Из первых уст: про уборку урожая рассказывает директор КСУП "Гудогай" Эдуард Садовский

10:19 / 12.08.2017
gniv1.jpg
Жніво, нібыта жатка камбайна, цалкам і без астатку паглынае наваколле – і прапускае праз сябе ўсё і ўсіх: спакойныя вясковыя раніцы і познія вечары напаўняюцца магутнымі галасамі працуючых камбайнаў. Працоўны дзень хлебаробаў падпарадкаваны Яго Вялікасці Жніву – і надвор’ю: кожны колас, кожнае зярнятка сёлета на асаблівым уліку. Саспелы ўраджай як мага хутчэй трэба ўбраць – жнівень блізіцца да свайго экватару. А там не за гарамі – азімая сяўба…
Некалькі гадоў запар першынства на раённым жніве трымае КСУП «Гудагай»: камбайнеры і вадзіцелі гэтай гаспадаркі летась шматліка «засвяціліся» ў пераможцах.
Сёлета гудагайцы таксама па тэмпах і ўраджайнасці пакуль першыя ў раёне, хоць канчатковыя вынікі жніўнага спаборніцтва падводзіць яшчэ рана…
Нягледзячы на шчыльны пра­цоўны графік, штодзённыя турботы і шматлікія тэлефанаванні, дырэктар КСУП «Гудагай» Эдуард Іванавіч САДОЎСКІ вылучыў некалькі хвілін, каб расказаць нам пра сваё жніво.

gniv.jpg

Дырэктар КСУП «Гудагай» Эдуард Іванавіч Садоўскі:
– Ну вось скажыце, хто і калі прыдумаў, што ў сутках – усяго толькі дваццаць чатыры гадзіны? Чаму хоць бы не дваццаць пяць? Ці не трыццаць?
Здаецца, толькі дзень распа­чаўся: праводзіш невялі­кую планёрку, падчас якой раз­мяркоўваецца фронт жніў­ных работ на дзень, хуценька абмяркоўваюцца ўзніклыя пытанні – і звычайна тут жа вырашаюцца; робіцца аб’езд вытворчых раслінаводчых участ­­каў – я і азірнуцца не паспяваю, як сонейка  коціцца за гарызонт… Вось бы хоць у жніўні дні падаўжаліся! Але з божым укладам жыцця, як і з надвор’ем, не паспрачаешся... 
Пачатак жніва на некалькі тыдняў адклалі дажджы: мала­цілі, як ашалелыя, – нельга было выйсці ў поле. А цяпер стаяць сонечныя цёплыя дзянькі – тое, што хлебаробу трэба! Праўда, росы моцныя…
Масавая ўборачная кампа­нія ў нашай гаспадарцы распачалася два тыдні назад з абмалоту рапсу. Крыжакветкавы – а яго сёлета было пасеяна 450 гектараў – добра ўрадзіў: сыпаўся ў бункер пад 40 цэнтнераў з гектара… 
Год на год не прыходзіцца. Сёлета асабліва радуюць азімыя – добра ўрадзілі. Ёсць участкі, дзе трыцікале дае па 60 цэнтнераў на круг. Яравы ячмень нядрэнны. У цэлым ураджайнасць збожжавых складае крыху больш за 45 цэнтнераў. Думаю,  што сёлета валавы намалот перавысіць леташні працэнтаў на 30. Не хочацца загадваць наперад, але, думаю, зможам сабраць 15 тысяч тон збожжа… 
Якая мая любімая культура? Усе! (Усміхаецца) Але найбольш люблю кукурузу і травы. Чаму? Збожжа – збожжам, а без  травяністых кармоў жывёлу не выгадуеш. Найбольшую выручку гаспадарцы прыносіць жывёлагадоўля. Трэба ўсяго мець – і тады ўсё атрымаецца. Хоць сёлетні год складаны – як для ўборкі збожжавых, так і для корманарыхтоўкі – тэрміны ссунуліся…
Да ўборачнай кампаніі падрыхтаваліся грунтоўна. Што­­год імкнёмся абнаўляць тэхніку. У гэтым годзе набылі два збожжа­ўборачныя камбайны айчыннай вытворчасці. Зараз на іх працуюць маладыя механізатары. Праз прам­агралізінг набылі корма­ўбо­рачны камбайн, два прэс-пад­боршчыкі. Восенню плануем паставіць новы зернесушыльны комплекс на зернескладзе «Германішкі», які заменіць трох «пенсіянерак» М819…
Здаецца, сонейка за дзень прагравае і праветрывае ніву – а збожжа ўсё адно вільготнае сыплецца. Даводзім яго да патрэбнай кандыцыі на пяці польскіх сушылках, якім больш за 35 гадоў, і на магутным комплексе «ЛідАрай». 
Мы ж – насенняводчая гаспадарка. Бяздумна зваліць у кучу збожжа – вялікі і недаравальны грэх. З 15 тысяч тон, якія плануем намалаціць, больш за палову пойдзе ў насенны фонд, каб з восені і вясной нам, ды і іншым гаспадаркам, было чым сеяць. Таму не толькі на нівах, але і на зернескладах кіпіць работа: усё збожжа трэба не толькі прасушыць і ачысціць, але і размеркаваць. 
Лепшых і горшых у нас няма. Усе людзі стараюцца, бо разумеюць, што ўборка ўраджаю – агульная справа. Ва ўсіх ёсць пачуццё адказнасці. Хоць, здараецца, зрэдзьчасу ловім парушальнікаў, якіх маральна і матэрыяльна караем за якасць уборкі.
Калі такое надвор’е будзе і далей, то да дваццатых чыслаў жніўня ўправімся з уборкай ура­джаю. Балазе, пад яго зроблены добры задзел, а людзі гатовы працаваць суткамі навылет…
…Якое маё жніво? Складана адказаць на ваша пытанне… Сядзьце каля 6 гадзін раніцы ў машыну, выйдзіце з яе познім вечарам – тады зразумееце, якое маё жніво.
…І ўсё ж шкада, што ў сутках толькі дваццаць чатыры гадзіны!
Генрыху Млынскаму сёлета даверылі новы камбайн
Генрыху Млынскаму  сёлета даверылі новы камбайн

Для вадзіцеля Эдгара Сімановіча сёлетняе жніво – чацвёртае
Для вадзіцеля Эдгара Сімановіча сёлетняе жніво – чацвёртае

Сямейны тандэм у складзе бацькі і сына Івана і Генрыха Бародкаў у лідарах раённага спаборніцтва
Сямейны тандэм у складзе бацькі і сына Івана і Генрыха Бародкаў у лідарах раённага спаборніцтва

Вадзіцель Іосіф Бабіч не першы год шчыруе на жніве
Вадзіцель Іосіф Бабіч не першы год шчыруе на жніве

У поле смачныя абеды хлебаробам прывозіць Дзмітрый Курановіч
У поле смачныя абеды хлебаробам прывозіць Дзмітрый Курановіч

Памочнік камбайнера Аляксандр Ермаковіч
Памочнік камбайнера Аляксандр Ермаковіч

Свой дзень нараджэння камбайнер Яўген Грабоўскі сёлета правёў на жніве
Свой дзень нараджэння камбайнер Яўген Грабоўскі сёлета правёў на жніве

Віктар Грымбоўскі працуе на прэс-падборшчыку
Віктар Грымбоўскі працуе на прэс-падборшчыку

У загадчыка раслінаводчага ўчастка №3 Івана Жытковіча, які ўсё жыццё адпрацаваў на адным месцы, нават прозвішча сімвалічнае – жніўнае
У загадчыка раслінаводчага ўчастка №3 Івана Жытковіча, які ўсё жыццё адпрацаваў на адным месцы, нават прозвішча сімвалічнае –  жніўнае

gniv11.jpg

Запісала Алена ГАНУЛІЧ, фота аўтара.
ostrov-red.ganulich@tut.by


Текст: