Республиканская акция "Наш животновод" продолжается на Островетчине

12:28 / 16.03.2017

nachs_gyvelavod.jpg

Рэспубліканская акцыя “Наш жывёлавод”, падчас якой у мінулым годзе падарункамі і грашовымі прэміямі адзначалася работа лепшых аператараў машыннага даення, даглядчыкаў, жывёлаводаў, ветэрынарных урачоў усіх гаспадарак раёна, працягваецца і сёлета.

–  Акцыя праходзіць на працягу ўсяго зімне-стойлавага перыяду, – расказаў ініцыятар яе правядзення, старшыня райкома прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплекса Юрый Аляксандравіч Адула. – Галоўная задача, якую мы паставілі перад сабой, – не толькі  наведаць малочна-таварныя фермы і комплексы, але сустрэцца і пагутарыць з людзьмі і, незалежна ад вытворчых паказчыкаў, адзначыць лепшых працаўнікоў жывёлагадоўчай галіны. Людзі павінны ведаць, што іх нялёгкая праца не застаецца незаўважанай.

Акцыю было вырашана распачаць з КСУП “Варняны”. Старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК і старшыня прафсаюзнай “пярвічкі” прадпрыемства Таццяна Эдмундаўна Лісоўская падчас ранішняй дойкі наведалі малочна-таварныя фермы “Карвэлі”, “Варона” і “Трокенікі”. Нягледзячы на тое, што ў тэхнічным аснашчэнні яны значна саступаюць комплексам, даяркі і жывёлаводы тут таксама працуюць гэтак жа плённа.

Падчас сустрэчы з прафсаюзнымі лідарамі працаўнікі ферм уздымалі праблемныя пытанні. Так, да прыкладу, працаўнікоў МТФ “Карвэлі” турбавала закрыццё магазіна ў вёсцы Карвэлі. Час прыезду аўтамагазіна супадае з ранішняй дойкай, а бліжэйшы стацыянарны магазін знаходзіцца ў пяці кіламетрах ад вёскі. Прадстаўнікі прафсаюзнай арганізацыі абяцалі дапамагчы вырашыць гэтае, і не толькі, пытанне.

 Па просьбе старшыні райкама калектывы ферм самастойна вызначылі лепшых работнікаў. У гэты дзень падарункі атрымалі аператары машыннага даення МТФ “Трокенікі” Ганна Лукашэвіч і Марыя Вашкевіч; аператары машыннага даення МТФ “Варона” Наталля Яновіч і Тарэса Лойка; брыгадзір МТФ “Карвэлі” Таццяна Сянюць, жывёлавод МТФ “Карвэлі” Станіслаў Вашкевіч.

А праз тыдзень падарункі атрымалі аператары машыннага даення МТК “Рытань” саўгаса “Падольскі” Валянціна Малаховіч, Тарэса Раўда і Алена Чарняўская.

лукашэвіч.jpg

Па выніках абласнога спаборніцтва сярод аператараў па штучным асемяненні жывёл за 2016 год, ініцыятарам якога выступіў Гродзенскі абласны камітэт Беларускага прафесійнага саюза  работнікаў АПК, у ліку лепшых быў прызнаны і працаўнік КСУП “Варняны” Браніслаў Браніслававіч Лукашэвіч.

Складана перацаніць значнасць штучнага асемянення жывёл ў вытворчасці мяса-малочнай прадукцыі. З гэтымі абавязкамі на выдатна не першы год спраўляецца і аператар па штучным асемяненні КСУП “Варняны” Браніслаў Браніслававіч Лукашэвіч. Паказчык па выхадзе цялят на 100 кароў за 2015 год склаў – 103,7, а за 2016 – 105,9.

За сумленную работу варнянскі аператар быў адзначаны Падзячным пісьмом і грашовай прэміяй.


Текст:
Фото: Юрый Адула