25 верасня – Дзень машынабудаўніка

15:15 / 23.09.2011












На Астравецкім заводзе “Радыёдэталь” сфарміравалася некалькі напрамкаў развіцця вытворчасці. Зборачна-мантажны ўчастак займаецца вытворчасцю электраразмеркавальнай і рэгулюючай апаратуры, участак металаапрацоўкі спецыялізуецца на выпуску агульнамашынабудаўнічых вузлоў і дэталей, а як робяцца вароты, агароджы, металічныя дзверы, рашоткі і многае іншае, можна ўбачыць на ўчастку зварных металаканструкцый.

З нагоды прафесійнага свята – Дня машынабудаўніка – мы вырашылі бліжэй пазнаёміцца з работай самага мужчынскага, на мой жаночы погляд, участка – металаапрацоўкі.
Менавіта тут на вялізных станках метал у руках прафесіяналаў ператвараецца ў карысныя рэчы – агульнамашынабудаўнічыя вузлы і дэталі, крапёжныя вырабы, вырабы з дроту. Практычна ўся электрамантажная група тралейбусаў, якія выпускаюцца заводам “Белкамунмаш”, – вытворчасці нашага цэха металаапрацоўкі. Акрамя таго, прадукцыя ўчастка пастаўляецца на такія буйныя прадпрыемствы рэспублікі, як ААТ “МАПІД” г. Мінск, ААТ “Радыётэхніка” г. Ашмяны, СП “Тантал” г. Мінск, УП “Мінатор-Сэрвіс”. З пачатку года на ўчастку было выраблена прадукцыі на суму 660 мільёнаў рублёў, а гэта 30 працэнтаў у аб’ёме вытворчасці завода.
Вялікая ўвага на ўчастку металаапрацоўкі надаецца мадэрнізацыі і тэхпераўзбраенню. Аснашчанасць цэха станкамі з лічбавым праграмным кіраваннем дае магчымасць асвойваць новыя камплектуючыя для сельскагаспадарчай тэхнікі: перахаднікі, штуцэры, восі і іншыя дэталі з больш складанай канфігурацыяй і высокадакладнымі памерамі.






І ўся вытворчасць ляжыць на плячах 18 чалавек, якія працуюць у гэтым цэху пад кіраўніцтвам маладога начальніка ўчастка Цімафея Аляксандравіча Лук’янава. Цімафей родам з Віцебскай вобласці, скончыў Гарадоцкі аграрна-тэхнічны каледж па спецыяльнасці “тэхнік-механік”, працаваў 2 гады ў калгасе, затым дыспетчарам у ДРБУ. А ў канцы 2010 года ў сувязі з пераменай месца жыхарства прыехаў у Астравец. Менш чым год працуе Цімафей на заводзе “Радыёдэталь”, але ўжо зарэкамендаваў сябе як добры спецыяліст і строгі, але справядлівы кіраўнік сярэдняга звяна. Яго задача – правесці інструктаж, размеркаваць абавязкі паміж рабочымі, пракантраляваць, каб работа была выканана своечасова і якасна.
А працуюць тут сапраўдныя прафесіяналы. Шмат рабочых звязалі з заводам усё сваё жыццё – бачылі часы росквіту, заняпаду і аднаўлення прадпрыемства. Так, ужо больш за 30 гадоў працуюць фрэзероўшчыкамі на ўчастку металаапрацоўкі Часлаў Іосіфавіч Калтан, Валянцін Іванавіч Рэвака і Міхаіл Адамавіч Мешкіс. Часлаў Іосіфавіч трапіў на завод у 1980 годзе пасля заканчэння Смаргонскага прафтэхвучылішча і службы ў арміі, а Валянцін Іванавіч пасля школы два гады адпрацаваў у калгасе, а ў 1977 годзе прыйшоў зусім яшчэ маладым хлопцам уладкоўвацца на працу на “Радыёдэталь”, дзе і асвойваў азы прафесіі фрэзероўшчыка. З 1976 года працуе на заводзе і Міхаіл Адамавіч. Гэта касцяк прадпрыемства, верныя, адданыя, незаменныя работнікі, якія душой хварэюць за сваю справу. А маладыя работнікі беражліва ставяцца да таго вопыту, які назапасілі і перадалі ім настаўнікі. Аператары станкоў з лічбавым праграмным кіраваннем Іван Мальдзіс і Андрэй Гасперскі сваёй добрасумленнай працай даказалі, што падрасла дастойная змена.



Нягледзячы на тое, што металаапрацоўка – справа мужчынская, у цэху можна сустрэць і прадстаўніц слабай паловы чалавецтва. Жанчыны тут працуюць свідравальшчыкамі і штампоўшчыкамі. А кантралёру Святлане Уладзіміраўне Ліпскай здаецца “на праверку” гатовая прадукцыя. Каб заваяваць давер кліентаў, якасць павінна быць на самым высокім узроўні. Менавіта да гэтага і імкнуцца работнікі прадпрыемства.
Мовай лічбаў

ААТ “Астравецкі завод “Радыёдэталь” спецыялізуецца на выпуску шнуроў, электраўстановачных вырабаў, электраразмеркавальнай апаратуры, агульнамашынабудаўнічых вузлоў і дэталей, вырабаў з дроту, крапежных вырабаў, зварных металаканструкцый (дзверы, агароджавыя пралёты, урны, ліхтары, агароджы для жывёлагадоўчых ферм).
За 1 паўгоддзе 2011 года аб’ём вытворчасці таварнай прадукцыі ў дзеючых цэнах склаў 1632 мільёны рублёў.
Тэмп росту аб’ёмаў вытворчасці да адпаведнага перыяду 2010 года склаў 114,8 працэнта.
Інвестыцыі ў асноўны капітал склалі 37 мільёнаў рублёў. Сродкі былі накіраваны на набыццё зварачнага апарата, стужачнапільнага станка, штампа для вырубкі, для гібкі, формы для заліўкі.
Рэнтабельнасць продажу склала 15,9 працэнта (пры плане – 6,9 працэнта).
Зараз прадпрыемства працуе над рэалізацыяй новага праекта – вядзецца будаўніцтва цэха па вырабу металапрофілю і металачарапіцы.


Вольга ШОЎКУН, фота аўтара.