Як праходзіць другі ўкос у КСУП “Варняны”

15:08 / 15.08.2018
Некалькі гадоў запар у КСУП «Варняны» ў зімоўку жывёлу кармілі прывазнымі кармамі – адсюль праб­лемы з вытворчасцю малака і мяса, з ўзнаўленнем статка…

Як варнянцы плануюць выправіць гэтую сітуацыю, як рыхтуюцца да зімоўкі, у якіх умовах праходзіць другі ўкос траў – гэтыя і іншыя пытанні высвятляў наш карэспандэнт напрыканцы мінулага тыдня.

IMG_6581.jpg

Іван Дэнюш, выконваючы абавязкі галоўнага агранома

– Калі надвор’е не падвядзе, да сярэдзіны жніўня, думаю, закончым уборку і ўсе сілы кінем на корманарыхтоўку. Нядрэнная паднялася атава, а кукуруза – нездарма ж яе называюць каралевай палёў! – вымахала вышэй за рост чалавека, – расказвае выконваючы абавязкі галоўнага агранома КСУП «Варняны» Іван Станіслававіч Дэнюш. –  Кажуць, што восенню работ восем. Да восені яшчэ два тыдні, а ў нас іх ужо не восем, а, мусіць, восемдзесят восем. Працягваецца жніво,  ідзе другі ўкос, трэба рыхтаваць глебу пад сяўбу азімых, сеяць рапс – клопатаў шмат. 

З галоўным тэхнолагам варнянскіх палёў мы сустракаліся напачатку жніва – тады настрой у агранома быў больш аптымістычны.
– Асноўны галаўны боль – тэхніка, – расказвае Іван Станіслававіч. – Каб яна не ламалася, праблем не было б. Здавалася б, дробязь: болт зляцеў, а пакуль усё зробіш – тры гадзіны пройдзе.

IMG_6576.jpg

Мар’ян Масойць працуе ў гаспадарцы 30 гадоў, з якіх апошнія чатыры – на касілцы

На полі за Валэйкунамі працавала толькі адна касілка. Праз некалькі гадзін у работу ўключыліся граблі. У рэжыме «чакання» непадалёк стаялі чатыры машыны – кормаўборачнага камбайна не было. 
– Ізноў, відаць, зламаўся, – з горыччу канстатаваў галоўны аграном.
Едзем на механічныя майстэрні ў Варняны.

  Сапраўды, кормаўборачны камбайн «Ягуар», які ў гэты дзень павінен быў загружаць зялёнай масай траншэі, зламаўся.
Вячаслаў Бабарыка, які на сёлетнім жніве працаваў памочнікам камбайнера, завіхаўся каля кормаўборачнага камбайна. Урэшце механізатар настроіў свайго «жалезнага каня» – і «Ягуар» выйшаў у поле.

IMG_6583.jpg

Станіслаў Кяжун на граблях скошаную і падвяленую траву зграбае ў валкі

Дык ці будуць з кармамі ў «Варнянах» сёлета? На жаль, даць адназначны станоўчы адказ цяжка.

Па звестках сектара раслінаводства ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання, на 12 жніўня ў КСУП «Варняны» другім укосам скошана 1 667 гектараў траў (67% ад плана), а 100% ад скошанага падабрана. У стрэйч-плёнку варнянцы закруцілі 1 146 тон падвяленай травы, што складае 58% ад плана. Нарыхтавана 397 тон сена (79%) і 15 229 тон сенажу (55%). На кожную ўмоўную галаву жывёлы нарыхтавана 8,8 цэнтнераў кармавых адзінак ( -2,5 цэнтнера да ўзроўню 2017 года).





Текст:
Фото: Алена Гануліч