Перспектывы развіцця будаўнічай галіны Астравеччыны

14:36 / 16.08.2011
7442
14 жніўня ў краіне адзначаўся Дзень будаўніка

Пра стан спраў у будаўнічай галіне раёна і перспектывы яе развіцця з улікам рэалій сённяшняга дня расказвае намеснік старшыні Астравецкага райвыканкама па будаўніцтву Віктар Мікалаевіч Аксютчык.


—Віктар Мікалаевіч, ахарактарызуйце, калі ласка, сітуацыю ў будаўнічай галіне раёна.
—Калі коратка, то яна дастаткова складаная. Існуе шэраг праблем, вырашэннем якіх мы займаемся штодзённа. Але тым не менш будаўнічая галіна жыве і будзе жыць – чуткі пра яе заўчасную смерць, калі такія і ёсць, моцна перабольшаны. Як гаварыў герой аднаго вядомага анекдота, — не дачакаюцца…
—А калі больш падрабязна? Ведаю, што наш раён крытыкаваўся за невыкананне праграмы па ўводу жылля. Адпаведнае пытанне нават было вынесена на разгляд раённага выканаўчага камітэта.
—Так, праграма шасці месяцаў не выканана. Прычым я б хацеў адзначыць: менавіта праграма па ўводу жылля ў шматкватэрных дамах. І менавіта паўгоддзя. Але я думаю, што па выніках года яна будзе закрытая.
Справа ў тым, што гадавая праграма будаўніцтва жылля разбіваецца па кварталах: у першым трэба здаць у эксплуатацыю чвэрць плана, за паўгоддзе – 50 працэнтаў. А шматкватэрны дом, як вы разумееце, па кватэрах не здаецца. Зараз мы будуем два кааператыўныя дамы — 69-цікватэрны, якія плануецца здаць у чацвёртым квартале, узводзяць будаўнікі МПМК-158. Яны ж пачыналі работы і на 60-кватэрным кааператыве ЖБК-15. Але насуперак вядомай ісціне, што коней на пераправе не мяняюць, нам у разгар будаўніцтва дома давялося змяніць падрадчыка. Рабочыя нашага МПМК проста не спраўляліся з аб’ёмамі, а дапамогі ад іншых будаўнічых арганізацый аб”яднання “Гроднааблсельбуд”, як было дамоўлена спачатку, мы не дачакаліся. Пагэтаму па агульнай дамоўленасці аддалі гэты дом на падрад Смаргонскаму будаўніча-мантажнаму трэсту №41, які ўжо будаваў у нашым раёне не адзін аб’ект і зарэкамендаваў сябе як надзейны партнёр. Смаргонскія будаўнікі абяцаюць, што пры ўмове стабільнага фінансавання і гэты дом да канца года будзе здадзены ў эксплуатацыю. Так што ёсць усе падставы спадзявацца, што гадавы план ўводу шматкватэрнага жылля будзе выкананы. Як і жыллёвая праграма ў цэлым.
Хоць трэба зазначыць, што яна сёлета вельмі напружаная. У мінулым годзе мы здалі ў эксплуатацыю 19 тысяч квадратных метраў жылля. Каб зразумець, многа гэта ці мала, скажу, што звычайна будавалі ў год 8-10 тысяч. Але летась былі ўведзены ў эксплуатацыю 119 кватэр для будаўнікоў атамнай электрастанцыі – гэта і дало такі агульны вынік. Сёлета нам з улікам мінулагодняй лічбы даведзена заданне ў 18 тысяч квадратных метраў, а атамшчыкі здадуць толькі адзін дом замест запланаваных двух. Праграму нават з улікам гэтых аб’ектыўных абставін нам, нягледзячы на нашы просьбы, ніхто карэкціраваць не стаў, і яе трэба выконваць. Выручаюць індывідуальныя забудоўшчыкі – хоць і з імі трэба працаваць, прычым з кожным асабіста. Сёлета індывідуалы ўжо ўвялі ў эксплуатацыю дзве з паловай тысячы квадратных метраў жылля пры заданні 1800, а да канца года, разлічваем, гэтая лічба складзе 3800 квадратных метраў.
—Вы нічога не сказалі пра будаўніцтва жылля ў вёсцы – гэта ж таксама важная складаючая агульнай праграмы.
—Першапачаткова на гэты год было запланавана пабудаваць у адпаведнасці з прэзідэнцкімі ўказамі 30 домікаў у сельгаскааператывах раёна. На сённяшні дзень здадзена ў эксплуатацыю 20. На астатнія дзесяць, якія ўзводзіліся ў СВК “Варняны” і “Гудагай”, прыпынена фінансаванне. І, адпаведна, яны выключаны з праграмы будаўніцтва на гэты год.
—Як абстаяць справы ў нашай адзінай будаўнічай арганізацыі – МПМК-158?
—Трэба адзначыць, што за апошнія гады арганізацыя значна прыбавіла ў рабоце. Дастаткова сказаць, што колькасць працуючых тут павялічылася амаль у тры разы. За першае паўгоддзе нашы будаўнікі асвоілі каля 13 мільярдаў рублёў, а па выніках года гэтая лічба павінна дасягнуць 25 мільярдаў – гэта вельмі істотныя аб’ёмы, за якімі стаіць напружаная праца ўсіх – ад кіраўніка і спецыялістаў да радавых працаўнікоў.
Але ў арганізацыі ёсць і сур’ёзныя праблемы. Першая з іх – фінансаванне, дакладней, яго нестабільнасць. Сёння без праблем ідзе фінансаванне толькі жыллёва-будаўнічых кааператываў, але невядома, як доўга гэта працягнецца. У сувязі з крызісам у краіне адчуваецца недахоп рэсурсаў для крэдытавання жылля. Пакуль што на створаных кааператывах гэта яшчэ не адбілася, але фарміраванне новых мы пакуль прыпынілі – да стабілізацыі і праяснення сітуацыі.
Іншыя ж аб’екты – будаўніцтва жылля на вёсцы, ферм – фінансуюцца, так бы мовіць, час ад часу. Але ж будматэрыялы трэба закупляць бесперапынна, прычым сёння – толькі па папярэдняй аплаце. Да таго ж кошт іх узрос у разы – а задачу стрымліваць кошт аднаго квадратнага метра жылля ніхто не адмяняў. У выніку нашы будаўнікі сёння апынуліся ў вельмі непрыемных эканамічных нажніцах: розніца паміж дэбіторскай і крэдыторскай запазычанасцю складае каля мільярда рублёў.
Да таго ж тэмпы будаўніцтва стрымлівае дэфіцыт будаўнічых матэрыялаў, асабліва цэменту. Ды і іншых таксама.
І трэцяя вострая праблема – недахоп кадраў будаўнікоў. У апошні час намеціўся іх адчувальны адток. Больш за 50 самых лепшых работнікаў выехала на заробкі за мяжу, найперш – у Расію.
—Нешта не вельмі вясёлая карціна атрымліваецца…
—Вось толькі ў паніку кідацца не варта! Перажывалі мы і горшыя часы. Я сёння ўспамінаю, калі семнаццаць гадоў прыйшоў на гэтую пасаду, у раёне ўвогуле амаль нічога не будавалася. Адзіны жыллёва-будаўнічы кааператыў уяўляў сабой выкапаны катлаван, у якім жабы квакалі. А сёння мы пры ўсіх нашых праблемах збіраемся пачынаць узвядзенне семнаццатага – ці ж гэта не дасягненне? А паглядзіце, колькі домікаў пабудавана на вёсцы – хаця таксама ў свой час, калі кіраўнік дзяржавы падпісаў першы ўказ на гэтую тэму, не было ні праектаў, ні пляцовак. Усё пачыналі з нуля.
Галоўнае цяпер – працаваць, шукаць выйсце з кожнай вострай сітуацыі, вучыцца эканоміць, дапамагаць адзін аднаму.
—І святкаваць? Што б вы хацелі пажадаць у дзень прафесійнага свята будаўнікам раёна?
—Святкаваць – абавязкова! Бо жыццё – гэта не толькі будні, але і святы.
Увогуле будаўнікі – гэта, на маю думку, святыя людзі. Толькі, на жаль, праца іх недаацэненая. Часцей за ўсё мы любім тыцкаць пальцам: тут не так зрабілі, і гэта не гэтак. А калі падумаць, у які час гэта рабілася, з якіх матэрыялаў, якімі інструментамі… Ды і, калі па справядлівасці, то сёння не толькі тэмпы, але і якасць будаўніцтва непараўнальная з той, што была яшчэ дзесяць гадоў таму, не кажучы ўжо пра больш аддалены час.
Усім будаўнікам раёна ў святочны дзень хачу падзякаваць за працу. І пажадаць усяго самага добрага – здароўя, удачы,сямейнага дабрабыту. Упэўнены: усе цяжкасці мы пераадолеем і выйдзем на новыя вышыні і новыя дасягненні.


Гутарыла Ніна РЫБІК.

Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений