На Островетчине идет косьба трав

09:37 / 15.06.2017
Упэўненымі крокамі па лугах і сенакосах раёна ідзе касавіца, пакідаючы пасля сябе роўныя пракосы і дурманячы, сатканы з тонкіх травяных нотак, шлейф.

IMG_1239.jpg

Першым укосам у КСУП “Гудагай” сёлета запланавана скасіць 3 009 гектараў. Па стане на 8 чэрвеня, скошана 600 гектараў – а гэта 23 працэнты. Пры гэтым зялёная маса выкарыстоўваецца ў якасці падкормкі для грамадскага статка і з пачатку гэтага тыдня актыўна закладваецца ў траншэі.

IMG_1253.jpg
трактар Аляксея Сакалоўскага


Непадалёк ад малочна-таварнай фермы “Рукшаны” працаваў цэлы караван корманарыхтоўчай тэхнікі. 
Пад націскам пяці магутных касілак трава пакорна схіляла свае галовы і хутка клалася ў пракосы. Праз некаторы час на месца касілак заступалі варушылкі, успушвальнікі, граблі. 

IMG_1273.jpg
У чаканні “зялёнай загрузкі” Раман Пешкур


Стан сёлетняга сенакосу гудагайскія корманарыхтоўшчыкі ахарактарызавалі як здавальняючы. 
– Валок мог быць крыху лепшым, – расказвае Раман Пешкур, які задзейнічаны на адвозе зялёнай масы. – Толькі пачалі нарыхтоўваць сянаж. Вільгаці і цяпла не хапае. Паліў бы дожджык дзень-два – і травы на вачах угору пацягнуліся б.
Непадалёк ад фермы закладвалася сянажная траншэя.
За якасцю будучага сенажу ў гас­падар­цы наладжаны дакладны кант­роль – за захаван­нем яго тэхналагічных патрабаванняў со­чаць загадчыкі ферм і зааветслужбы. Пастаянна вымяраецца тэмпература і вільготнасць сянажнай масы. Над правяраючымі ёсць кантралёры “зверху”: спецыялісты ветэрынарнай службы раёна пастаянна займаюцца рэгулярным адборам проб сянажнай масы для вызначэння яе якасці.

IMG_1251.jpg
Памочнік загадчыцы МТФ “Рукшаны” Галіна Грамбоўская паказвае, якім чынам замяраецца вільготнасць і тэмпература зялёнай масы


– Спецыяльным тэрмометрам вымяраем тэмпературу сенажу, – расказвае памочнік загадчыцы МТФ “Рукшаны” Галіна Грамбоўская. – Таксама сочым за вільготнасцю – у траншэю павінна закладвацца падвяленая трава. У празмерна дажджлівыя дні падбор траў звычайна спыняецца.
Працэсам трамбоўкі сянажнай траншэі займаліся два механізатары – Анатоль Валяваты і Рыгор Тхораў.

IMG_1240.jpg
Рыгор Тхораў, трамбоўка 

 
– Трамбоўка зялёнай масы павінна ісці кругласутачна, інакш якасць сенажу атрымаецца невысокай, – гаворыць Рыгор Тхораў. – Трава, канешне, магла б быць і лепшай. Упэўнены, што падцягнецца яшчэ! Ніколі без кармоў наша гаспадарка не была.
Пакуль людзі шчыравалі на нарыхтоўцы кармоў, рагулі, што ўтрымліваюцца на МТФ “Рукшаны”, ласаваліся травой.

– Дойны статак фермы складае 178 кароў, –  расказвае загадчыца фермы Ганна Карнэцкая. – У нас практыкуецца кругласутачнае выпашванне жывёлы. На пашу не выганяюцца толькі нецелі і сухастойныя каровы. Два разы на дзень статак прыганяецца на ферму на дойку.
Пасля абеду гудагайскія корманарыхтоўшчыкі завяршылі закладку траншэі побач з фермай “Рукшаны”. А ў нябеснай канцылярыі, відаць, пачулі просьбы агарыряў – і неба разрадзілася дажджом. 
Адпівайся, налівайся сокамі, травіца, каб зімой трапіць на сталы рагуль спажыўным сіласам і духмяным сенам.

З сяўбой хлебаробам сёлета не пашанцавала: майскі снег на пару з пахаладаннем зацягнулі тэрміны вясенне-пасяўных работ. Тым не менш, цёплае сонейка ўсё ж адагрэла зямлю – і ніва зазелянела. 
Каб атрымаць добры ўраджай, з ёй яшчэ процьма работы: падкарміць, прапалоць, апрацаваць ад хвароб і шкоднікаў. Фронт работ у хлебаробаў летам не меншае.
Сакавітыя, з развітай вегетатыўнай масай яравыя пасевы непадалёк ад Лошы апрацоўваў самаходны апрысквальнік. 
Напачатак тыдня гудагайскія аграрыі цалкам справіліся з хімічнай праполкай яравых збожжавых і зернебабовых культур і цукровых буракоў.



Текст:
Фото: Алена Гануліч