Дасягненні Астравецкага раёна электрычных сетак

07:32 / 22.12.2011

Напярэдадні Дня энергетыка нашай газеце інтэрв’ю даў дырэктар Астравецкага раёна электрасетак Альфрэд Станіслававіч Калеснік.


– Раскажыце, што ўяўляюць сабой раённыя электрасеткі?
– Астравецкія РЭС займаюцца электразабеспячэннем народнай гаспадаркі Астравецкага раёна і ўключаюць у сябе 960 кіламетраў ліній электраперадач высокага напружання і 780 кіламетраў – нізкага напружання, 440 трансфарматарных падстанцый і 8 падстанцый, якія размяркоўваюць электраэнергію па зонах. Задачы, якія стаяць перад нашым прадпрыемствам, – гэта надзейнае энергазабеспячэнне, збыт і невялікі працэнт вытворчасці электраэнергіі, якая выпрацоўваецца на Янаўскай гідраэлектрастанцыі.






Рамонтна-эксплуатацыйныя брыгады займаюцца абслугоўваннем і рамонтам паветраных ліній, трансфарматарных падстанцый, рамонтам вулічнага асвятлення, абслугоўваннем прыбораў уліку.
Вочы і вушы прадпрыемства – гэта аператыўна-дыспетчарскі пункт, які працуе ў кругласутачным рэжыме. Менавіта сюды паступае інфармацыя пра стан электрычных сетак, а таксама скаргі ад насельніцтва. Дыспетчары В.І. Налівайка, Д.Ю. Скрыпнік, В.Р. Ігнацюк, І.І. Мікліс павінны хутка ўстараніць любую ўзнікшую праблему.
Група збыту электраэнергіі, якую паспяхова ўзначальвае А.Л. Драздовіч, займаецца ўлікам адпушчанай электраэнергіі. Цяжкая ноша ўскладзена на кантралёраў Ю.К. Скрыпнік, Р.С. Дарашкевіч і іншых, якія, як і электраманцёры, увесь час праводзяць у раз’ездах – і няважна, дождж ці снег за акном. Вельмі добра зарэкамендавала сябе група майстра А.М. Каржова.
Улічваючы, што ўсе нашы аб’екты раскіданы па раёне, немагчыма працаваць без нармальнага транспартнага забеспячэння – за гэтым сочыць механік А.А. Анішчук. За тое, каб работнікі былі забяспечаны неабходнымі матэрыяламі і інструментамі, адказвае кладаўшчык-разлікоўшчык І.І. Кімса.
Прадметам нашага гонару з’яўляецца добраўпарадкаванне будынка і прылягаючай тэрыторыі Астравецкіх РЭС. За гэту прыгажосць хацелася б падзякаваць ініцыятыўнай групе нашых жанчын, якія пад кіраўніцтвам Т.І. Бабраўніцкай стварылі тут цёплую і дамашнюю атмасферу.








– Якім быў для раённых электрасетак мінулы год?
– Год быў няпростым. Тым не менш, нам удалося рэалізаваць усе планы па капітальным рамонце ліній электраперадач. Мы не дапусцілі сур’ёзных парушэнняў у электразабеспячэнні прадпрыемстваў і насельніцтва раёна.
Па збыце электраэнергіі галоўным паказчыкам з’яўляецца працэнт збору грашовых сродкаў за адпушчаную электраэнергію. І калі да лістапада бягучага года гэты паказчык быў у нас звыш 100 працэнтаў, то ў мінулым месяцы з-за складанага эканамічнага становішча некаторых прадпрыемстваў раёна сітуацыя крыху пагоршылася.
Вялікая работа праведзена сумесна з будаўніча-мантажнымі арганізацыямі па перабудове ліній электраперадач высокага напружання ў сувязі з будаўніцтвам інфраструктуры для будучай АЭС.
Мы актыўна супрацоўнічаем з Астравецкім лясгасам па пытаннях вырубкі небяспечных дрэў для павышэння надзейнасці электразабеспячэння.








– Звычайна прафесійнае свята адзначаюць працоўнымі дасягненнямі. Чым ганарыцца ваш калектыў?
– Наша самая важная задача – гэта бесперабойнае электразабеспячэнне. Таму асноўным дасягненнем калектыву і доказам яго самаадданай працы можна лічыць тое, што не ўзнікае сур’ёзных скаргаў з боку прадпрыемстваў і жыхароў раёна. А ўсе праблемы стараемся вырашыць хутка і якасна.
– Якое месца займае наш філіял сярод іншых філіялаў РУП Гроднаэнерга?
– У асноўным мы займалі лідзіруючыя месцы ў спаборніцтвах паміж філіяламі вобласці, хаця гэты год стаў не такім паспяховым. Тым не менш, мы збіраемся вярнуць былыя пазіцыі.
– Якімі якасцямі павінен валодаць энергетык?
– Наша прадпрыемства лічыцца прадпрыемствам павышанай небяспекі, таму абавязковыя якасці работнікаў – гэта высокая адказнасць за даручаную справу, строгая дысцыпліна, высокі прафесійны ўзровень і тэхнічная падрыхтоўка. Як кажуць, электрык, як і мінёр, можа памыліцца толькі адзін раз. А яшчэ важна быць нераўнадушнымі да праблем іншых: любы збой у сетцы парушае камфорт людзей, псуе іх настрой. Трэба ўмець уваходзіць у становішча кожнага чалавека і аператыўна ўстараніць усе збоі.








– Давайце па традыцыі ўзгадаем лепшых работнікаў?
– Нашы работнікі вызначаюцца сваім прафесіяналізмам, адказнасцю і адданасцю сваёй справе. Хацелася б адзначыць работнікаў брыгады вопытнага майстра Я.В. Радзюша і маладога і апантанага А.Г. Свілы. Добра зарэкамендавала сябе аператыўна-дыспетчарская група, якую ўзначальвае А.С. Лаздоўскі. Сапраўдным прыкладам для моладзі служаць тыя, хто адпрацаваў на нашым прадпрыемстве больш за 30 гадоў – К.Л. Чарняўскі, С.С. Бабраўніцкі, В.І. Лянкевіч, В.І. Налівайка, С.С. Мізей, Т.С. Пяткевіч. Вялікі ўклад у развіццё Астравецкіх электрасетак унеслі ветэраны працы, якія зараз знаходзяцца на заслужаным адпачынку – В.І. Казлоўскі, А.В. Аўдзееў, В.М. Чэпін, Г.С. Лаздоўскі, В.Я. Мікліс і іншыя.
З нагоды прафесійнага свята група работнікаў будзе ўзнагароджана ганаровымі граматамі і падзячнымі пісьмамі – Я.В. Радзюш, С.М. Канашэвіч, В.М. Мілейша, В.У. Курыла, А.А. Калеснік, А.Г. Свіла і іншыя.
– Што пажадаеце работнікам прадпрыемства напярэдадні свята?
– Работнікам Астравецкіх РЭС жадаю моцнага здароўя, дабрабыту ў сем’ях, поспехаў у працоўнай дзейнасці. А жыхароў раёна, якія з’яўляюцца нашымі асноўнымі партнёрамі па рабоце, віншую з надыходзячымі Калядамі і Новым годам!

Вольга ШОЎКУН.