Чему научат в Школе сельского бизнеса

14:16 / 31.07.2017

Больш за месяц у вёсцы Камарова Мядзельскага раёна працуе Школа сельскага бізнесу. Пятнаццаць чалавек, якія прайшлі конкурсны адбор, разам з прафесійнымі сталічнымі і замежнымі трэнерамі шукаюць адказы на шматлікія бізнес-пытанні і крок за крокам набліжаюцца да ажыццяўлення мары свайго жыцця – адкрыцця ўласнага бізнесу. Наперадзе – яшчэ тры наборы.

Пра тое, як распачаць сваю справу ў сельскай мясцовасці і зрабіць яе прыбытковай, як распрацаваць бізнес-план і для чаго ён увогуле патрэбен, хто з астраўчан і жыхароў раёна вырашыў кардынальна змяніць сваё жыццё і стаць бізнесменам на вёсцы – каб высветліць усё гэта наш карэспандэнт выправіўся ў Камарова.

kamarova1.jpg

kamarova2.jpg

Ініцыятарам стварэння першага ў Беларусі інкубатара малога прадпрымальніцтва на тэрыторыі Пастаўскага, Мядзельскага, Смаргонскага і Астравецкага раёнаў выступілі грамадскія аб’яднанні “Экапартнёрства” і “Жанчыны за адраджэнне Нарачанскага краю” пры фінансавай падтрымцы Еўрапейскага саюза.

Напярэдадні паездкі зазірнула ў брашурку “Новыя магчымасці для сельскага бізнесу”. Спрошчана ідэя праекта выглядае наступным чынам:  у Школе сельскага бізнесу жадаючых навучаць планаваць і весці свой бізнес, а некаторыя шчасліўчыкі нават атрымаюць грашовую падтрымку на яго рэалізацыю. У ідэале пасля навучання ўчарашнія “студэнты” зоймуцца ўласнай справай і адкрыюць дробныя прадпрыемствы. Гэта можа быць усё што заўгодна: прыдарожны сервіс, пякарня, фітнэс-клуб, вытворчасць мэблі пад заказ, цырульня, фермерская гаспадарка і іншае. Чым не бізнес-інкубатар!

Пра дэталі, нюансы і складанасці ў рэалізацыі праекта развіцця бізнесу ў сельскай мясцовасці, які закране ў тым ліку і Астравецкі раён, журналістам падчас сустрэчы ў Камарова расказалі  арганізатары і каардынатары Школы сельскага бізнесу.

– Ідэя стварыць сельскі бізнес-ікубатар узнікла даўно. Мы ўпэўнены, што развіваць бізнес у сельскай мясцовасці можна гэтак жа паспяхова, як і ў горадзе. І рабіць гэта прасцей, калі ёсць каманда ці кааперацыя, –лічыць дырэктар праекта Эдуард Вайцяховіч. – Плануецца, што цэнтр малога прадпрымальніцтва будзе размяшчацца ў Камарова, дзе пачынаючыя бізнесмены змогуць атрымаць кансультацыйную падтрымку па пытаннях адкрыцця і вядзення бізнесу, юрыдычныя паслугі, а таксама інфармацыйную падтрымку.

У Школе сельскага бізнесу запланаваны чатыры наборы слухачоў па 12-16 чалавек. Кожны з адукацыйных набораў будзе складацца з пяці сесій працягласцю 2-3 дні, якія будуць праходзіць па выхадных. Запоўніўшы анкету на сайце, можна выбраць зручны для сябе тэрмін навучання. Пашанцуе, вядома, не ўсім.

kamarova3.jpg

kamarova4.jpg

kamarova5.jpg

У журналістаў была магчымасць паназіраць за заняткамі, якія праходзяць у Школе сельскага бізнесу.

У першым наборы хацела паўдзельнічаць больш за 50 чалавек – шанс атрымалі 15 чалавек, у тым ліку 5 – з Астравецкага раёна. У многіх з іх няма вопыту вядзення бізнесу, аднак яны зацікаўлены ў гэтым. Сярод удзельнікаў першага набору – бібліятэкар, будаўнік, настаўнікі, мама ў адпачынку па доглядзе дзіцяці, аўтаслесар і прадстаўнікі іншых прафесій.

 Заняткі праходзяць у нязмушанай атмасферы. Інтэрактыўнасць, актыўнасць слухачоў і арыентацыя на практычнае жыццё – вось асноўныя прынцыпы, на якіх выстройваецца вучоба.

Вучэбная праграма складаецца з семінараў, трэнінгаў, майстар-класаў. Акрамя таго, яна ўключае ў сябе і штотыднёвае дыстанцыйнае навучанне, кансультаванне з інструктарам і выкананне хатніх заданняў.

За пяць сесій слухачы навучацца планаваць свой бізнес, атрымаюць дапамогу ў напісанні бізнес-плану, атрымаюць навыкі самапрэзентацыі і камунікацыі, а таксама набудуць галоўнае – бясцэнны вопыт стасункаў з аднадумцамі.


Пасля невялікай экскурсіі па Камарове ў журналістаў была магчымасць пагутарыць з вучнямі Школы

Часлава Сідарэвіч, жыхарка Альхоўкі:

– У мяне ёсць некалькі ідэй, якія, спадзяюся, змагу рэалізаваць дзякуючы навучанню ў Школе сельскага бізнесу. Гэта дапаможа мне самарэалізавацца. Няхай ідэя, якую я хачу ўвасобіць у жыццё, пакуль застаецца нераскрытай. (Усміхаецца). Нездарма кажуць: хочаш насмяшыць бога – раскажы яму пра свае планы.

Людміла Стручко, жыхарка вёскі Тракелі:

Нават калі не атрымаю грант на развіццё ўласнай справы, буду адкрываць майстэрню па рамонце адзення ў Тракелях. Планую займацца не толькі дробным рамонтам адзення, але і яго пашывам, дэкарыраваннем, стварэннем нацыянальных строяў, а таксама праводзіць майстар-класы.

 Для каго?

* Для тых, у каго ёсць жаданне пачаць уласны бізнес у сельскай мясцовасці;

*Калі ёсць патрэба ў ведах і іх выкарыстанні на практыцы;

* Калі ёсць свой бізнес на вёсцы, але не хапае кансультацыйнай і адукацыйнай падтрымкі.

 Перспектывы

Па выніках навучання толькі шэсць чалавек атрымаюць гранты на рэалізацыю сваіх бізнес-планаў. Экспертная камісія будзе ўлічваць не толькі навізну, актуальнасць праекта, але і яго значнасць для вызначанай сельскай мясцовасці. Плюсамі, якія пойдуць у залік, таксама стануць выкарыстанне ў вядзенні бізнесу прынцыпаў экалагічнасці, інклюзіі, гендарнай роўнасці.

Прайсці навучанне ў Школе сельскага бізнесу можа любы ахвочы незалежна ад узроўню адукацыі, роду дзейнасці і ўзросту, запоўніўшы анкету на сайце www.ecopartnerstvo.by

Алена ГАНУЛІЧ, фота аўтара.

ostrov-red.ganulich@tut.by

Текст: Главный администратор