Павучыцца ў людзей справы

15:07 / 28.09.2011

З некаторага часу прэс-канферэнцыі журналістаў цэнтральных, абласных і раённых сродкаў масавай інфармацыі з губернатарам Гродзенскай вобласці Сямёнам Барысавічам Шапірам, якія праходзяць кожны квартал, суправаджаюцца яшчэ і наведваннем найбольш цікавых аб’ектаў у тым рэгіёне, дзе праходзіць мерапрыемства. На гэты раз месцам сустрэчы быў абраны Гродзенскі раён, які славіцца не толькі ў вобласці, але і ў рэспубліцы высокаэфектыўнай сельскай гаспадаркай, самабытнымі сацыяльна-культурнымі ўстановамі і высокаразвітой прадпрымальніцкай ініцыятывай.
Падчас прэс-канферэнцыі Сямён Барысавіч Шапіра, адказваючы на адно з пытанняў, выказаў думку, што не ў недахопе сродкаў, на які так любяць скардзіцца многія, галоўная праблема — не грошы сёння галоўны дэфіцыт, а цікавыя ідэі, акупальныя праекты. Калі яны ёсць, то і сродкі для іх рэалізацыі знойдуцца. Семінар, які затым прайшоў у Гродзенскім раёне, стаў яскравым пацвярджэннем гэтых слоў губернатара.



ГАСПАДЫНЯ “ПРАВІНЦЫІ”

У Парэччы журналістаў запрасілі ў невялікі, па-хатняму ўтульны рэстаранчык “Правінцыя”. Гасцей сустракала гаспадыня Ганна Шандарук – жанчына з мілай прыемнай усмешкай. Якая пры тым сама пра сябе гаворыць, што яна – чалавек строгі і патрабавальны – як да падначаленых, так і да сябе.
А без таго, напэўна, і не змагла б Ганна Мікітаўна стварыць тое, што стварыла. Калі тагачасная загадчыца магазіна рабочага забеспячэння брала ў арэнду занядбаную краму, нямногія — у тым ліку і яна сама — маглі б прадбачыць, што праз няпоўныя дваццаць гадоў на Гродзеншчыне ўзнікне своеасаблівая імперыя аб’ектаў гандлю і грамадскага харчавання, у якую ўваходзяць трынаццаць гандлёвых кропак. Апошні, пабудаваны “з нуля” – гэта рэстаран “Правінцыя”. Яго Ганна Мікітаўна ўбачыла спачатку ў сваіх марах, затым намалявала на паперы і аднесла праектантам: вось такім ён павінен быць – невялікім і прасторным, прыгожым і зручным, шыкоўным і ўтульным адначасова…
А пачынала ўчарашняя повар і прадавец з аднаго закінутага памяшкання, чатырох рабочых і трох тысяч долараў, заробленых у 90-ыя на памятных многім прыватных “шоп-турах” у Польшчу. Сёння ж пад яе кіраўніцтвам працуе 130 чалавек і гадавы абарот складае 3 мільярды рублёў. У крамы і рэстараны Ганны Шандарук людзі ідуць з ахвотай, бо ведаюць: якасць там заўсёды адменная, а цана ніжэйшая, чым у іншых. У гэтым, дарэчы, мелі магчымасць пераканацца і ўдзельнікі семінару: прапанаваныя на пачастунак беляшы прымусілі забыцца і пра дыеты, і лішак халестэрыну – смаката!
У парэчскую “Правінцыю” на сямейныя і карпаратыўныя банкеты едуць людзі і з Гродна – а з улікам таго, што побач знаходзіцца санаторый, у якім шмат адпачываючых з усёй рэспублікі і блізкага замежжа – то і далёка з-за межаў вобласці.
На пытанне, як паўплываў крызіс на яе бізнес, Ганна Мікітаўна паціснула плячыма:
—Практычна ніяк – людзі ж есці не перастануць у любым выпадку. А ў нас усё свежае, паўфабрыкаты рыхтуем самі, мяса бяром у правераных вытворцаў, з якімі супрацоўнічаем шмат гадоў.
І дадае з усмешкай:
—Ведаеце, я заўважыла, што ў крызіс людзі ядуць нашмат больш, чым раней — не паспяваем завозіць у крамы каўбасы.
Ганна Шандарук – вядомы ў раёне чалавек. Яна — дэпутат раённага Савета дэпутатаў, актывіст жаночага руху, мецэнат. Пастаянна – да святаў і без іх, па просьбе і без таго — дапамагае нямоглым: абяздоленым дзецям, старым, хворым, ветэранам. І робіць гэта па абавязку душы, па ўнутранай патрэбе: Ганна Мікітаўна лічыць, што ў свой час Бог дапамог ёй устаць на ногі – а сёння яна павінна аддаваць даўгі.
І ўсё ж, нягледзячы на ўсе лічбы і факты, якія сведчаць пра паспяховасць бізнесу Ганны Шандарук, на словы аб яе строгасці і патрабавальнасці, класічную “бізнес-вумэн” яна ніяк не нагадвае: мілая, абаяльная, прыгожая, я б сказала — цёплая жанчына, якая ў вечаровай адзіноце піша вершы – шчырыя, шчымлівыя, выпакутаваныя…



АЗЁРНЫЯ ЯБЛЫЧКІ

Пра СВК “Азёры” ведае ці хоць бы калі-небудзь чуў кожны, хто хоць крыху цікавіцца справамі ў сельскай гаспадарцы. Гэта – адна з найбольш паспяховых гаспадарак у Гродзенскай вобласці, ды і ў рэспубліцы яна — не на апошнім месцы. Толькі адна лічба – гадавы абарот у 55 мільярдаў рублёў – гаворыць сама за сябе.
“Азёры”, як расказаў нам старшыня СВК Аляксандр Мікалаевіч Шышко, — гаспадарка шматпрофільная. Тут вырошчваюць збожжавыя, цукровыя буракі, займаюцца вытворчасцю малака і мяса. Акрамя гэтага, добрым падспор’ем для бюджэту кааператыву з’яўляецца ўласная паляўнічая гаспадарка – да слова сказаць, у мясцовых лясах самая вялікая ў свеце пасля Белавежскай пушчы папуляцыя зуброў, іх статак налічвае 165 галоў, і 6 галоў у год дазваляецца здабыць паляўнічым – а кожнае такое ўдалае паляванне каштуе 12 тысяч еўра. Акрамя таго, у “Азёрах” свая рыбная гаспадарка – тры вадзяныя “люстры” памерам 57 гектараў дазваляюць забяспечваць сваіх работнікаў, прадаваць білеты аматарам-рыбаловам і, вядома ж, рэалізоўваць адборную рыбу.
Але сёння самы выгадны накірунак у сельгасвытворчасці, перакананы Аляксандр Мікалаевіч, — гароднінаводства і садаводства. Праўда, пры адной абавязковай умове – наяўнасці гародніна- і фруктасховішчаў. У адваротным выпадку гэтую справу не варта і пачынаць.
У “Азёрах” садаводства – як, здаецца, і ўсё, чым тут займаюцца — пастаўлена на салідную аснову. Сад займае ў гаспадарцы амаль сто гектараў. У ім вырошчваюцца ў асноўным яблыкі і грушы. Два фруктасховішчы, на тысячу тон кожнае, дазваляюць рэалізоўваць яблыкі круглы год — іх прадаюць 2,5 тысячы тон. І калі зараз цана ападкаў складае 2,6 тысячы рублёў, а таварнага яблыка – 4 тысячы, то ці варта гаварыць, што вясной яна будзе непараўнальна больш высокай? Рэнтабельнасць галіны ў 60 працэнтаў сведчыць: садаводства – справа не толькі надзвычай карысная для людзей, але і выгадная для гаспадаркі.



АДПАЧЫНАК З КАРЫСЦЮ І КАМФОРТАМ

Калі паспяховасць бізнесу Ганны Шандарук – гэта выключна яе ідэі, ініцыятыва, праца, творчасць і ўласныя сродкі; калі ў СВК “Азёры” гэта — справа кааператыўная і тут, трэба думаць, не абышлося бе падтрымкі дзяржавы, то, гаворачы пра санаторый “Азёрны” многія хмыкалі: ну канешне, гэта — уласнасць Нацыянальнага банка краіны, лёгка быць разумным, калі грошы туды ўкладзены – будзь здароў!
Так, сапраўды, грошы ўкладзены немалыя – і гэта радуе: у нас можна адпачыць і паправіць здароўе з камфортам. У “Азёрным” ёсць магчымасць атрымаць усё неабходнае медыцынскае абслугоўванне. Па словах дырэктара гэтага акцыянернага таварыства Аляксандра Міхайлавіча Купрашэвіча, прасцей сказаць, якога самага сучаснага медыцынскага абсталявання тут няма. Адпачываючыя могуць не толькі паправіць здароўе — ім забяспечана камфортнае пражыванне, разнастайнае, смачнае і карыснае харчаванне, цікавая культурная праграма.
Але неаднойчы даводзілася назіраць такую сітуацыю: грошы ў нейкую справу, праект, аб’ет укладзены – і нібы закапаны ў зямлю, няма ад іх аддачы. Бо людзі, якім даверана апекавацца новым аб’етам, развіваць справу, рухаць праект, адносяцца да яго па-спажывецку: маўляў, далі раз – дадуць і яшчэ.
А ў “Азёрным” – не так. Санаторый знаходзіцца на самаакупнасці, рэнтабельнасць яго дзейнасці – 12 працэнтаў, і яго супрацоўнікі пастаянна знаходзяцца ў пошуку: што б яшчэ прапанаваць людзям, каб яны ехалі сюды з ахвотай? Хоць, па праўдзе кажучы, цяжка ўявіць, што некаму ў “Азёрным” можа не спадабацца – адзін аквапарк чаго каштуе! Карыстанне якім — дарэчы, як і танцы, і кіно, і канцэрты, і многае іншае — тут бясплатнае: ну дзе такое яшчэ ўбачыш?! Не дзіва, што каля трэці адпачываючых тут — замежныя госці, у асноўным – расіяне; ад’язджаючы, людзі плануюць свой прыезд на наступны год. А “Азёрны” прапануе і туры выхаднога дня – для тых, у каго няма магчымасці адпачыць тыдзень, два ці тры, і гібкі графік заездаў-прыездаў – усё робіцца для зручнасці кліентаў. Санаторый, дзе поўнасцю створана безбар’ернае асяроддзе, раз у год праводзіць спецыяльныя акцыі, запрашаючы на адпачынак дзяцей-інвалідаў – абсалютна бясплатна. Усё гэта сведчыць: немалыя грошы ў рэканструкцыю здраўніцы ўкладзены недарэмна, яны працуюць і прыносяць карысць людзям.
Удзельнікі семінару ў той дзень наведалі шмат іншых аб’ектаў: Парэчскую школу і Дом культуры, дзе энтузіясты адраджаюць старадаўняе беларускае рамяство – ткацтва: ах, як захоплена дзяўчынкі-школьніцы прыбівалі бёдрам уток, датыкаючы першы ў сваім жыцці ручнік! І санаторый “Парэчча”, дзе няма шыку і лоску “Азёрнага” – але таксама відаць творчы падыход і імкненне зрабіць адпачынак людзей камфортным.
І зноў і зноў пераконваліся: не грошы вырашаюць поспех справы. А найперш – людзі справы, якія здольны гарэць самі і запаліць сваёй ідэяй іншых. Калі гэты агеньчык гарыць — тады ўсё атрымаецца, і поспех будзе проста непазбежны!


Ніна РЫБІК.