Сядзіба Клімянкоў з Гудагая

09:02 / 04.04.2011
8468

Аб тым, што Ігар Рыгоравіч Клімянок – чалавек, што называецца, “рукасты”, я чуў даўно. Таму зараней падрыхтаваўся пачуць традыцыйны ў такіх выпадках аповед аб тым, што здольнасці і навыкі яму перадаліся ад бацькі, а бацьку ад дзеда — і гэтак далей, ледзь не да сёмага калена. Якім жа было маё здзіўленне, калі даведаўся, што Ігар Рыгоравіч майстар у першым пакаленні і да ўсяго дайшоў самастойна, з дапамогай патрэбнай літаратуры, жадання, цярпення і “вытворчай” неабходнасці. Яна дала аб сабе знаць у той момант, калі маладая сям’я вырашыла будаваць дом…


Прыняць такое рашэнне двум педагогам ў пачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя – яшчэ той подзвіг! Тым, хто ў той час меў “шчасце” пачынаць сямейнае жыццё, гэта тлумачыць не трэба.
Магчыма, і не спатрэбілася б Ігару Рыгоравічу асвойваць прафесію муляра, а Галіне Уладзіміраўне, яго жонцы, – тынкоўшчыка, калі б не інфляцыя. Яна з’ядала грошы, узятыя ў банку пад працэнты, хутчэй, чым яны заканчваліся. Да таго ж выдавалі іх часткамі. Спачатку расходуеш першую — і толькі затым атрымліваеш другую. Апошняга, трэцяга “траншу” хапіла якраз на печку. Яна, дарэчы, адзінае, што зроблена ў доме не рукамі гаспадароў! Усё астатняе, пачынаючы ад фундамента і завяршаючы дахам – плён рук усёй сям’і.
Дык адкуль жа навыкі? “З Алясінскай школы”, -- адказвае галава сям’і.
Там маладым настаўнікам выпала пачынаць працоўную дзейнасць. Двум фізікам у базавай школе, натуральна, нагрузкі не хапіла, таму кіраўніцтва “дагрузіла” ўсім, чым можна. Ігару Рыгоравічу дасталіся ўрокі працы. Перш, чым ісці да вучняў, рыхтаваўся і вучыўся сам: чытаў падручнікі, часопісы... Практыкаваўся на школьных станках у майстэрні. Так пакрысе стаў набываць неабходныя ўменні, якія з часам ператварыліся ў навыкі.
Усю “сталярку” ў доме – вокны, філёнчатыя дзверы – гаспадар таксама зрабіў самастойна. На дзіва, з самага пачатку матэрыялу амаль не папсаваў. Хоць абачліва рыхтаваў дэталі з запасам: патрэбна 6 філёнак – вырабляў 7.
Такім вось сямейным падрадам у складзе адной мужчынскай сілы, адной – жаночай і двух падлеткавых і ўзвялі ўласнае жытло — светлае, прасторнае і ўтульнае. Сваё, да апошняга цвіка! Заняла гэта будоўля ў сямейнай гісторыі ўсяго тры гады. “Не гады – сезоны”, -- прафесійна ўдакладнілі гаспадары.
Далей паўстала пытанне мэблевага начыння. Ці трэба казаць, што пасля такой грандыёзнай будоўлі, выкананай уласнымі сіламі, выраб мэблі таксама заставаўся ўсяго толькі справай часу? Атрымалася яна на славу! Натуральная, з якаснага дрэва, а не з пілавіння!
Першым сваё месца ў доме заняў кухонны гарнітур уласнай вытворчасці. Усё ў поўным камплекце: шафкі для посуду, стол з табурэткамі і нават мяккі куток.
Затым чарга дайшла да спальнага пакоя. І зноў, як у лепшых вытворцаў па праграме “ўсё ўключана”: ложак, шафа, камода, дзве тумбачкі і тумба пад тэлевізар.
З апошніх вырабаў – выдатная вуглавая шафа.
Каб пералічыць вырабленае Ігарам Рыгоравічам, хапіла некалькіх радкоў. А на выраб адной толькі шафы, між іншым, пайшоў амаль год! Год працы па вечарах і начах, выхаднымі і святамі.
Нехта, канешне, можа крыва ўсміхнуцца: маўляў ці варта было напружвацца, калі ўсё можна ў магазіне купіць? Аднак, па-першае, у тых сумнавядомых 90-х, не так проста было дакупіцца: талоны, чэргі, спісы, “сустрэчны продаж” узамен на свініну ці ялавічыну... Забытыя сёння прыкметы адышоўшага стагоддзя.
А па-другое, абставіць дом шырспажывам з адходаў дрэваапрацоўкі – на тое шмат розуму не трэба.
Тое ж, што стварыў Ігар Клімянок, застанецца магчыма назаўсёды і захавае ў сабе цеплыню чалавечых рук, а не халоднай бяздушнай машыны.


Эдуард СВІРЫД.

Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений