“Новенькае” ад “Беларусбанка”

09:12 / 13.01.2012

Чарговая “Прамая лінія” адбылася днямі ў Цэнтры банкаўскіх паслуг №417 ААТ АСБ “Беларусбанк”. На тэлефонныя пытанні сваіх наяўных і патэнцыяльных кліентаў адказвалі спецыялісты Цэнтра на чале з яго кіраўніком Альдонай Станіславаўнай Сухадольскай.


-------------------------------------
– Скажыце, калі ласка, ці магу я свой уклад у беларускіх рублях, які трымаю ў вашым банку, перавесці ў валютны?


Сяргей П., Астравец


– Канешне, можаце. Ніякіх абмежаванняў у гэтым накірунку няма – нашы ўкладчыкі могуць свабодна канвертаваць свае рублёвыя ўклады ў валютныя. Аднак неабходна адзначыць, што масавага абмену валют на рынку дэпазітаў не назіраецца – напэўна, таму, што ўклады ў беларускіх рублях мы прымаем на больш выгадных умовах.
-------------------------------------
– Некалькі гадоў таму я ўзяла ў вашым банку валютны крэдыт. Цяпер, калі курс долара істотна вырас, мая запазычанасць банку павялічылася прапарцыянальна. Скажыце, можа, ёсць нейкія змены ў палітыцы банка ў адносінах да пагашэння валютных крэдытаў?


Валянціна Сцяпанаўна,  Астравец


– Банк добра разумее сітуацыю, якая склалася ў справе пагашэння валютных крэдытаў, і пайшоў на шэраг мер, накіраваных на аблягчэнне ўмоў іх вяртання. Так, яшчэ ў маі 2011 года стаўкі па выдадзеных валютных крэдытах былі зніжаны да 10 працэнтаў. Акрамя таго, калі чалавек, які ўзяў валютны крэдыт, трапіў у цяжкае матэрыяльнае становішча, ён можа прадоўжыць тэрмін карыстання крэдытам (на спажывецкія патрэбы – да трох гадоў, на фінансаванне набыцця нерухомасці – да пяці гадоў) або аформіць адтэрміноўку пагашэння запазычанасці на тэрмін да шасці месяцаў і ўстанавіць індывідуальны графік пагашэння ў межах канчатковага тэрміну пагашэння крэдытаў з улікам аб’ектыўных абставін.
-------------------------------------
– На якіх умовах у вашым банку сёння можна аформіць уклад у беларускіх рублях?


Г. Юркойць, Варняны


– На розных. Пры выбары віду ўкладу раім арыентавацца на тэрмін яго размяшчэння. Калі грошы могуць спатрэбіцца хутка, то іх лепш размясціць на тэрмін два месяцы з даходам 56 працэнтаў гадавых. Калі ж вы ў бліжэйшы час не збіраецеся імі карыстацца, а маеце намер сабраць патрэбную суму, то лепш размясціце свае грошы на тэрмін 18 месяцаў – атрымаеце даход у памеры 58,8 працэнта гадавых. У выпадку, калі вы хочаце аформіць валютны ўклад, у залежнасці ад яго сумы мы прапануем даход ад 8 да 9 працэнтаў гадавых.
-------------------------------------
– Падкажыце, калі ласка, як адкрыць рахунак індывідуальнага прадпрымальніка? Якія затраты я буду несці пры абслугоўванні ў вашым банку?


Не прадставілася.


– Для адкрыцця рахунку вам неабходна прадставіць у банк толькі пасведчанне аб дзяржаўнай рэгістрацыі і запоўніць бланк заявы на адкрыццё рахунка. Усю неабходную дапамогу па запаўненні дакументаў вам акажуць супрацоўнікі нашага банка. Што тычыцца затрат, то наш банк прапаноўвае сваім кліентам пакетныя паслугі. Да прыкладу, пры падключэнні на пакет “Старт-электронны” вы заплаціце 30000 рублёў – пры гэтым вам бясплатна адкрыюць рахунак, завераць узоры подпісаў, установяць сістэму “Кліент–банк”, гэта значыць, вы атрымаеце ўсё неабходнае для работы з банкам. Абаненцкая плата будзе фіксаванай і складзе 29 тысяч рублёў у месяц. Прычым вам не давядзецца дадаткова плаціць за карыстанне сістэмай “Кліент-банк”, за прыём выручкі і іншыя банкаўскія паслугі (усё гэта ўключана ў штомесячную абаненцкую плату па пакету). І яшчэ адно ўдакладненне: кожнай катэгорыі кліентаў, у залежнасці ад аб’ёму выручкі, колькасці плацяжоў і іншых фактараў, мы можам прапанаваць найбольш аптымальны пакет.
------------------------------------
– Што новенькага “Беларусбанк” можа прапанаваць трымальнікам пластыкавых картак


Саша.


– Новенькага, як вы кажаце, шмат. Да прыкладу, цяпер сярод трымальнікаў пластыкавых картак Visa i Visa Electron праводзіцца рэкламная гульня “Паспрабуйце – Вам спадабаецца”. Удзельнікамі гульні з’яўляюцца трымальнікі вышэйназваных картак, якія ў перыяд з 24.10.2011 па 29.02.2012 зробяць з дапамогай карткі безнаяўную аплату тавараў або паслуг. Прызавы фонд складае 980 грашовых прызоў па 250 тысяч рублёў. Так што, паважаны Саша, расплачвайцеся з дапамогай карткі – і выйгравайце.
Працягваецца яшчэ акцыя “Актыўнасць заахвочваецца”, якая дазваляе трымальнікам “зарплатных” картак, якія правялі не менш 30 працэнтаў аперацый па картцы ў безнаяўным парадку, бясплатна аформіць міжнародную картку Visa Gold або MasterCard Standard тэрмінам дзеяння на адзін год і бясплатна падключыць паслугу Інтэрнет-банкінг. Актыўным карыстальнікам карткі Visa Classic або MasterCard Standard пры ажыццяўленні з яе выкарыстаннем безнаяўных аперацый на вызначаную суму банк прадставіў магчымасць бясплатна аформіць прэстыжную картку катэгорыі Gold, а актыўным карыстальнікам карткі MasterCard (Standard або Gold), Visa (Classic або Gold) – бясплатна прадоўжыць тэрмін дзеяння сваёй карткі.
Трымальнікам картак Visa Gold і MasterCard Gold, Белкарт-М, “Студэнцкая” падключэнне паслугі “Інтэрнет-банкінг” ажыццяўляецца бясплатна.


На “Прамой лініі” дзяжурыла Ганна ЧАКУР.