Як перазімавалі азімыя і што сёлета будуць сеяць аграрыі

12:15 / 19.03.2019
Зямля, нарэшце, вызвалілася з халодных зімовых аб­дымкаў. У паветры адчуваецца дыханне вясны – значыць, хутка распачнецца пасяўная кампанія. 
Нашы продкі казалі: што пасееш, тое і пажнеш. Як перазімавалі азімыя збожжавыя і рапс, якога і колькі падрыхтавана насення пад яравую сяўбу – пра гэта даведаўся наш карэспандэнт у Астравецкай раённай інспекцыі па насенняводстве, каранціне і ахове раслін.

IMG_8059.jpg

Што пасевам снег і мароз?
Праверку азімых пасеваў насенняводы праводзяць раз на месяц, пачынаючы са снежня.

– Пры ацэнцы зімоўкі азімых збожжавых выкарыстоўваецца метад маналітаў. Едзем на поле, выкопваем частку грунту з усходамі памерам 40 на 40 сантыметраў, даём яму адтаць,  а праз тры дні адпраўляем у памяшканне з тэмпературай +15 °C, – расказвае галоўны аграном, дзяржінспектар па ахове раслін Кацярына Салавей. – Затым на маналіце падлічваем жывыя і загінуўшыя расліны – так вызначаем стан азімых, паралельна праводзім іх даследванне на розныя захворванні.

Па словах спецыяліста, азімыя збожжавыя і рапс нядрэнна перазімавалі, аднак даць больш канкрэтны адказ можна будзе бліжэй да канца сакавіка.
Для вызначэння паспяховасці зімоўкі рапсу выкарыстоўваецца метад торсаў: на квадратным метры пасеваў у 5-10 месцах выкопваецца невялікі кавалак грунту з раслінамі і змяшчаецца ў памяшканне з тэмпературай + 5 °C. У акуратна выбраных раслін абразаецца галоўны корань на 3-4 сантыметры ніжэй каранёвай шыйкі і лісты – вышэй кропкі росту на 1 сантыметр, складваецца торс, які на некалькі дзён амаль гарызантальна кладуць у ёмістасць з вадой. 

– Гэта робім для таго, каб вызначыць жыццяздольнасць расліны. Калі адрастае кропка росту – значыць, усё ў парадку, – патлумачыла Кацярына Ула­дзіміраўна. 

Спецыялісты сцвярджаюць, што асноўныя фактары, ад якіх залежыць паспяховасць зімоўкі збожжавых і рапсу, – тэмпература паветра, наяўнасць снежнага покрыва і ўзровень прамярзання глебы. 
Надвор’е, дзякаваць богу, сёлета станоўча паўплывала на зімоўку культур: усходы жыцця­здольныя і непашкоджаныя. Вясной пры аднаўленні вегетацыі спецыялісты яшчэ вызначаць паражэнне захворваннямі і колькасць загінуўшых раслін.

Озимые культуры.jpg

Колькі збожжа ў засеках?
Народная мудрасць сцвярджае: хочаш быць, як князь, авёс сей у гразь. Своечасова падрыхтуеш насенне – не прамарудзіш з аптымальнымі тэрмінамі сяўбы.
Для правядзення аналізу пасяўных якасцей насення спецыялістам патрэбна 7-8 дзён – гэта аптымальны тэрмін для вызначэння ўсхожасці, сартавых прымесяў і прысутнасці шкоднікаў. 

– Пад яравую сяўбу гаспадаркам раёна патрэбна 2 443 тоны насення збожжавых і зернебабовых культур. На праверку ўжо паступіла 3 319 тон збожжа. З іх адпавядаюць патрабаванням Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання 3 180,5 тоны, што складае 130% ад патрэбы,  – расказала галоўны аграном, дзяржінспектар па насенняводстве Алена Сяргей. – Найлепш у раёне забяспечаны насеннем збожжавых і зернебабовых КСУП «Гудагай» (266%) і «Гервяты» (115%). Пэўныя праблемы з падрыхтоўкай насення збожжавых да сяўбы назіраліся ў РУП «Астравецкі саўгас «Падольскі» – гэта звязана з састарэлым абсталяваннем ачышчальных ліній, якое ўжо не можа працаваць на поўную магутнасць. Тым не менш, да пачатку сяўбы ў саўгасе цалкам падрыхтавалі насенны матэрыял. Акрамя гэтага, падрыхтавана 5,4 тоны кандыцыйнага насення шматгадовых траў, што складае 111% да патрэбнага. 

КАМПЕТЭНТНА
Галоўны спецыяліст сектара раслінаводства ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Данута Бразевіч:

– У раёне распрацавана аптымальная структура пасяўных плошчаў, зыходзячы з патрэб жывёлагадоўчай галіны. 
Так, пад ураджай 2019 года пасеяны азімыя збожжавыя культуры на плошчы 9 095 гектараў. 
Яравы клін складзе 9 667 гектараў: 900 гектараў аўсу, 2 626 – пшаніцы, 180 – грачыхі, 400 – кукурузы на зерне, 1 620 – цукровых буракоў, 143 – бульбы. 
Увогуле ў структуры ўсіх пасяўных плошчаў да 55% адведзена пад збожжавыя і зернебабовыя.

320 тон насення эліты сёлета рэалізуе КСУП «Гудагай» іншым гас­падаркам раёна і вобласці. 




Текст: