Сельская гаспадарка Астравеччыны: аб выніках рэальных і прагнозных

14:11 / 22.11.2011
РАСЛІНАВОДСТВА

Збожжа

У вытворчасці збожжа 2011 год не быў рэкордным, але ўсё ж парадаваў нядрэннымі намалотамі. Гаспадаркі раёна намалацілі 67,8 тысячы тон збожжа, што на 16,7 тысячы тон больш мінулагодняга. Сярэдняя ўраджайнасць склала 38,6 цэнтнера з гектара (летась – 32,0). Самым буйным вырас колас у СВК “Гудагай”, дзе з кожнага гектара было намалочана ў сярэднім па 42,8 цэнтнера. СВК “Варняны” і саўгас “Падольскі” атрымалі па 40 цэнтнераў, СВК “Гервяты” – 39,6, СВК “Міхалішкі” – 33,7 і СВК імя Гашкевіча – 33,2 цэнтнера з гектара.
Самага вялікага прыросту ўраджайнасці дабіліся земляробы саўгаса “Падольскі” – 11,2 цэнтнера з гектара. Толькі 0,2 цэнтнера ўступілі падальчанам іх калегі з СВК “Варняны”, у якіх прыбаўка ўраджайнасці склала 11 цэнтнераў роўна. У СВК “Гудагай” – 5,8, у “Гервятах” – 4,5, у СВК імя Гашкевіча – 3,3, у “Міхалішках” – 0,4 цэнтнера на кожным гектары.
Ураджай не вырастае на пустым месцы – гэта ў чарговы раз пацвяржае і аналіз сабекошту вытворчасці збожжа. Самае дарагое збожжа атрымалася ў СВК “Гудагай” – 715 тысяч рублёў за тону. У “Варнянах” – 697, у “Падольскім” – 650, у “Міхалішках” – 560, у “Гервятах” – 505, у СВК імя Гашкевіча – 478 тысяч рублёў.
Найбольш прыбытковым вырошчванне збожжа атрымалася ў саўгасе “Падольскі”, дзе ад яго рэалізацыі ў касу гаспадаркі паступіла 635 мільёнаў рублёў. “Каньком” падальчан з’яўляецца вырошчванне піваварнага ячменю, план продажу якога яны рэгулярна перавыконваюць. Сёлета земляробы дабіліся ў гэтай галіне асаблівага поспеху – сталі сярэбранымі пераможцамі рэспубліканскіх “Дажынак”.
490 мільёнаў прыбытку ад рэалізацыі збожжа атрымаў СВК “Гудагай”, 364 – СВК “Гервяты”.
Рэнтабельнасць вытворчасці збожжа ў саўгасе “Падольскі” па папярэдніх разліках павінна скласці 21,5 працэнта, у “Гудагаі” – 19,5, у “Гервятах” – 16,7, у “Міхалішках” – 16,3 працэнта.
Адносна невялікі прыбытак ад рэалізацыі збожжа (усяго 45 мільёнаў рублёў), які атрымаўся ў СВК “Варняны”, тлумачыцца тым, што сваё зерне гаспадарка не рэалізуе, а выкарыстоўвае на патрэбы ўласнага свінакомплексу або, як гавораць спецыялісты, прапускае збожжа праз страўнік жывёлы.



Кукуруза

Кукуруза дала не толькі выдатную зялёную масу, ураджайнасць якой склала 382 цэнтнеры з гектара, але і 6607 тон зерня. СВК “Варняны” намалацілі 2500 тон кукурузы, “Гервяты” – 2030, саўгас “Падольскі” – 689, СВК “Гудагай” – 570, СВК імя Гашкевіча – 500, СВК “Міхалішкі” – 318 тон.
Сярэдняя ўраджайнасць па раёне склала 109,2 цэнтнера з гектара (у 2010 годзе было 81,5), а ў СВК “Варняны” і СВК імя Гашкевіча – 161,3 і 125 цэнтнераў з гектара адпаведна.
“Каралева палёў” – дарагая культура, аб гэтым сведчыць і яе сабекошт: на вырошчванне 1 тоны зерня кукурузы ў СВК імя Гашкевіча патрачана 1019 тысяч рублёў, у “Варнянах” – 990 тысяч, у саўгасе “Падольскі” – 800 тысяч рублёў. Тым не менш рэнтабельнасць яе вырошчвання атрымалася высокай: у саўгасе “Падольскі” – 87,5 працэнта, у “Варнянах” – 43,3, у СВК імя Гашкевіча – 37,3 працэнта.
Атрыманае зерне будзе выкарыстана ў якасці аднаго з кампанентаў для прыгатавання канцэнтраваных кармоў, а таксама для кармлення маленькіх цялят.



Бульба

Леташні фінансавы поспех бульбаводаў рэспублікі “спадзвігнуў” павелічэнне плошчаў, адведзеных пад яе ў бягучым годзе. Выдатным атрымаўся і ўраджай “другога хлеба” – з кожнага гектара раённага бульбянішча было сабрана ў сярэднім па 253 цэнтнеры клубняў. У СВК “Гервяты” ўраджайнасць бульбы склала 330 цэнтнераў з гектара, у СВК “Гудагай” – 295, у СВК імя Гашкевіча – 230, у СВК “Варняны” – 213, у саўгасе “Падольскі” – 212 і ў СВК “Міхалішкі” – 173,3 цэнтнера з гектара.
Валавы збор бульбы склаў 5063 тоны, што на 1309 тон больш мінулагодняга. Аднак з яе рэалізацыяй узніклі праблемы – попыт на клубні ёсць, але вытворцаў не задавальняюць цэны, якія прапануе пакупнік. Сапраўды, сабекошт адной тоны бульбы вагаецца ад 545 тысяч рублёў у СВК “Гервяты” да 802 тысяч у саўгасе “Падольскі” ( у сярэднім па раёне – 658 тысяч рублёў) і прадаваць яе па нізкіх цэнах няма сэнсу, таму гаспадаркі раёна бульбу складзіравалі ў бульбасховішчы, адкуль пасля фарміравання прымальнай закупачнай цаны яе можна будзе рэалізоўваць нават зімой.
Пакуль бульба прынесла гаспадаркам 478 мільёнаў рублёў прыбытку, львіная доля якога прыпадае на СВК “Гудагай”, у якім рэалізавана клубняў на 307 мільёнаў рублёў.



Лён-даўгунец

Лён даўно перастаў быць даходнай культурай. Сёння толькі дзве гаспадаркі – саўгас “Падольскі” і СВК “Варняны” – працягваюць яго вырошчваць. Раённы валавы збор даўгунцу склаў 228 тон (у 2010 годзе – 217), сярэдняя ўраджайнасць льновалакна – 6,7 цэнтнера, што на 1,6 цэнтнера менш мінулагодняга.
І хаця сёлетні ўзровень продажу лёну дзяржаве перавысіў мінулагодні на 105,1 працэнта, замест чаканага прыбытку ад даўгунцу атрымалі страты – СВК “Варняны” страцілі на яго вырошчванні 100 мільёнаў рублёў, саўгас “Падольскі” – 19.



Рапс

Шмат непрыемнасцей прынёс земляробам азімы рапс, які падчас сёлетняй зімоўкі загінуў амаль поўнасцю. Давялося перасяваць пустуючыя плошчы яравым, што амаль удвая павялічыла сабекошт насення. У сярэднім па раёне вырошчванне тоны рапсу абышлося гаспадаркам у 1647 тысяч рублёў. Тым не менш, высокая ўраджайнасць яравога рапсу (19,8 цэнтнера з гектара) дазволіла гаспадаркам атрымаць прыбытак ад яго рэалізацыі. У цэлым па раёне ён, па прагнозах эканамістаў райсельгасхарчу, складзе 1847 мільёнаў рублёў. СВК “Варняны” ад рэалізацыі крыжакветнага атрымаюць 763 мільёны рублёў, “Гервяты” – 542, “Міхалішкі” – 298, саўгас “Падольскі” – 186 мільёнаў рублёў.
Рэалізавана 1239 тон рапсу (летась – 1184 тоны). Узровень рэнтабельнасці чакаецца ў межах ад 13 працэнтаў (СВК “Гудагай”) да 52,2 (СВК “Гервяты”). У сярэднім па раёне гэты паказчык складзе 43, 3 працэнта.



Цукровыя буракі

Напэўна, самы прыемны сюрпрыз прынесла земляробам менавіта гэтая культура – яшчэ ніколі на Астравеччыне не збіралі па 610 цэнтнераў караняплодаў з гектара (у мінулым годзе 443,4). У СВК “Гервяты” ўраджайнасць цукровых буракоў наогул склала 651 цэнтнер з гектара.
Буракі выкапаны ў поўным аб’ёме і збуртаваны. Працягваецца іх адгрузка на Слуцкі цукровы завод.
Прымяненне высокаэфектыўных гербіцыдаў і наяўнасць буракаўборачных камбайнаў дазволіла гаспадаркам поўнасцю адмовіцца ад выкарыстання ручной працы, што рэзка знізіла канчатковы сабекошт прадукцыі. На вырошчванне тоны цукровых буракоў у СВК “Гудагай” затрачана 172 тысячы рублёў, у “Міхалішках” – 185, у “Гервятах” – 210 тысяч рублёў.
Прыбытак ад рэалізацыі караняплодаў чакаецца: у СВК Гудагай” – 342 мільёны рублёў, “Міхалішкі” – 385, “Гервяты” – 537 мільёнаў рублёў.




ЖЫВЁЛАГАДОЎЛЯ

Вытворчасць малака

Канешне, падводзіць канчатковыя вынікі работы жывёлагадоўлі яшчэ рана – наперадзе амаль паўтара месяца працы. Але, як паказвае вопыт, папярэднія разлікі эканамістаў амаль не разыходзяцца з фактычнымі паказчыкамі работы галіны.
У валавай вытворчасці малака лідзіруе СВК “Варняны” – за год тут будзе атрымана каля 10550 тон малака. Але самага высока ўзроўню надояў дасягне СВК “Гудагай”, дзе ў сярэднім ад каровы будзе атрымана прыкладна 5835 кілаграмаў малака (плюс 550 кілаграмаў да ўзроўню мінулага года). Кожная карова гервяцкага грамадскага статка, па разліках, дасць па 5650 кілаграмаў малака (плюс 199), надой у СВК “Варняны” будзе выглядаць куды больш сціпла – прыкладна 5058 кілаграмаў (мінус 487). У саўгасе “Падольскі” мяркуюць надаіць 5000 кілаграмаў (плюс 505), у СВК імя Гашкевіча – 4750 (плюс 102), у “Міхалішках” – 4500 кілаграмаў малака (плюс 124).
Сярэднераённы надой абяцае дасягнуць 5100 кілаграмаў, што на 56 кілаграмаў больш мінулагодняга.
Самай дарагой стала вытворчасць малака ў СВК “Варняны”, дзе сабекошт адной тоны складзе 1370 тысяч рублёў. У саўгасе “Падольскі” – 1300, у СВК “Гудагай” – 1250 тысяч рублёў. Самая танная вытворчасць малака ў СВК імя Гашкевіча – 994 тысячы рублёў. Па раёне гэты паказчык складзе 1216 тысяч рублёў, што на 153 тысячы больш мінулагодняга.
Сярэдняя цана рэалізацыі малака складзе 1461 тысячу рублёў. У трох гаспадарках (СВК “Гудагай”, “Варняны” і саўгасе “Падольскі”) яна перавысіць паўтарамільённы рубеж і складзе адпаведна 1589, 1549 і 1545 тысяч рублёў. У СВК Гервяты” цана малака не перавысіць 1343 тысяч, у СВК “Міхалішкі” – 1339 тысяч рублёў.
Самай прыбытковай стане вытворчасць малака ў СВК “Гудагай” (2048 мільёнаў рублёў), менш за іншых атрымаюць ад яго рэалізацыі жывёлаводы СВК “Міхалішкі” (550 мільёнаў рублёў). Агульнараённы прыбытак ад продажу малака складзе 8564 мільёны рублёў.
Рэнтабельнасць вытворчасці малака – 18,1 (летась – 18,8) працэнтаў. Самая высокая яна будзе ў СВК “Гудагай” – 27,1 працэнтаў і ў СВК імя Гашкевіча – 23,9 працэнта. Самая нізкая – у СВК “Міхалішкі” (10,3 працэнта).



Вытворчасць ялавічыны

Па прагнозах эканамістаў, жывёлаводы раёна атрымаюць за 2011 год 5157 тон ялавічыны.
“Застрэльшчыкам” у атрыманні самых высокіх сярэднясутачных прываг, як заўсёды, з”яўляецца СВК “Гервяты” (760 грамаў). У “Падольскім” гэты паказчык, па разліках, дасягне па выніках года 700 грамаў у суткі (плюс 34 грамы), у “Міхалішках” – 680 (плюс 20). Плануецца, што з мінусам спрацуюць СВК “Гудагай” (660 грамаў, мінус 18) і СВК “Варняны” (650, мінус 9). Раённая сярэднясутачная прывага складзе 695 грамаў (плюс 2 грамы).
Самы высокі сабекошт вытворчасці тоны прывагі ў СВК імя Гашкевіча – 9552 тысячы рублёў, самы нізкі – у СВК “Гудагай” – 6970 тысяч рублёў. У сярэднім па раёне – 7884 тысячы рублёў.
Сярэдняя цана рэалізацыі з улікам надбаўкі абяцае быць самай высокай у СВК “Гервяты” (7520 тысяч рублёў), самая нізкая – у СВК “Варняны” (6373 тысячы).
У трох гаспадарках раёна (СВК “Варняны”, СВК імя Гашкевіча і ў саўгасе “Падольскі”) вытворчасць ялавічыны будзе стратнай. Самай рэнтабельнай яна будзе ў СВК “Гервяты” – 4,6 працэнта.



Свінагадоўля

Па разліках, сёлета будзе вырашчана 2245 тон свініны, 2027 з якіх прыпадае на долю свінакомплекса СВК “Варняны”.
Сярэднясутачная прывага свіней у сярэднім па раёне складзе прыкладна 595 грамаў (у мінулым годзе – 577). У СВК “Варняны” гэты паказчык павінен дасягнуць 630 грамаў, у саўгасе “Падольскі” – 580. Самыя нізкія прывагі прагназуюцца ў СВК “Гудагай” (320) і СВК “Міхалішкі” (365 грамаў).
Самы высокі сабекошт вытворчасці 1 тоны прывагі свіней у саўгасе “Падольскі” – 11818 тысяч рублёў, самы нізкі – у СВК “Гудагай” (7143) і “Варняны” (7310).
Сярэдняя цана рэалізацыі тоны жывой вагі свіней у саўгасе “Падольскі” – 9333 тысячы рублёў, у СВК “Гервяты” – 8568, у СВК “Варняны” – 7400.
Рэалізацыя свініны павінна прынесці прыбытак у 982 мільёны рублёў, з якіх 949 мільёнаў патрапяць у касу СВК “Варняны”. Рэнтабельнасць вытворчасці складзе 6,4 працэнта.