Жыллёва-камунальная гаспадарка: дасягненні і задачы

08:58 / 03.11.2011

Кастрычніцкае пасяджэнне раённага выканаўчага камітэта было дастаткова прадстаўнічым. У ім прымалі ўдзел, акрамя членаў райвыканкама і запрошаных, сярод якіх былі ўсе кіраўнікі прадпрыемстваў, гаспадарак і найбольш буйных арганізацый, высокія госці: намеснік старшыні Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Уладзімір Мікалаевіч Патупчык, старшыня Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў Андрэй Мікалаевіч Навумовіч, намеснік міністра энергетыкі Рыма Сцяпанаўна Філімонава.
Такая ўвага да пасяджэння райвыканкама ў пэўнай ступені была абумоўлена парадкам дня: разглядаўся ход выканання прагнозных паказчыкаў сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна за снежань-верасень года – справаздачу па гэтаму пытанню зрабіў намеснік старшыні райвыканкама У.С. Ластоўскі; вынікі выканання бюджэту за гэты ж перыяд – інфармацыю прысутным прадставіла начальнік фінансавага аддзела райвыканкама Я.В. Кірэева, і некаторыя іншыя актуальныя пытанні жыцця раёна.
А пачалося пасяджэнне райвыканкама са справаздачы дырэктара раённага ўнітарнага прадпрыемства жыллёва-камунальнай гаспадаркі А.Б. Стурліса аб рабоце па паляпшэнні фінансава-гаспадарчай дзейнасці арганізацыі, развіцці вытворчай базы і павышэнні якасці паслуг, што аказваюцца насельніцтву. З улікам важнасці і актуальнасці тэмы для кожнага жыхара і кожнай арганізацыі раёна, а не толькі канкрэтнай вышэйзгаданай арганізацыі, гэтай тэме была нададзена асаблівая ўвага.


Пачынаючы сваю справаздачу, Аляксандр Браніслававіч нагадаў, што Астравецкае РУП ЖКГ з’яўляецца натуральным манапалістам у раёне па аказанні камунальных паслуг насельніцтву. Яны ў большасці сваёй з’яўляюцца датацыйнымі – у сярэднім насельніцтва аплачвае 21,4 працэнта рэальнага кошту жыллёва-камунальных паслуг і, па словах дырэктара, існуе жыццёвая неабходнасць зніжэння сабекошту работ і паслуг.
Зыходзячы з гэтага, асноўнай задачай работы прадпрыемства стала рэалізацыя распрацаванай спецыялістамі стратэгіі развіцця прадпрыемства, якая ўключае ў сябе планы фінансавай стабілізацыі, удасканалення структуры кіравання, аптымізацыі колькасці працуючых, прымянення ў рабоце навейшых тэхналогій, паляпшэння якасці існуючых і развіцця новых відаў работ і паслуг. Выкананне гэтай стратэгіі дазваляе прадпрыемству выконваць асноўныя кантралюемыя паказчыкі фінансава-гаспадарчай дзейнасці, а таксама дабівацца пэўных вынікаў у павелічэнні даходнасці. Так, за перыяд з 2009 па 2011 даходы прадпрыемства выраслі амаль у тры разы і тры кварталы года скалі больш чым 15 мільярдаў рублёў. Прыбытак ад асноўнай дзейнасці прадпрыемства за 9 месяцаў склаў 418 мільёнаў рублёў.
Хоць сума гэтая магла б быць яшчэ большай, каб спажыўцы рэгулярна разлічваліся за аказаныя паслугі і выкананыя работы. Па словах Аляксандра Браніслававіча, на сённяшні дзень запазычанасць па датацыі і бягучаму ўтрыманню аб’ектаў добраўпарадкавання з улікам мінулых гадоў складае 5,4 мільярда рублёў, у тым ліку за 9 месяцаў гэтага года – 2 мільярды. Запазычанасць спажыўцоў за аказаныя паслугі — 1,9 мільярда рублёў. І пры гэтым прадпрыемства вымушана рэгулярна выкарыстоўваць банкаўскія крэдыты, каб выконваць узятыя на сябе абавязацельствы.
Несвоечасовыя разлікі за аказаныя паслугі часткова перакрываюцца даходамі ад неасноўнай дзейнасці, якую РУП ЖКГ развівае вельмі актыўна – хоць яны маглі б пайсці на развіццё прадпрыемства. У значнай ступені росту даходнасці прадпрыемства, як адзначыў на пасяджэнні райвыканкама А.Б. Стурліс, дапамагло будаўніцтва на тэрыторыі раёна аб’ектаў інфраструктуры АЭС. РУП ЖКГ хутчэй, чым іншыя прадпрыемствы раёна, сарыентавалася ў сітуацыі, арганізавала будаўнічыя брыгады, атрымала адпаведныя ліцэнзіі, заключыла дагаворы – усё гэта дазволілі камунальнікам за бягучы год выканаць работы на аб’ектах АЭС на суму больш чым 3 мільярды рублёў – гэта складае пятую частку агульных даходаў прадпрыемства. Работа гэтая будзе працягвацца — ужо падпісаны дагаворы падраду на суму яшчэ на 1 мільярд рублёў.
Але будаўніцтва аб’ектаў АЭС – не адзіная крыніца даходаў прадпрыемства. Аказанне насельніцтву дадатковых паслуг, а таксама рэарганізаваная вытворчасць на прынятым на баланс камбінаце будаўнічых матэрыялаў дазволіла атрымаць дадатковых даходаў на суму больш чым 2 мільярды рублёў. На камбінаце завершаны рамонт сушыльных камер, запушчаны цэх па вытворчасці абразной дошкі, завяршаецца аднаўленне чатырохбаковага станка, які дазволіць выпускаць паганажныя вырабы, адноўлены і працуе лесапільны цэх. Распрацавана праграма вяртання ў гаспадарчы абарот астатніх будынкаў, што знаходзяцца на тэрыторыі гэтага вытворчага ўчастка.
Павелічэнне даходнасці прадпрыемства, па словах А.Б. Стурліса, дапамагло вырашыць многія задачы. Асноўнай праблемай тут была слабая забяспечанасць аўтатрактарнай тэхнікай, зношанасць якой складала больш чым 75 працэнтаў. З 2009 года набыты два смеццевозы, два трактары, самазвал МАЗ, экскаватар, бульдозер, грэйдэр, комплекс па бестраншэйнай пракладцы камунікацый, а таксама прынята ад КБМ і адрамантавана 6 адзінак аўтатрактарнай тэхнікі. Сённяшняя тэхнічная аснашчанасць прадпрыемства дазваляе выконваць існуючыя задачы. Так што гэта — аднаго ланцужка звёны: павышэнне даходнасці прадпрыемства дазваляе паляпшаць яго тэхнічную аснашчанасць. А наяўнасць сучаснай прадукцыйнай тэхнікі, у сваю чаргу, – асвойваць новыя віды дзейнасці і аб’ёмы вытворчасці.
Але, па словах дырэктара, усё яшчэ застаюцца нявырашанымі задачы па набыцці ўборачнай, лесанарыхтоўчай, каналапрамывачнай, асенізацыйнай і іншай спецыяльнай тэхнікі.
Вялікая ўвага на прадпрыемстве надаецца распрацоўцы і ўкараненню энергазберагаючых мерапрыемстваў — гэта дазваляе на працягу апошніх гадоў выконваць гэты паказчык і зніжаць не менш чым на 5 працэнтаў затраты пры аказанні жыллёва-камунальных паслуг насельніцтву. Сёння поўнасцю заменена помпавае абсталяванне на сельскіх кацельных, устаноўлены новыя, менш энергаёмістыя помпы на гарадскім водазаборы, новая паветрадуўка з’явілася на ачысных збудаваннях. Прымяненне энергазберагаючых тэхналогій дазволіла не толькі сэканоміць рэсурсы, але і палепшыць якасць выконваемых работ.
Як зазначыў дырэктар, сур’ёзныя задачы стаяць перад прадпрыемствам у плане павелічэння выкарыстання мясцовых відаў паліва. На цэнтральнай кацельні ўстаноўлены два цеплаагрэгаты агульнай магутнасцю 6 МВт, якія працуюць на драўніннай шчапе — гэта дазваляе ў значнай меры зменшыць спажыванне прыроднага газу. Усе сельскія кацельні пераведзены на спальванне драўніннага паліва. Для яго нарыхтоўкі створаны лесанарыхтоўчыя брыгады, якія забяспечваюць каля 30 працэнтаў патрэб прадпрыемства ў дровах і шчапе. Набыты дзве шчападрабільныя машыны, бензапілы і іншае неабходнае абсталяванне.
Адзначыўшы тое добрае, што паспелі зрабіць у РУП ЖКГ за апошнія два гады, дырэктар у сваім выступленні адзначаў, што ёсць яшчэ і сур’ёзныя праблемы ў дзейнасці прадпрыемства. Не ўсё так добра, як хацелася б кіраўніку, а галоўнае – насельніцтву — у абслугоўванні жыллёвага фонду: дае свае вынікі розніца ва ўзросце будынкаў жылых дамоў, сетак, якасці ранейшага будаўніцтва. Шмат сіл і сродкаў ідзе на барацьбу з затапленнем падвалаў, рамонтам дахаў і стыкаў сценавых панеляў. Наспела ўжо патрэба замены электраправодкі як у пад’ездах, так і ў кватэрах, бо існуючая не заўсёды вытрымлівае магутнасці шматлікіх электрычных бытавых прыбораў, якія выкарыстоўваюць жыхары шматпавярховак. Значныя расходы патрэбны на завяршэнне работ па добраўпарадкаванні прыдамавых тэрыторый, абсталяванне дзіцячых гульнявых пляцовак. Новага падыходу – прычым не толькі камунальнікаў, але і суб’ектаў гаспадарання, і насельніцтва — патрабуе санітарная ачыстка гарадскога пасёлка і сельскіх населеных пунктаў. Ёсць праблемы з падрыхтоўкай кадраў і іх адказнасцю за вынікі сваёй працы. За перыяд з 2009 года колькасць працуючых у РУП ЖКГ павялічылася ў паўтара разы – на прадпрыемстве сёння працуе 380 чалавек. Вырасла і заработная плата ў людзей, сёння на складае 1224,6 тысячы рублёў. Але дырэктар прызнаў, што рост зарплаты не заўсёды адпавядае якасці выконваемых работ.
Заслухаўшы справаздачу дырэктара РУП ЖКГ А.Б. Стурліса, раённы выканаўчы камітэт адзначыў, што прадпрыемства выконвае асноўныя мэтавыя паказчыкі Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця г.п. Астравец і Астравецкага раёна. Тым не менш, падчас яе абмеркавання былі адзначаны і праблемныя пытанні: недахоп кваліфікаваных кадраў, нізкая іх адказнасць за вынікі сваёй працы, недастатковая аснашчанасць прадпрыемства спецтэхнікай і абсталяваннем, стратнасць паслуг па водазабеспячэнню і водаадвядзенню, гасцінічнай і лазневай гаспадарцы, несвоечасовасць разлікаў спажыўцоў за атрыманыя камунальныя паслугі, няпоўная кампенсацыя бюджэту за прадастаўленыя насельніцтву паслугі. Прынятае па гэтаму пытанню рашэнне нацэльвае РУП ЖКГ і дырэктара прадпрыемства А.Б. Стурліса на ліквідацыю існуючых недахопаў і далейшае развіццё прадпрыемства.


Ніна АЛЯКСЕЕВА.


Фота Андрэя ПАМЕЦЬКІ.