Клопат аграрыяў – догляд азімых пасеваў

14:56 / 05.04.2018

Не паспеў на ўзлесках сысці снег – тэхніка выйшла ў полі. Праўда, пра масавую пасяўную кампанію  яшчэ рана гаварыць: аптымальны тэрмін сяўбы яравых  збожжавых, зернебабовых і крыжакветкавых культур наступіць, калі верхні слой глебы прасохне і прагрэецца.

А пакуль на парадку дня аграрыяў – догляд за пасевамі азімых культур. 

Сеяць збажыну хлебаробаў пакуль не пускае надвор’е: вялікагабарытныя пасяўныя агрэгаты пакуль не могуць улезці ў поле. А вось самаходныя апрысквальнікі “Раса” праблем не адчуваюць – лёгкія, на высокіх тонкіх колах, яны без асаблівых праблем распыляюць вадкія азотныя ўгнаенні.

IMG_3694.jpg

Побач з рамонтнай майстэрняй у Малях e сераду “Раса” ўносіла “мінералку” пад азімыя пасевы.

– У КСУП “Гудагай” працую трэці год, да гэтага працаваў ў Гервятах. Чаму перайшоў у гэтую гаспадарку? Жыву ў Астраўцы, таму бліжэй на работу дабірацца, – расказвае механізатар Сяргей Яблонскі. – Хоць я і не аграном, але азімыя, па ўсім бачна, добра перазімавалі. Цяпер асноўная задача – у час іх падкарміць.

IMG_3701.jpg

НА ФОТА: У механізатара КСУП “Гудагай” Сяргея Іосіфавіча Яблонскага, які ўносіць мінеральныя ўгнаенні на азімыя пасевы збожжавых, выдалася вольная хвілінка, пакуль яго “Раса” напаўняецца новай партыяй карбамітна-аміячнай сумесі.

Па словах хлебароба, летась на “Расе” ён уносіў вадкія мінеральныя ўгнаенні на плошчы каля 120 гектараў за дзень. Цяпер – крыху менш. Механізатар упэўнены: гэта толькі пачатак…


Па стане на 5 красавіка, на Астравеччыне шматгадовыя травы падкормлены на плошчы 4 496 гектараў, што складае 85% ад плана, сенакосы і паша – на 2 750 гектарах (22%). З падкормкай азімых збожжавых аграрыі справіліся на 9%, патрэбную порцыю “мінералкі”  атрымалі культуры на 760 гектарах. Да падкормкі азімага рапсу гаспадаркі не прыступалі – яшчэ рана.


 

Текст:
Фото: Алена Гануліч