Тыдзень postfactum: ЗША пагражае банкруцтва?

08:29 / 20.07.2011
7039
Мінулы тыдзень вачамі журналіста Эдуарда Свірыда

Гэта магло б падацца жартам, аднак Злучаным Штатам Амерыкі на самой справе не да жартаў. Як заявіў на мінулым тыдні прэзідэнт гэтай краіны Барак Абама, калі рэспубліканская большасць у сенаце не дасць дазвол на павышэнне планкі дзяржаўнага доўгу, 3 жніўня 27 мільёнаў амерыканскіх пенсіянераў могуць не атрымаць пенсію.


У свеце ўсур’ёз загаварылі аб дэфолце ЗША.


Гэта здаецца неверагодным – але гібель “Тытаніка” таксама здавалася неверагоднай.


Па падліках уплывовага інфармацыйнага агенцтва “Associated Press” у кожным долары, на які сёння жыве Амерыка, 41 цэнт пазычаны. Аднак і гэта яшчэ не ўсё. Дэфіцыт бюджэту ЗША на гэты дзень складае 1,7 трлн. долараў.


Рэспубліканцы, традыцыйныя сапернікі дэмакратычнай партыі, прапануюць істотна скараціць выдаткі. Што гэта такое, тлумачыць не трэба: змяншэнне зарплат, працоўных месцаў, сацыяльных праграм, пенсій, дапамог і г.д. За год да прэзідэнцкіх выбараў ісці на падобны крок – усё роўна, што пілаваць сук, на якім сядзіш. Таму Абама і настойвае на чарговай пазыцы.


Па меркаванню амерыканскага выдання “Financial Times”, у выпадку, калі дэмакратам і рэспубліканцам дамовіцца так і не атрымаецца, ЗША могуць аб’явіць дэфолт – што, на думку газеты, будзе падобна на сусветны землятрус.


У сітуацыі, якая склалася, многія не без падстаў бачаць палітычныя інтрыгі. А раз так, то з вялікай доляй верагоднасці можна выказаць здагадку, што, патузгаўшы крыху “коўдру” ў свой бок і папоўніўшы ўласны запас асабістых амбіцый, амерыканскія палітыкі прымуць усё ж  рашэнне, аб якім просіць прэзідэнт. Цікавіць іншае – ці знойдуцца ў ЗША крэдыторы?


Каб зразумець сутнасць пытання, ёсць патрэба ў невялікай даведцы.


Схема дзяржаўнай пазыкі ў ЗША даволі простая. Міністэрства фінансаў (казначэйства) выпускае дзяржаўныя каштоўныя паперы, якія па намінальнаму кошту могуць набыць банкі, інвестыцыйныя фонды, цэнтральныя банкі краін. На гэты час буйнейшымі крэдыторамі Злучаных Штатаў з’яўляюцца Японія і камуністычны Кітай. Расія таксама набывала амерыканскія каштоўныя паперы і ў спісе крэдытораў займае 8-ае месца.


Увогуле, праблем з ліквіднасцю гэтых каштоўных папер ніколі не існавала. ЗША заўсёды лічыліся эталонам фінансавай стабільнасці, таму набываць паперы казначэйства было выгадна і лічылася надзейным сродкам захавання капіталу.


Выгадна гэта было і Злучаным Штатам. Уявіце, што, напрыклад, Беларусь разлічваецца са сваім знешнім доўгам беларускімі рублямі. Дастаткова ўключыць пячатны станок – і …


Прыкладна такую карціну мы сёння і назіраем. Спрытныя да вобразных параўнанняў журналісты падлічылі, што, калі ўвесь сённяшні дзяржаўны доўг ЗША скласці ў стос са стодоларавых купюр, ён перавысіць дыяметр зямлі! Гэта не можа не адбівацца на даверы і, адпаведна, на даходнасці амерыканскіх каштоўных папер. Сёння яна з’яўляецца мінімільнай, каля 2-3 працэнтаў, і імкліва набліжаецца да нулявой адзнакі.


Таму, калі нават рэспубліканцам і дэмакратам удасца дамовіцца і парог дзяржаўнага доўгу будзе павялічаны, то вялікае пытанне, ці знойдуцца тыя, хто пажадае набыць аблігацыі. Вось гэта ўжо будзе праблема, якую размовамі-дамовамі не вырашыш. Таму што, як вядома, дружба – дружбай, а грошыкі – паасобку. Вось тады ўжо адбудзецца сапраўднае банкруцтва дзяржавы, якое будзе багата на сумныя наступствы для ўсяго свету.


Сучасная міжнародная фінансавая сістэма далёкая ад ідэальнай і рацыянальнай. За выключэннем бяднейшых краін кшталту Гаіці, вінаватыя ўсе і ўсім. Іншая справа – хто каму больш. У гэтым сэнсе, калі б усе крэдыторы ЗША сёння “выкінулі” свае каштоўныя паперы на біржу – заўтра Амерыкі як дзяржавы ўжо б не існавала. Затым настала б чарга іншых. Таму што некаму свае грошы пазычылі і ЗША.


Свайго роду гэта глабальная фінансавая піраміда, у якой правяць баль спекулянты ўсіх масцей: інвестары, трэйдары, брокеры, “быкі” і “мядзведзі” – прафесійныя гульцы на біржы. Дзяльцы, якія не займаюцца вытворчасцю і робяць грошы літаральна з паветра.


Любая цаглінка, выбітая з гэтага будынка, немінуча яго разбурыць. А ЗША не цаглінка – фундамент...

Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений