26 верасня – Дзень машынабудаўніка

15:28 / 24.09.2010

У жыцці кожнага чалавека здараюцца ўзлёты і падзенні. А што казаць пра вялікі завод, поспех работы якога залежыць не толькі ад добрасумленнай працы саміх работнікаў, але і ад многіх іншых фактараў.
Так, у мінулым 2009 годзе Астравецкі завод “Радыёдэталь” пад уплывам сусветнага крызісу перажыў не самыя лепшыя часы. З-за скарачэння заказаў у асноўных спажыўцоў-заказчыкаў знізіліся аб’ёмы прамысловай вытворчасці на “Радыёдэталі”. Але, як кажуць, чорная палоска заўсёды змяняецца белай. І ўжо сёння прадпрыемства вяртае свае былыя пазіцыі і, больш таго, — будуе грандыёзныя планы на будучыню: пераўтварэнне яго ў шматпрофільнае прадпрыемства, асваенне новых відаў прадукцыі, тэхнічнае перааснашчэнне.
З нагоды надыходзячага свята – Дня машынабудаўнікоў – мы вырашылі зазірнуць непасрэдна “на кухню” завода і бліжэй пазнаёміцца з работай участка зварных металаканструкцый і зборачна-мантажнага участка.



Жаночая прастора


Зборачна-мантажны ўчастак – сапраўдны “кветнік”. Тут пад кіраўніцтвам начальніка ўчастка Галіны Мечыславаўны Селістроўскай працуе брыгада з 16 цудоўных жанчын – усе яны вопытныя работніцы са стажам.
Валянцін Баляслававіч неаднойчы адзначаў вялікую ролю начальнікаў цэхаў:
– Я заўсёды гаварыў і буду гаварыць, што ўсё пачынаецца з чалавека. Ёсць заводы з лепшым аснашчэннем, але трэба разумець, што без людзей – гэта проста куча металалому.
А пра кар’ерную лесвіцу Галіны Мечыславаўны варта таксама расказаць. На завод “Радыёдэталь” яна прыйшла…дворнікам. У яе была адукацыя, яна скончыла тэхнікум лёгкай прамысловасці ў Літве. Але па сямейных абставінах ёй давялося з Вільнюса пераехаць у Астравец і пайсці працаваць туды, дзе было вакантнае месца – вось і прыйшла Галіна Мечыславаўна на завод дворнікам. Але арганізатарскія здольнасці — не схаваеш, і шэсць гадоў назад яна была назначана начальнікам участка.






Работы ў цэху вельмі шмат – з усёй рэспубліцы паступаюць заяўкі на выраб электраразмеркавальнай і рэгулюючай апаратуры. Вельмі важны фактар поспеху зборачна-мантажнага ўчастка – узаемазамяняльнасць работнікаў і згуртаванасць у іх калектыве. Кожную раніцу брыгада атрымлівае заданне, Галіна Мечыславаўна ставіць зборшчыц на той ці іншы працэс, каб як мага хутчэй выканаць работу.



А потым гатовая прадукцыя здаецца “на праверку” кантралёру Галіне Емяльянаўне Гродзь, якая правярае якасць апаратуры. Для таго, каб заваяваць давер кліентаў і эфектыўна задаволіць іх патрэбы, усе прыборы павінны працаваць беззаганна. Дарэчы, у дзень брыгада вырабляе ў сярэднім 500 адзінак падаўжальнікаў.
Варта адзначыць, што вытворчасць не стаіць на месцы. З сярэдзіны бягучага года пачалі вырабляць падаўжальнікі з электраразеткай. Пашыраецца асартымент падаўжальнікаў з провадам ПВС рознай даўжыні. Вядзецца работа па асваенню вытворчасці шнуроў трохжыльных рознай даўжыні з заліўкай вілкі з зазямляючым кантактам для еўрападаўжальнікаў.
– У планах – наладзіць выпуск вулічных ліхтароў і ўнутраных ліхтароў асвятлення на аснове светладыёдаў, – дзеліцца Валянцін Баляслававіч. – Яны спажываюць у тры разы менш электраэнергіі, што вельмі важна пры яе сённяшняй дарагоўлі.
Ну, што ж. Пажадаем прадпрыемству здзяйснення ўсіх планаў і ідэй. І – стабільнай будучыні.
Каралева ўчастка

Варта адзначыць, што ўчастак зварных металаканструкцый быў створаны ў 2004 годзе, калі кіраўніком завода стаў Валянцін Баляслававіч Гульбіновіч. Пачыналі з простых скрынак для кабеляў, а працаваў на гэтым участку толькі адзін чалавек. Сёння ж гэта самы высокааснашчаны ўчастак – не так даўно былі набыты плазмарэз і профілегіб.
– Сюды мы прылажылі больш за ўсё сіл і ўкладалі шмат сродкаў на абсталяванне, — расказвае дырэктар прадпрыемства Валянцін Баляслававіч Гульбіновіч. – Але ўжо сёння мы бачым аддачу. Так, асваенне вырабу стойлавага абсталявання для ферм дапамагло нам выйсці з крызісу ў 2009 годзе. А ўвогуле выраб зварных металаканструкцый з’яўляецца адным з перспектыўных напрамкаў прадпрыемства і займае трэцюю частку вытворчасці.
У цэху можна ўбачыць, як метал у руках прафесіяналаў пераўтвараецца ў неабходныя людзям рэчы – вароты, агароджы, кантэйнеры для смецця, паштовыя скрынкі, стойлавае абсталяванне для ферм… У апошні год сталі часта звяртацца прыватнікі, якія заказваюць на заводзе вароты, брамкі, пралёты. І ўся гэта вытворчасць ляжыць на плячах пяці чалавек, якія працуюць на гэтым участку. Электразваршчыкі Ігар Лапуня, Яўгеній Юрчык, Іван Дзенісевіч і слесар механа-зборачных работ Аляксандр Алёхна працуюць пад кіраўніцтвам начальніка ўчастка – маладой і апантанай дзяўчыны Святланы Субач.






Дарэчы, многія маладыя людзі могуць браць прыклад са Святланы. Дзякуючы сваёй працавітасці і ўменню ставіць перад сабой мэты і дасягаць іх, яна вельмі хутка ўзнялася па кар’ернай лесвіцы. На заводзе працуе шэсць гадоў. Пасля заканчэння Ашмянскага аграрна-эканамічнага каледжа была справаводкам, потым — дыспетчарам, начальнікам цэх-бюро. І вось у сакавіку гэтага года была прызначана на новую пасаду – начальнікам ўчастка зварных металаканструкцый. Канешне, кіраваць чатырма мужчынамі маладой дзяўчыне не так проста, але яна змагла знайсці з імі агульную мову — і сёння гэта даволі згуртаваны і дружны калектыў. А быць галоўнай яна прывыкла ўжо з дзяцінства – з чатырох дзяцей у сям’і Святлана – старэйшая, таму ёй часта даводзілася займацца выхаваннем малодшых. “Заўсёды павучала сваіх братоў і сястру, а зараз павучаю яшчэ і рабочых”, – смяецца Святлана. А спыняцца на дасягнутым дзяўчына не збіраецца: зараз яна вучыцца на завочным аддзяленні у БДУІР на спецыяльнасці “Эканоміка і арганізацыя вытворчасці”.
Калі гаварыць перспектывы развіцця ўчастка, то зараз заканчваецца працэдура выбару пастаўшчыка па абсталяванню для вырабу металафрофілю і металачарапіцы, што актуальна ў сувязі з перспектывай развіцця пасёлка. Таксама запратрабаваны aircast компрессоры. Акрамя таго, плануецца наладзіць выраб модульных складаў і цэхаў, а таксама лёгкіх канструкцый для стварэння павецяў.
Новыя кадры

У завадскім «палку» прыбыло. Маладыя інжынеры-тэхнолагі Таццяна Валюкевіч і Аляксандр Трызня пасля заканчэння БДТУ былі накіраваны на працу на Астравецкі завод “Радыёдэталь”. Яны – будучыня прадпрыемства, і дырэктар ўскладае на іх вялікія надзеі.





Мовай лічбаў:

За жнівень 2010 года таварнай прадукцыі выраблена ў супастаўных цэнах на суму 179 мільёнаў рублёў, з пачатку года – 1475 мільёнаў рублёў.
Тэмп росту аб’ёмаў вытворчасці да адпаведнага перыяду 2009 года склаў за месяц 149,2 працэнта, з пачатку года – 110,4 працэнта (пры плане 110 працэнтаў).
Удзельная вага новай прадукцыі ў аб’ёме вытворчасці за справаздачны перыяд склала 26,5 працэнта.
Сертыфікаваная прадукцыя ў аб’ёме вытворчасці займае 58,8 працэнта (пры плане 30 працэнтаў).
Сярэднемесячная зарплата за жнівень склала 605,5 тысячы рублёў.
Інвестыцыі ў асноўны капітал за 8 месяцаў склалі 68 мільёнаў рублёў. Яны былі накіраваны на мадэрнізацыю участкаў зварных металаканструкцый і зборачна-мантажнага. Набыты кампрэсарная ўстаноўка, прэс крывашыпны, машына гібачная, літформа.
Кліентамі прадпрыемства з’яўляюцца больш як 100 прадпрыемстваў і гандлёвых арганізацый рэспублікі. Найбольш буйныя – “Белкамунмаш” з Мінска, ААТ “Радыётэхніка” з Ашмян, ААТ “Белгасгандль” з Мінска і іншыя.
У сваім арсенале завод мае 201 адзінку абсталявання.


Вольга ШОЎКУН.