Раскрываем рецепты Гервятской посевной

08:16 / 10.04.2017

gervjaty.jpgСёлета вясна знянацку накрыла цяплом наваколле. Выйдзеш на вуліцу – душа радуецца. Ва ўвесь голас спяваюць птушкі, сінімі цікаўнымі вочкамі да нябёс цягнуцца пралескі, а на дрэвах і кустах набухаюць почкі. Вось толькі хлебаробам не да сантыментаў: ад якасці і хуткасці правядзення вясенне-палявых работ залежыць важкасць будучага хлеба.

Самыя першыя ў раёне распачалі сяўбу КСУП “Гудагай” і “Гервяты”. Літаральна праз некалькі дзён за першапраходцамі ў поле выйшла тэхніка астатніх гаспадарак. Зараз сеялкі, плугі, апырсквальнікі працуюць на ўсю магутнасць.

– Сёлета пачалі сеяць на дэкаду раней, чым летась, – па дарозе ўводзіць мяне ў курс спраў галоўны аграном КСУП “Гервяты” Дзяніс Валер’евіч Кірпа. – А тое, што спачатку мокрыя палі былі, – толькі на руку. Нашы дзяды яшчэ казалі: авёс сей у гразь – будзеш як князь. Хоць, вядома, тэхніка загразала.

Дарэчы сказаць, гервятцы цалкам забяспечаны насеннем ранніх збожжавых і зернебабовых: набывалі толькі эліту.

– Пратраўлена больш за палову насення, – да размовы далучаецца аграном-аграхімік Аляксандр Паўлавіч Кавалька. – Угнаенняў таксама хапае.

agranom_kovalko.jpg

З сяўбой ранніх збожжавых і зернебабовых у СВК “Гервяты” справіліся на 34 працэнты пры сярэднераённых 30 працэнтах. Насенне пшаніцы апладніла палі на плошчы 388 гектараў, што складае 88 працэнтаў ад запланаванага. Ячмень заняў 23 працэнты адведзеных пад гэтую культуру плошчаў, а авёс – 40 працэнтаў ці 80 гектараў.

Агульнымі намаганнямі трох камбінаваных пасяўных агрэгатаў у сярэднім за дзень у гаспадарцы засяваецца каля  100 гектараў, што складае 4 працэнта ад агульнага плана сяўбы.

Дарэчы, на сяўбе яравых задзейнічаны вядомыя экіпажы: на трактары “МТЗ-3022”, абсталяваным камбінаваным глебаапрацоўчым і пасяўным агрэгатам  АПП-6, працуе Валянцін Браніслававіч Танковіч, а Іван Генрыхавіч Алітойць засыпае насенне. На энергаёмістым “Джон-Дзіры”, які працуе ў счэпцы з пасяўным агрэгатам “Амазонія”, шчыруе Эдуард Мілейша.  Цікаўлюся ў сейбіта прагнозамі на будучы ўраджай.

alitoic.jpgudoit_yanovich.jpg

– Даўней казалі: калі гром грыміць на голы лес – год будзе галодным. Аднак дарэмная справа – прадказваць ураджай, працаваць трэба, – коратка зазначыў Эдуард Мар’янавіч і заскочыў у кабіну трактара.

Аднак не сяўбой адзінай… У гаспадарцы завяршылі першую падкормку азімых збожжавых і зернебабовых. Уносяць “мінералку” і арганіку, заворваюць, культывуюць, каб захаваць у глебе жыццёва неабходную для прарастання насення вільгаць, падсяваюць шматгадовыя травы.

– Абследаванне занятых азімымі культурамі палёў не выявіла ўчасткаў, якія трэба перасяваць, – гаворыць галоўны аграном. – А ў мінулым годзе давялося перасяваць 125 гектараў рапсу.

varanovich.jpg

Дарэчы сказаць, менавіта гэтай культуры, як і цукровым буракам, аддае перавагу галоўны тэхнолаг гервяцкіх ніў. Найбольшая ў раёне плошча пад цукровікі – а гэта 500 гектараў – будзе адведзена ў КСУП “Гервяты”. Насенне гэтай культуры пастаўляецца са Слуцкага цукровага камбината.

Правільная арганізацыя працоўнага працэсу – а гэта і папярэдняя апрацоўка насення эфектыўнымі пратручвальнікамі, і тэхналогія падрыхтоўкі глебы, і ўнясенне мінеральных угнаенняў у адпаведнасці з картаграмамі забяспечанасці глебы пажыўнымі рэчывамі – вызначае тэмпы, якасць, а значыць і саму рэцэптуру пасяўной.

 

Мовай лічбаў

Па дадзеных сектара раслінаводства ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання, па стане на 6 красавіка пад яравую сяўбу падрыхтавана 5 277 гектараў, што складае 29 працэнтаў. У гаспадарках раёна пасеяна 3 161 гектара ранніх збожжавых і зернебабовых культур, а гэта – 32 працэнты ад запланаванага.  Раённы табель рангаў узначальвае КСУП “Гудагай”, у якім пасеяна 74 працэнты, замыкае – саўгас “Падольскі” (3 працэнты).

Калі разглядаць пасяўную ў “асобах”, то найбольшая плошча ў ячменю – па раёне яна складае 5 071 гектар (пасеяна 33 працэнты ад запланаванага). На долю яравой пшаніцы прыпадаюць 2 373 гектары. З сяўбой гэтай культуры хлебаробы справіліся на 33 працэнты. Пад аўсом сёлета будзе занята 1 180 гектараў (пасеяна 557 гектараў). Насенне зернебабовых будзе прыгорнута ў глебу на 1 290 гектарах. 

Алена ГАНУЛІЧ, фота аўтара.

Текст: