Встречайте -КСУП “Гудогай”

10:41 / 05.04.2017

У Астравецкім раёне працягваецца рэспубліканская прафсаюзная акцыя “Наш жывёлавод”. На мінулым тыдні падарункі атрымалі працаўнікі малочна-таварных ферм КСУП “Гудагай”.

Да слова сказаць, найбольшая ў раёне колькасць малочна-таварных ферм – у КСУП “Гудагай”. Некалькі год запар гэтая гаспадарка займае першае месца ў раённым табелі па валавай вытворчасці малака і яго якасці, таму самае масавае ўзнагароджванне працаўнікоў жывёлагадоўчай галіны адбылося ў Гудагайскім сельскім Савеце.

Старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Юрый Аляксандравіч Адула і старшыня прафсаюзнай пярвічкі сельскагаспадарчага прадпрыемства Ганна Іосіфаўна Налівайка выправіліся па гудагайскіх фермах.

***

На МТФ “Палушы” нас сустракае яе загадчыца Раіса Анатольеўна Роцкая. Яна, па меркаванні старшыні прафсаюзнай пярвічкі і намесніка дырэктара КСУП “Гудагай” па жывёлагадоўлі, увайшла ў лік лепшых працаўнікоў фермы.

– Лічу, што гэта заслуга ўсяго калектыву, – прымаючы віншаванні, адзначыла загадчыца МТФ “Палушы”.

На ферме працуюць 6 аператараў машыннага даення. Лепшай, па меркаванні прафсаюза, была прызнана Марыя Францаўна Янцэвіч. Жанчына штодзень дабіраецца на работу са станцыі Гудагай у Палушы на веласіпедзе – і  клапоціцца пра 44 дойныя кароў.

yuckevich.jpgВаляр’ян Іванавіч Юцкевіч, які таксама атрымаў падарунак ад прафсаюзнай арганізацыі, –  працаўнік шырокага спектру: зімой даглядае за жывёлай, а летам кругласутачна пасвіць яе на палушанскіх палетках. Мужчына раней працаваў на раздоі першацёлак у гаспадарках Несвіжскага і Копыльскага раёнаў Мінскай вобласці.

Букель.jpgНекалькі гадоў назад жывёлавод Тарэса Віктараўна Букель – адна з лепшых на ферме МТФ “Палушы” – і яе муж Рыгор Іосіфавіч прыйшлі працаваць у КСУП “Гудагай”.

– Адразу нам выдзелілі калгасны дом, – расказвае Тарэса Віктараўна. – Працаваць падабаецца: добра да работнікаў ставіцца загадчыца фермы і дырэктар КСУП “Гудагай” Эдуард Іванавіч Садоўскі.

***

На малочна-таварнай ферме “Дрэвянікі” лепшымі па выніках бягучага года былі прызнаны аператары машыннага даення Валянціна Чаславаўна Алёкса і Данута Мар’янаўна Кель.

***

На МТФ “Індрубка” заканчваецца рамонт бытавых памяшканняў. Праз некаторы час працаўнікі фермы змогуць не толькі папіць чаю ці падагрэць у мікрахвалёвай печы пакінутыя ў халадзільніку “зсабойкі”, але і прыняць гарачы душ.

Лепшым быў прызнаны цэлы сямейны падрад: аператары машыннага даення Людміла Раманаўна Цяшкевіч, Таццяна Раманаўна Жукоўская і жывёлавод Уладзімір Раманавіч Ярашэвіч.

– Я кожную карову ведаю па мянушцы: Рабіна, Рамашка, Ласка –усе з розным характарам, – расказвае даярка Таццяна. –  Таксама мы даглядаем за цялятамі. Работа напружаная, а заробкі залежаць ад таго, як папрацуеш.

***

Иваницкий.jpgНа МТФ “Ізабеліна” ажно 222 цёлкі даглядае Мікалай Іосіфавіч Іваніцкі. Працаўнік не толькі пільна сочыць, якая з рагуль у ахвоце, але і падчышчае жлабы, напаўняе іх спажыўным кормам.

– Дапамагае мне ў гэтым кабыла Маруся, – гаворыць, усміхаючыся, мужчына.

Дома Мікалая Іосіфавіча чакаюць жонка Дзіяна і дачушка Дар’я.

***

Анастасія і Аляксандр Баёры.jpgМеркаванне, што маладыя не хочуць працаваць у сельскай гаспадарцы, цалкам абвяргае сямейная пара Баёр. Пакуль Анастасія знаходзілася ў адпачынку па доглядзе за дзецьмі – Яраславам і Глебам, Аляксандр падмяняў жонку і на выдатна спраўляўся з абавязкамі загадчыка МТФ “Кялёйці”. Дзеці пайшлі ў садок –і Анастасія зноў узначаліла малочна-таварную ферму.

– Я нарадзілася і гадавалася на вёсцы, – расказвае Анастасія Уладзіміраўна. – Хоць і вучылася на бухгалтара ў горадзе, аднак мне ніколі не падабалася гарадское жыццё. Камусьці трэба і на вёсцы працаваць – і мы з мужам робім гэта з задавальненнем.

***

Міхалоўская.jpgНа МТФ “Ліпнішкі” больш за дваццаць гадоў працуе Галіна Браніславаўна Міхалоўская. Пры жанчыне змяніліся чатыры загадчыцы, а яна ад простага лабаранта “вырасла” да памочніка загадчыцы фермы.

– Дойны статак на МТФ “Ліпнішкі” складае 177 кароў. Усяго на ферме ўтрымліваецца каля 400 галоў,  – расказвае жанчына. – Прыемна, што маю работу заўважылі адзначылі падарункам.

Алена ГАНУЛІЧ.

Текст: