Прапановы аб супрацоўніцтве

15:28 / 11.02.2011

У кінаканцэртнай зале “Астравец” адбылася нарада кіраўнікоў прыватных прадпрыемстваў, індывідуальных прадпрымальнікаў раёна, якія ажыццяўляюць рознічны гандаль, з кіраўнікамі і прадстаўнікамі аптовых баз Гродзенскай вобласці, прамысловых прадпрыемстваў па пытаннях заключэння дагавораў.


На нарадзе выступілі прадстаўнікі аптовых баз “Абутакгандаль”, “Галантарэя”, “Мясамалгандаль”, “Гандальадзенне”, “Бакалея”, а таксама прадпрыемстваў “Гродзенская тытунёвая фабрыка”, “Слонімскі вінзавод”, “Навагрудскі вінзавод”, “Кансервавы завод”, “Белпрамсэрвіс”, “Гроднарыба”. Яны пазнаёмілі ўсіх прысутных з багатым асартыментам тавараў, якія можна заказаць без надбаўкі па цане вытворцы, і запрасілі індывідуальных прадпрымальнікаў і кіраўнікоў прыватных прадпрыемстваў да ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва.
Акрамя таго, граматамі былі адзначаны лепшыя кліенты, з якімі аптовыя базы і названыя прадпрыемствы працуюць ужо не першы год, – гэта кіраўнікі прадпрыемстваў “Анастасіябуд”, “ЮліаГлорыя”, “Наінасэрвіс”, “Бівамід”  і іншыя.
Зацікавіла прадпрымальнікаў выступленне В.Г. Петуновай, галоўнага бухгалтара цэнтра падтрымкі малога бізнесу, які адкрыўся 13 студзеня ў Смаргоні. Падобных цэнтраў у вобласці пяць – два ў Гродне, па адным – у Навагрудку, Слоніме і Смаргоні. Задача ўстановы – гэта інфармацыйная падтрымка прадпрымальнікаў, кансультаванне па арганізацыі бізнесу, прававое і бухгалтарскае забеспячэнне. Пачынаючыя прадпрымальнікі могуць звярнуцца ў цэнтр падтрымкі малога бізнесу, дзе ім дапамогуць скласці бізнес-план, падрыхтаваць дакументы для атрымання крэдытаў, выбраць найбольш выгадную сістэму падаткаабкладання, акажуць паслугі па перакладу, бухгалтарскія паслугі.
Адным словам, сустрэча была плённай і насычанай. Прадпрымальнікі мелі магчымасць заключыць дагаворы з прадпрыемствамі і аптовымі базамі вобласці ці пралангаваць ужо дзеючыя.
Пасля нарады можна было наведаць выставу-продаж з дэгустацыяй прадукцыі, якую прадставілі Астравецкае райспажыўтаварыства, Ашмянскі мясакамбінат, Ашмянскі сыраробны завод, “Смаргонскія малочныя прадукты”.


Вольга ШОЎКУН.