На Островетчине активно заготавливают корма

11:38 / 26.06.2017
IMG_7595.jpgАсаблівы водар у чэрвеня: ён пахне каляро­вымі снамі, лекавымі зёлкамі і свежаскоша­най травой. Яшчэ раніцай палеткі буялі разна­траўем, а ўжо пад вечар апрануліся ў роўныя зялёныя пракосы – у раёне актыўна нарыхтоўваюць кармы.
Гервятцы з ліку тых, хто хутка стартуе і не збаўляе набраных абаротаў. Яркае таму сведчанне – першыя пазіцыі  ў раённым табелі па корманарыхтоўцы на пару з гудагайскай гаспадаркай. 
Дзякуючы зладжаным дзеянням ветэрынарнай, агра­на­мічнай, інжынернай і заатэх­нічнай служ­баў КСУП «Гервяты», корма­на­рыхтоўка ў гаспадарцы ідзе поў­ным ходам. На пачатак тыдня тут нарыхтавалі 7 875 тон сенажу, ці 28 працэнтаў ад запланаванага. 
Заатэхнік па кармах Станіслаў Івашка гаворыць, што стаўку ў нарыхтоўцы кармоў у КСУП «Гервяты» робяць менавіта на першы ўкос. Па папярэдніх падліках, запланаваную колькасць сенажу гервятцы змогуць пакласці ў яму падчас першага ўкосу. Другім – плануюць «закрыць» нехапіўшыя тоны і працэнты.Ивашко.jpg
– Да нарыхтоўкі кармоў трэба падыходзіць адказна. Асабіста я – за якасць і аб’ём сенажу, а не за колькасць тон, – па дарозе на комплекс, дзе адбывалася актыўная закладка сянажнай ямы, разважае Станіслаў Івашка. Каб атрымаць якасны сянаж, трэба выканаць тры простых, на першы погляд, правілы: круг­ласутачна трамбаваць, паспець закласці траншэю за тры дні і зрабіць яе герметычнай… 
За якасцю сенажу ў гаспадарцы пільна сочыць ветэрынарная служба: некалькі разоў на дзень вымяраецца тэмпература і вільготнасць сянажнай масы. Акрамя гэтага, два разы на дзень вымярэнні робяць яшчэ і супрацоўнікі райветстанцыі – яны таксама бяруць пробы сянажнай масы для праверкі.
Ля малочна-таварнага комп­лексу «Рымдзюны» па «зялёнай гары» туды-сюды бесперастанку снавалі два вялікія жоўтыя «Амкадоры» – трамбоўка зялёнай масы тут адбываецца кругласутачна; механізатары нават абедаюць па чарзе.
Перад сянажнай траншэяй зроб­лена саламяная «падушка» – спецыяльна для таго, каб ачышчаліся колы машын, якія з палёў прывозяць здробленую і падвяленую траву.
Дарэчы, сянажную масу правяраюць не толькі на тэмпературу і вільготнасць, але і на вагу. Кожная машына, перш чым пад’ехаць да траншэі, праходзіць вагавы кант­роль. Усе дадзеныя фіксуюцца ў журналах. 
– З адвозам зялёнай масы праб­лем не ўзнікае. Адзінае, што нам перашкаджала на мінулым тыдні  працаваць, – дажджлівае надвор’е. Закладваць траву напалову з вадой – значыць свядома траціць якасныя паказчыкі будучага корму, – каменціруе Станіслаў Івашка. – У сянажныя траншэі ўперамешку  закладваюцца бабова-злакавыя і бабовыя травы: канюшына сама па сабе дрэнна кансервуецца. Пры закладцы зялёнай масы выкарыстоўваем кансервант «Сіла-прайс».
Для аператыўнасці дзеянняў корманарыхтоўчая тэхніка ў КСУП «Гервяты» падзелена на два вытворчыя звяны, у кожным з якіх ёсць касілкі, граблі, кормаўборачныя камбайны. За кожным з іх замацаваны трактары і грузавыя аўтамабілі для перавозкі травы на месцы яе трамбоўкі. На адвозе задзейнічаны таксама дзве машыны – адна ад сельгастэхнікі і адна прыватніка.
Перад самым пачаткам касавіцы лінейка кормана­рых­тоўчай тэхнікі КСУП «Гервяты» значна абнавілася: прадпрыемства набыло сучасныя граблі і модульную ратацыйную касілку.
– Граблі звычайна разам з травой зграбалі камяні, якія потым траплялі ў камбайн. Касілка КМР-9, на якой працую, пракосы з 9 метраў аб’ядноўвае ў адзін валок, – расказвае Рымас Трапшыс. Высокая прадукцыйнасць, сумяшчэнне некалькіх аперацый – яе галоўныя характарыстыкі.

IMG_7573.jpg

Віктар Гродзь займаецца трамбоўкай зялёнай масы


IMG_7578.jpg

Валерый Васільчык і Віктар Чайкоўскі возяць здробненую і падвяленую траву на комплекс

IMG_7580.jpg

Дзмітрый Янковіч і Вадзім Гайдуць задзейнічаны на адвозцы травы

IMG_7585.jpg

Міхаіл Янч, корманарыхтоўшчык

IMG_7586.jpg

Валерый Герасім, адвозка

IMG_7588.jpg

Вадзіцелі сельгастэхнікі Анатоль Дублённых і Іван Філіповіч

IMG_7597.jpg

Франц Тотчык, вадзіцель пажарнай машыны

IMG_7602.jpg

за Ігарам Гудзінскім замацаваны кормаўборачны камбайн

IMG_7608.jpg

Валянцін Танковіч, адвозка

IMG_7625.jpg

Аляксей Ляшчэўскі

IMG_7635.jpg

Рымас Трапшыс працуе на новай касілцы КМР-9



На скошаных участках, якія ўжо атрымалі патрэбную порцыю мінеральнай падпіткі, атава не прымусіць сябе чакаць. 

Текст:
Фото: Алена Гануліч