Пасяўная кампанія ў КСУП “Гудагай”

12:21 / 13.04.2018

Зямля на вачах акрыяла і, нарэшце, канчаткова вызваліся з халодных зімовых абдымкаў: раскідала па ўзлесках далікатныя першацветы і напоўніла дрэвы жыватворным сокам…

Яе Вялікасць Вясна, нібыта спартыўны арбітр, дала старт бадай што самым старажытным на свеце “спаборніцтвам” – сяўбе. Напрыканцы мінулага тыдня пасяўную кампанію распачалі ўсе гаспадаркі раёна.

IMG_3863.jpg

Наш карэспандэнт вырашыў даведацца пра ход палявых работ у адных з “застрэльшчыкаў” пасяўной – гудагайцаў.

Тэхналогія вырошчвання сельскагаспадарчых культур у КСУП “Гудагай” узведзена ў ранг закона: ні кроку ўбок ад прапісных правілаў раслінаводства. Зразумець падобны падыход нескладана: гаспадарка спецыялізуецца на вытворчасці   элітнага насення. Забяспечвае пад патрэбу элітным насеннем збожжавых культур і бульбы не толькі сябе, але і гаспадаркі раёна і вобласці. Таму летам, праязджаючы па шашы, уздоўж якой каласіцца ніва, можна смела казаць: збожжа з гудагайскай прапіскай…

– Галоўнае прытрымлівацца тэхналогіі, – тлумачыць галоўны аграном КСУП “Гудагай” Андрэй Іванавіч Ненартовіч. – Пасля так званага мінеральнага выспявання глебы трэба адсеяцца максімум за тыдні два-тры. Далейшае прамаруджванне з тэрмінамі сяўбы на кожныя суткі прыводзяць да страты ўраджайнасці да 1 цэнтнера з гектара, а то і больш. Ды і самі яравыя, пасеяныя ў тэрмін, больш устойлівыя да шкоднікаў і канкурэнтныя ў барацьбе з пустазеллем.

IMG_3913.jpg

галоўны аграном КСУП “Гудагай” Андрэй Іванавіч Ненартовіч

Па папярэдніх прагнозах галоўнага агранома, гудагайскія хлебаробы сёлета павінны атрымаць добры ўраджай. Балазе, задзел пад яго зроблены адпаведны: ёсць і насенне, і тэхніка, і ўгнаенні, і паліва. А галоўнае – людзі разумеюць: што ад кожнага, пачынаючы ад палявода і заканчваючы дырэктарам, залежыць агульны вынік – важкасць караваю новага ўраджаю.

– Пачатак сяўбы – няпростая справа. Пачыналі выбарачна сеяць. Здаецца, і поле адно: месцамі – не ўлезці, а месцамі – пыліць, – расказвае адзін з самых вопытных сейбітаў гаспадаркі Вацлаў Часлававіч Кандратовіч. – На “Джон-Дзіры” працую трынаццаты сезон. Ён, канешне, далёка не новы, але, дзякаваць богу, не падводзіць. Як за зіму тэхніку падрыхтуеш да пасяўной, так яна табе вясной і аддзячыць.

IMG_3869.jpg

сейбіт Вацлаў Часлававіч Кандратовіч

Імгненне – і механізатар знік у кабіне зялёнага трактара, каб прадоўжыць сяўбу. Падрыхтаваная глеба паслухмяна прымала ў сваё ўлонне пшанічныя зярняты…

Калі напачатку гэтага тыдня каля Кермялян ужо сеялі, то каля Дзірмун поўным ходам рыхтавалі глебу да сяўбы.

– Апрацоўку пачынаем з культывацыі ў адзін след з дадатковым абыходам поля па кругу.  Збіраем камяні – спецыяльнай машынай і ўручную. Дзве “лейкі” ўносяць угнаенні, працуюць і два раскідвальнікі мінеральных угнаенняў. Думаю, пасля абеду тут ужо пачнём сеяць, – расказвае памочнік загадчыка раслінаводчага ўчастка №1, які не адзін год адпрацаваў брыгадзірам, Леанард Станіслававіч Мікліс. – У сельскай гаспадарцы працую з 1974 года. Ні ў якое параўнанне не ідзе тагачасная сяўба з сённяшняй: цяпер і аб’ёмы большыя, і тэхніка сучасная. Раней тры сеялкі адна за адной ішлі, а цяпер адна такі фронт работ, а то і большы, выконвае.

IMG_3881.jpg

памочнік загадчыка раслінаводчага ўчастка №1 Леанард Станіслававіч Мікліс

Па словах памочніка брыгадзіра, на іх участку азімыя збожжавыя і рапс выйшлі з зімоўкі ў добрым стане. Але гэта будзе лепш бачна пасля першай падкормкі.

Народная мудрасць сцвярджае, што скупы плаціць двойчы. А гудагайцы, па ўсім бачна, ведаюць цану кожнага рубля.

– Усе ўгнаенні, патрэбныя для паспяховага правядзення пасяўной кампаніі, мы набывалі па перадаплаце. Гэта дазволіла сэканоміць да 20 працэнтаў ад усёй сумы, – расказвае галоўны аграном. – Гэткім чынам плануем набываць і пестыцыды.

IMG_3903.jpg

Сяргей Пятровіч Урлік уносіць мінеральныя ўгнаенні

Руплівасць і беражлівасць дае свае вынікі: гудагайцы з году ў год нарошчваюць аб’ёмы вытворчасці. Хоць найбольшую выручку гаспадарцы дае жывёлагадоўля, раслінаводства таксама развіваецца: гудагайцы не толькі займаюцца вытворчасцю элітнага насення, але і клапоцяцца пра кармавую базу для грамадскага статка. Здавён вядома, што малако ў каровы на языку…

Па стане на 12 красавіка, шматгадовыя травы цалкам падкормлены. Азімыя збожжавыя на 70 працэнтаў атрымалі патрэбную колькасць мінеральных угнаенняў, а сенакосы і паша – на 23 %.

Але галоўны клопат для аграрыяў, у тым ліку і гудагайцаў, – сяўба. Агульнымі намаганнямі за дзень у КСУП “Гудагай” засяваецца больш за 90 гектараў, што складае 6 працэнтаў ад агульнага плана сяўбы ранніх яравых культур – а гэта 1 450 гектараў. Пад ячмень сёлета будзе адведзена 750 гектараў, з якіх ўжо засеяны 158 гектараў. Пшаніца “прапішацца” на 300 гектарах (засеена 94 гектараў).

…Вясна, бы спартыўны арбітр, дала старт пасяўной кампаніі. І хлебаробы, не горш за алімпійцаў, шчыруюць на сваёй вотчыне: аруць, культывуюць, падкормліваюць і сеюць…

IMG_3874.jpg

вадзіцель Франц Казіміравіч Безляповіч падвозіў насенне з зернесклада “Германішкі” на поле непадалёк вёскі Кермяляны


IMG_3880.jpg

палявод Мар’ян Мікалаевіч Бараноўскі засыпае насенне ў бункер сеялкі


IMG_3887.jpg

вадзіцель Руслан Генадзьевіч Свіла перавозіць мінеральныя ўгнаенні 


IMG_3891.jpg

Франц Станіслававіч Мікульскі працуе ў гаспадарцы з 2000 года. Раней быў будаўніком, зараз – вадзіцель


IMG_3906.jpg

Аляксандр Аляксандравіч Пазняк працуе на “лейцы”


IMG_3908.jpg

Пётр Іванавіч Сяргей, сейбіт



Текст:
Фото: Алена Гануліч