З чаго складаецца зарплата даяркі

09:11 / 13.12.2018
Сёлета падчас раённага свята ўшанавання працаўнікоў вёскі на сцэну за ўзнагародамі падымаліся дзве даяркі малочна-таварнай фермы «Ліпнішкі» КСУП «Гудагай». Ганна Іванаўна Сцефановіч паказала трэці вынік у вобласці сярод аператараў машыннага даення, а яе напарніцу Яніну Мечыславаўну Мядэйшу па выніках раённага спаборніцтва прызналі лепшым аператарам машыннага даення гаспадаркі. Для невялікай фермы, пагадзіцеся, – унушальны вынік… 
   Разабрацца ў «ліпнішскім» феномене, а таксама паглядзець, як праходзіць зімоўка жывёлы на ферме, мы вырашылі разам з фотакарэспандэнтам – і напачатку тыдня выправіліся ў Ліпнішкі.

На першы погляд, ліпнішская ферма нічым не адрозніваецца ад іншых: тыповыя жывёлагадоўчыя памяшканні, каровы дояцца два разы на дзень, гэтак жа, як і на іншых фермах, працуюць людзі… Вось толькі чамусьці на іншых фермах не надаілі столькі, колькі ў «Ліпнішках».
Цікаўлюся сакрэтамі вялікага малака ў загадчыцы МТФ «Ліп­нішкі» Таццяны Мікалаеўны Сту­пенькі.

– Ніякага сакрэту няма, – адказвае яна. – Каля 30 галоў нецеляў і сухастойных кароў сёлета аб’ядналі ў асобную групу  – адразу паднялося малако. Хоць надоі найперш залежаць ад кармоў – нездарма ж кажуць, што ў каровы малако на языку. Упэўніліся ў гэтым самі: калі статак пасвіўся на азімай свірэпіцы, надой ледзь не на тону павялічыўся, – гаворыць жанчына. – Каля фермы ёсць сянажная траншэя. Іншыя кармы прывозяць з другіх ферм.
У змену на ферме працуюць чатыры даяркі, ёсць дзве падменныя. У кожнай – свая група, каля 50 кароў. Акрамя гэтага, аператары машыннага даення даглядаюць нованароджаных цялят.

IMG_9291.jpg

Ірэна Мацкель і Ганна Сцефановіч

–  Калі цялятка нарадзілася, трэба адразу напаіць яго малозівам – тады яно будзе мацнейшым і здаравейшым, – расказвае Таццяна Мікалаеўна. – Даяркі даглядаюць цялят прыблізна да двух месяцаў, пакуль тыя не навучацца піць з вядзерца, потым малышоў пераводзяць у групу дарошчвання. 
Працоўны дзень даярак пачынаецца ў 6 гадзін раніцы. Жанчыны пояць цялят, перасцілаюць іх клеткі, раздаюць каровам канцэнтраты і рыхтуюцца да дойкі.

– Спачатку доім хворых і прале­чаных кароў, – расказвае даярка Ганна Іванаўна Сцефановіч. – Не рызыкуем: падазроную карову лепш асобна падаіць, каб не сапсаваць якасць малака. Пасля дойкі выганяем рагуль на двух­гадзінную прагулку, а летам яны ўвогуле пасвіліся круглыя суткі.
У мінулым годзе на ферму закупілі новае абсталяванне.

IMG_9398.jpg

Даярка Лілія Казіміраўна Супрановіч 

– Раней мыючыя сродкі ў малакаправод залівалі самі, – расказвае загадчыца фермы. – Цяпер гэта робіць камп’ютар: два разы на дзень – пасля ранішняй і вячэрняй дойкі – усё малочнае абсталяванне праходзіць грунтоўную апрацоўку.

Гатунак малака залежыць не толькі ад стану малочнага абсталявання, але і ад умоў утрымання жывёлы, яе харчавання.
– Важнае значэнне маюць не толькі аб’ёмы, але і якасць: за вышэйшы гатунак атрымліваем пры­баўку да зарплаты 200-250 рублёў, – працягвае загадчыца фер­мы. – Па сутнасці, зарплата ўсіх работнікаў фермы, у тым ліку і мая, залежыць не ад гадзін, праведзе­ных на ферме, а ад таго, колькі і якога ма­лака мы надоім. Мяне радуе, што людзі гэта разумеюць і стараюц­ца працаваць. У нас няма такіх, хто пры­ходзіць, каб адбыць свой час.
Можа, гэта і ёсць сакрэт вялікага ліпнішскага малака? Людзі тут працуюць без «ліпы»: адказна, старанна, без усялякіх «не магу» і «не хачу».

За што плацяць?

* За лістапад даярцы фермы налічана 770 рублёў.
* З іх 271 руб. – прэмія за вышэйшы гатунак малака.
* Бонус:  за захаванасць аднаго цяляці даплочваюць 12,50 руб.

IMG_7809 фота Гануліч.jpg

Памочнік загадчыцы фер­мы Галіна Бранісла­ваўна Міхайлоўская працуе ў «Ліпніш­ках» больш за 25 гадоў.

– Раней значна цяжэй было працаваць. Як зап’юць пастухі, дык самі з дзяўчатамі кармы цягалі. Цяпер, дзякаваць богу, у нас добрыя хлопцы. Ды і дзяўчаты адказныя, увішныя. Пра мяне пісаць не трэба. Лепш пра даярак напішыце. І не забудзьце Алену Бейнер і Яню Мядэйшу ўспомніць – на выхадным яны сёння. 

IMG_9300.jpg

Ірэна Францаўна Мацкель на ферме «Ліпнішкі» працуе з 2003 года, да гэтага была прадаўцом. Разам з мужам пайшлі ў калгас: сямейным давалі жыллё, а іншай магчымасці займець свой куток у Мацкеляў не было. Жанчына прызнаецца, што прывыкла да кароў і цялят і ўжо не ўяўляе свайго жыцця без фермы.


IMG_9357.jpg

Жывёлавод Валерый Іосіфавіч Урбанайць


IMG_9380.jpg

Станіслаў Францавіч Чарняўскі і Міхаіл Валер'евіч Лашчонак


IMG_9391.jpg

Алена Мечыславаўна Жукоўская доіць 51 карову. Але найбольш ёй падабаецца даглядаць цялят. «Мы для іх, як другія мамы!» – гаворыць  яна. Нягледзячы на мяккасць і далікатнасць, Алена Мечыславаўна з кагорты моцных жанчын, для якіх і мужчынская справа па плячы. Ды і пачуццё гумару не раз ратавала яе ў складаныя хвіліны. Жанчына жартуе: мужа прадала – і хату купіла ў Ліпнішках.

Текст:
Фото: Алена Гануліч, Антон Мальшевский