасягненняў навукова-тэхнічнага прагрэсу і накіравана на больш поўнае выкарыстанне рэсурснага патэнцыялу – біякліматычнага і вытворча-эканамічнага.


Іншымі словамі, калі ў шматлікай калоне сельскагаспадарчых вытворцаў ты не хочаш быць замыкаючым, спяшайся ўкараняць у  практыку самыя свежыя дасягненні навукі.


– Сапраўды, без выкарыстання “знаходак” вучоных сёння адэкватныя рыначным вынікі не атрымаць, – гаворыць намеснік начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Марыя Іосіфаўна Бушмовіч. – У жывёлагадоўлі з кожным годам усё большае значэнне набывае забеспячэнне паўнацэннага і збалансаванага кармлення жывёлы, разлічанае на канкрэтную прадуктыўнасць і асаблівасці пароды, узросту і г.д. розных груп жывёлы. Мікраэлементы, харчовыя дабаўкі, новыя віды і спосабы нарыхтоўкі кармоў… Жывёлаводы раёна ў пастаянным пошуку.


Самая апошняя знаходка ў вытворчасці кармоў для грамадскага статка гаспадарак раёна Астравеччыны – нарыхтоўка зернесенажу. Першымі ў раёне новы від корму заклалі ў яму земляробы СВК “Гудагай”, за імі ўзяліся за нязвыклую справу іх калегі з СВК “Міхалішкі”.


Дык што ж гэта такое – зернесянаж?


–Гэта скашванне збожжавых культур (азімага трыцікале, азімай і яравой пшаніцы, ячменю) у фазе малочна-васковай спеласці зерня і закладка ўбранай масы ў сянажныя траншэі, – тлумачыць Марыя Іосіфаўна. – Даследаванні вучоных паказалі, што ўборка на зернесянаж, у параў-нанні з уборкай на зерне, павялічвае выхад кармавых адзінак на 10-15 працэнтаў і на 42 працэнты зніжае затраты на вытворчасць кожнай такой кармавой адзінкі. Пры гэтым збожжа не праходзіць скрозь сушылку, дзе ад высокай тэмпературы бялок каагуліруе і траціць значную частку сваіх пажыўных уласцівасцей. Да таго ж, клятчатка ў саломе зернесенажу прадстаўлена ў выглядзе геміцэлюлёзы, якая ў страўнікава-кішэчным тракце жывёлы ператраўляецца найлепш – да 80 працэнтаў.


Нарыхтоўка зернесенажу праводзіцца ў добрае надвор’е (без ападкаў), калі збожжа знаходзіцца ў фазе малочна-васковай спеласці – зерне параўнальна лёгка здаўліваецца ў пальцах і “рэжацца”  пазногцем. У гэты перыяд спеласці ва ўсёй вегетацыйнай масе зернефуражных культур утрымліваецца самая нізкая колькасць клятчаткі (18-25 працэнтаў) і павышаная колькасць крухмалу (20-28 працэнтаў). Іншымі словамі, нарыхтоўка зернефуражу ў фазе заканчэння малочна-васковай спеласці, пры ўмове выканання тэхналагічных патрабаванняў яго закладкі, забяспечвае грамадскі статак высокаякасным кормам з аптымальным утрыманнем сухога рэчыва і высокай засваяльнасцю зерня.


– Асноўнае патрабаванне – аптымальны тэрмін скашвання збожжавых культур, – удакладняе Марыя Іосіфаўна. – Агульная вільготнасць нарыхтоўваемай масы па-вінна вагацца ў межах 60-65 працэнтаў, а суадносіны паміж саломістай часткай і зерневым кампанентам у масе – складаць 50:50. Апошняе, дарэчы, не складана адрэгуляваць вышынёй зрэзу саломіны (15-20 сантыметраў).


Уборка на зернесянаж праводзіцца “прамым” камбайнаваннем (без папярэдняга падвяльвання), і маса адразу дастаўляецца ў траншэі. Даўжыня рэзкі  пры здрабненні павінна быць у межах 3,0 -7,0 сантыметраў – гэта забяспечыць паспяховую трамбоўку зернесенажу і павысіць паядаемасць корму жывёлай.


Трамбоўка павінна праводзіцца кругласутачна, каб папярэдзіць доступ кіслароду ў зернесянаж і папярэдзіць яго саманаграванне. Таму што павышэнне тэмпературы масы на 5 градусаў (пасля адзнакі 37 градусаў) зніжае засваяльнасць пратэіну на 5-9 градусаў, ад разагравання да 50-60 градусаў засваяльнасць змяншаецца ў два разы, а пры тэмпературы 70 градусаў пратэін наогул пераходзіць у незасваяльныя формы. Каб папярэдзіць падобныя з’явы, трэба наладзіць пастаянны кантроль за тэмпературай закладваемай масы – яе вымярэнні праводзяцца штодня не менш як у пяці месцах траншэі.


Адзін з галоўных фактараў атрымання якаснага зернесенажу – кароткі тэрмін яго закладкі. Яма павінна запаўняцца літаральна за два дні – ажыццявіць гэта на практыцы корманарыхтоўшчыкам адной гаспадаркі бывае няпроста. Таму на сумеснай нарадзе кіраўнікі сельскагаспадарчых прадпрыемстваў раёна падтрымалі ініцыятыву начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання А.У. Янчэўскага аб стварэнні аб’яднанага звяна па нарыхтоўцы зернефуражу, якое  будзе займацца закладкай новага віду корму па спецыяльна распрацаванаму графіку.


Першым аб’ектам выпрабавання “баяздольнасці” створанага працоўнага падраздзялення стаў СВК “Міхалішкі” – закладка зернефуражу вядзецца на малочна-таварным комплексе “Маркуны”.


– На новай ферме – новыя траншэі, ёмістасць кожнай з якой – каля трох тысяч тон, – каменціруе ход работ старшыня СВК “Міхалішкі” Аляксандр Іванавіч Чаплінскі. – Закласці такую за два дні нам самім сапраўды не па сілах, таму дапамога суседзяў вельмі дарэчы.


– Бачыце? – ён паказвае ў накірунку сянажнай ямы, па змесціву якой дзелавіта сноўдаюцца адразу тры вялізных трактары. – Трамбоўкай займаюцца тры энерга-ёмістых К-700: адзін – наш, другі – з саўгаса “Падольскі”, а трэці – з СВК “Гудагай”. Трамбоўка не спыняецца нават ноччу. На збожжавым полі працуюць чатыры здрабняльнікі (два нашы, і па аднаму з Падольцаў і з “Гудагая”). На перавозцы масы задзейнічаны восем магутных трактароў (два – з саўгаса “Падольскі”, шэсць – нашых), так што працэс паступлення зернесенажу да месца трамбоўкі ідзе практычна бесперапынна. Іншая справа – аптымальная фаза спеласці збожжа. На нашых пясчаных глебах ды пад спякотнымі промнямі сёлетняга ліпеня даспяванне адбываецца проста на вачах – учора пачыналі жаць участак трыцікале ў фазе малочна-васковай спеласці, а ён літаральна за суткі даспеў да васковай, так што давялося перабірацца на іншае поле больш позняга тэрміну сяўбы…


А на полі праца пастаўлена на канвеер: адзін за адным ідуць па збожжавым моры корманарыхтоўчыя камбайны, і цяжкія каласы даспяваючага трыцікале, здробненыя і перамяшаныя з уласнай саломай, густой ручаінай “льюцца” ў кузавы трактароў.


Прызнаюся, маё земляробчае (і па адукацыі, і на ўзроўні генаў атрыманай ад продкаў-земляробаў спадчыны) сэрца ледзь не плакала, гледзячы, як “марнуецца” хлеб, якому не суджана стаць боханам, легчы на стол духмяным падарункам…


– Відовішча сапраўды нязвыклае, – згадзілася Марыя Іосіфаўна. – Але і без зернесенажу значная частка збожжа ішла і будзе ісці заўсёды  на корм жывёле ў выглядзе канцэнтратаў – без прымянення камбікармоў нармальных вынікаў у жывёлагадоўлі не дасягнуць. Так што ніякага святатацтва ў выкарыстанні зерня на корм жывёле няма. Тым больш, што новы від корму абыходзіцца нарыхтоўшчыкам у некалькі разоў танней, а эфект ад яго скармлівання наадварот узрастае вельмі адчувальна. Галоўнае, закласці яго правільна і ў сціслы тэрмін…


Тэкст і фота Ганны ЧАКУР.