Актуальнае інтэрв'ю: якім будзе ўраджай 2011 года

16:03 / 14.07.2011

Сёлетняе лета атрымалася вельмі хуткацечным. Напэўна, з-за зацяжных халадоў, перманентная прысутнасць якіх ніяк не састыкоўвалася з каляндарнымі данымі. У суботу цяпло вярнулася, а з ім “пад ручку” і ўсведамленне: палова лета ўжо, лічы, за плячыма. А не верыш – выйдзі ў поле. Бачыш, хлеб даспявае, а кветкі ў бульбы прысохлі? Яшчэ пару тыдняў – і караваны камбайнаў паплывуць па залатым моры збажыны, пакідаючы за сабой калючае іржышча. Мільёны зярнятак хлынуць у амбары, і водар новага хлеба паплыве над краінай…
А пакуль да жніва, як кажуць, яшчэ трэба дажыць, даць папярэднюю ацэнку ўраджаю-2011 мы папрасілі намесніка начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання па раслінаводству Міхаіла Мечыслававіча ШЛЫКОВІЧА.


–Міхаіл Мечыслававіч, калі, на вашу думку, распачнецца сёлетняя ўборка?
–Мяркуючы па цяперашнім стане збажыны, жніво ў раёне распачнецца прыкладна 25 ліпеня – тэрмін з разраду сярэднегадавых. Вядома, калі свае карэктывы не ўнясе надвор’е. Хаця некалькі камбайнаў ужо ўключылі малацілкі – распачалася ўборка насеннікаў купоўкі зборнай і аўсяніцы.
–Наступнай культурай традыцыйна стане азімы рапс?
–Так. Закавыка толькі ў тым, што з 2600 гектараў азімага рапсу, пасеяннага з восені, убіраць давядзецца  ўсяго 152 гектары. Пасевы крыжакветнага вымерзлі, лічы, поўнасцю. Вядома, зямля не засталася “гуляць” – на 2070 гектарах мы пасеялі рапс яравы. І ён атрымаўся… Загадваць рана, але віды на ўраджай яравога рапсу нядрэнныя.
–Праблематычнай, наколькі ведаю, аказалася зімоўка і для збожжавых культур – амаль палову азімага кліну давялося перасяваць. Які ўраджай выспеў на ацалелай частцы азімай збажыны?
–Як вам сказаць?.. Не з разраду рэкордных. На большасці пакінутых без перасеву ўчасткаў назіралася павышаная зрэджанасць – фактычна мы павінны былі перасеяць значна большую плошчу. Але ў такім выпадку нам не ўдалося б засыпаць насенны фонд азімых збожжавых культур і прыйшлося б на асеннюю пасяўную купляць насенне, а на гэта пры сёлетніх цэнах спатрэбіліся б вельмі грунтоўныя сумы. Так што вымушаны былі пакінуць зрэджаныя ўчасткі, на якіх была  пасеяна эліта або збожжа першай рэпрадукцыі. Але на іх… Вядома, святое месца пустым не бывае – нягледзячы на своечасова праведзеную хімічную праполку, так званая другая “хваля” пустазелля заняла “вакантныя месцы”. Так што нярэдка на азімых назіраецца павышаная засмечанасць.
–Як кажуць, каго не задавіў мароз, таго дагнала засуха… Як перажылі спякотныя дні мая і пачатку чэрвеня яравыя збожжавыя культуры?
–На лёгкіх  пясчаных і супясчаных глебах азначалася прыкметнае прыгняценне раслін яравых збожжавых культур. Як паказала абследаванне, значныя пашкоджанні ад засухі зафіксаваны на 1936 гектарах. У тым ліку 614 гектараў ячменю, 579 – пшаніцы, 219 – аўса. На такіх участках вялікая верагоднасць узнікнення пустакалосіцы або колас атрымаецца лёгкім, а зерне – шчуплым. Страты маглі быць куды больш значнымі, калі б не задажджыла. А так…
–А так збожжа “адпілося”. Якую адзнаку вы паставілі б ураджаю, што даспявае на астравецкіх нівах?
–Адзнаку выстаўляць рана. Ці мала што яшчэ можа здарыцца! І палажыць, і пакруціць, і колас можа прарасці з-за бясконцых дажджоў (было такое на маёй памяці). А так, калі браць увогуле, то ўраджай спее нядрэнны. Прынамсі, у параўнанні з мінулым годам –  больш цяжкакалосны.
–Міхаіл Мечыслававіч, зыходзячы з няўдач папярэдніх гадоў – ці збіраюцца гаспадаркі раёна ўносіць карэктывы ў пасяўныя плошчы азімых культур?
–Так, мы скарачаем плошчу азімых культур – збожжавых і рапсу (апошняга – на тысячу гектараў). І на ўчастках, пасеяных з восені пад ураджай наступнага года, пастараемся выканаць усе патрабаванні: тэрміны сяўбы, падрыхтоўку глебы, унясенне мінеральных угнаенняў.
–Якая нагрузка на камбайн чакаецца сёлета?
–З улікам трынаццаці новых камбайнаў КЗС – 12-18, якія часткова паступілі ў гаспадаркі раёна, а рэшта паступіць з дня на дзень, нагрузка на адзін агрэгат будзе блізкай да аптымальнай і складзе 203 гектары.
–І адпаведна – за колькі дзён пры аптымальным надвор’і такім камбайнавым паркам можна ўбраць існуючы клін збожжавых культур?
–Наяўную плошчу азімых і яравых збожжавых, а таксама зернебабовых рэальна можна ўбраць за 20 дзён.
–Які план паставак даведзены нашаму раёну?
–У адпаведнасці з дзяржзаказам мы павінны паставіць на перапрацоўчыя прадпрыемствы 3,5 тысячы тон пшаніцы, 1,5 тысячы тон жыта, 1 тысячу тон аўса, 220 тон грачыхі, 1180 – трыцікале, 200 – ячменю харчовага,  2200 – піваварнага.
–Што новага ў цэнавай палітыцы? Ці ўзрастуць закупачныя цэны на збожжа?
–Цэны ўзраслі яшчэ ў красавіку. Тона піваварнага ячменю, да прыкладу, каштавала 390 тысяч рублёў, цяпер – 550 тысяч;  ячменю харчовага адпаведна 385 і 491 тысяча рублёў, фуражнага – 250 і 390 тысяч рублёў. І гэта, думаю, не мяжа – закупачныя цэны на збожжа павінны падняцца яшчэ.
–А як пачувае сябе “другі хлеб”? Ці не забыліся пра яго ў клопатах аб першым?
–Ні ў якой ступені. На бульбянішчах раёна праведзена і своечасовая хімпраполка, і апрацоўка ад каларадскага жука. Цяпер вось распачынаем трэцюю фунгіцыдную апрацоўку ад фітафтарозу. Глядзіцца бульбачка выдатна, ёсць надзея, што  яна дасць лепшы ўраджай, чым у мінулым годзе.
–А лён?
–З лёнам назіраюцца пэўныя праблемы. Сёння ў нашым раёне вырошчваннем гэтай культуры займаюцца толькі дзве гаспадаркі – СВК “Варняны”  і саўгас “Падольскі”. Агульная плошча вырошчвання лёну складае 350 гектараў. І састарэлымі льнокамбайнамі разаслаць лён, асабліва пры высокай ступені яго сёлетняй палегласці, будзе складана. У мінулым годзе Смаргонскі льноперапрацоўчы завод прысылаў нам у дапамогу сваю высокапрадукцыйную тэхніку, а сёлета смаргонцы самі пасеялі тысячу гектараў лёну, так што нам складана разлічваць на іх дапамогу. Прасіць, канешне, будзем…
–Нельга не пацікавіцца і станам “стратэгічнай” культуры – грачыхі. Як яна “пажывае”?
–Нармальна. Сёлета мы пасеялі 460 гектараў гэтай культуры. Цяпер грачыха цвіце, і мы арганізавалі вываз у поле апыляльнікаў – свае пчоласем’і размясцілі на грачышных палях лясгас,  фермеры, гаспадаркі раёна… З разліку 2-3 сям’і на гектар грачыхі. Вучоныя сцвярджаюць, што гэта павінна даць каля пяці цэнтнераў прыбаўкі ўраджайнасці. Паглядзім.
–З асноўных культур незакранутай у нашай размове засталася кукуруза. Як справы ў “каралевы”?
–Расце. Надвор’е ёй відавочна падабаецца. З вясны мы пасеялі 250 гектараў кукурузы па зерневай тэхналогіі, а цяпер, зыходзячы з яе развіцця, думаем абмалаціць на зерне каля 1000 гектараў. Вядома, калі дазволіць надвор’е. Яе хуткае развіццё адбываецца і дзякуючы хуткаспелым гібрыдным сартам украінскай селекцыі  – такім  як “блэк-джэк”, “бліц”, “ушыцкі”.
–І ў заключэнне размовы расскажыце, калі ласка, пра травы. Якім атрымаўся першы ўкос?
–Не рэкордным, таму што з-за халоднай вясны травы развіваліся, але нарастання вегетацыйнай масы не адбывалася. Тым не менш план нарыхтаваць на ўмоўную галаву 7,7 цэнтнера кармавых адзінак мы перавыканалі, фактычна нарыхтаваўшы 10 цэнтнераў кармавых адзінак. У фізічным выражэнні гэта складае 65 тысяч тон сенажу, 3,9 тысячы – сена, 3 тысячы – сіласу. Думаю, што другі ўкос шматгадовых траў плюс кукуруза, ды яшчэ каля пяці цэнтнераў кармавых адзінак пераходзячага запасу… Грамадскі статак будзе забяспечаны кармамі на перыяд будучай зімоўкі.


Гутарку вяла Ганна ЧАКУР.