2 ліпеня кааператары адзначаюць сваё прафесійнае свята

15:32 / 01.07.2011

Напярэдадні свята мы завіталі ў Астравецкае райспажыўтаварыства і папрасілі намесніка старшыні праўлення па кадрах і арганізацыйна-кааператыўнай і ідэалагічнай рабоце райспажыўтаварыства Любоў Іванаўну Касовіч адказаць на нашыя пытанні.


– Звычайна напярэдадні прафесійнага свята падводзяцца вынікі мінулага года. Якім ён быў для вашай арганізацыі?
– За мінулы год мы правялі рэарганізацыю арганізацыйнай структуры кіравання: ліквідавалі 3 філіялы і 2 прыватныя ўнітарныя прадпрыемствы шляхам далучэння іх да праўлення райспажыўтаварыства. Цяпер у раёне створана адно Астравецкае раённае спажывецкае таварыства.
– Што зараз уключае ў сябе сфера дзейнасці прадпрыемства?
– Наша спажывецкае таварыства – шматгаліновая арганізацыя. Абслугоўванне жыхароў раёна ажыццяўляецца праз 82 рознічныя гандлёвыя прадпрыемствы, 19 прадпрыемстваў грамадскага харчавання, мы маем свой транспарт – 37 грузавых аўтамабіляў, 5 легкавых і 3 трактары. Для захоўвання тавараў ёсць 9 складоў, 2 сховішчы для агародніны, 1 – для захоўвання бульбы, 2 склады-халадзільнікі. Для выпуску тавараў народнага попыту працуюць 8 вытворчых цэхаў: каўбасны, макаронны, хлебабулачны,  кандытарскі, швейны, рытуальны, цэх па вырабу квасу і цукерак. Усе гандлёвыя прадпрыемствы займаюцца нарыхтоўкай лішкаў сельскагаспадарчай прадукцыі і сыравіны.
– Не магу не спытаць, як працуе райспажыўтаварыства ў Год прадпрымальнасці і ініцыятывы.
– Сёлетні год для нашай арганізацыі быў напружаным і ў той жа час плённым. За пяць месяцаў бягучага года дзевяць з дванаццаці ўстаноўленых прагнозных паказчыкаў мы выканалі: напрыклад, забяспечылі тэмпы росту рознічнага тавараабароту, тавараабароту грамадскага харчавання, па выпуску прадукцыі ўласнай вытворчасці, па нарыхтоўках і аказанні платных паслуг. Ужо сёлета мы атрымалі 86 мільёнаў прыбытку.
У мінулым годзе нам удалося  правесці рамонты ў магазінах вёсак Смілгі і Варняны, мадэрнізацыю ў гандлёвых кропках, размешчаных у  аграгарадках Страчанка і Рымдзюны. Сёлета правялі  мадэрнізацыю кафэ “Ветразь” у аграгарадку “Варняны” і магазіна “Кірмаш”, які размяшчаецца на тэрыторыі Астравецкага рынка,  пачалі рэканструкцыю сталовай “Лаванда”, што ў Гудагаі. Плануем узвесці новы міні-магазін  у вёсцы Бялькішкі і магазін у Астраўцы. Пастараемся ўдзяліць увагу гандлёвым кропкам, якія размешчаны ў Страчы, Спондах, Завідзінентах і Бабраўніках.
– Колькасць працаўнікоў у райспажыўтаварыстве вялікая?
– У нас працуе 674 работнікі. З 2002 года ўзначальвае гэты вялікі калектыў Міраслава Раймундаўна Блашкевіч, а ўвогуле кааперацыі яна аддала 38 гадоў жыцця. Усе рашэнні ў райспажыўтаварыстве прымае праўленне, у якое ўваходзяць М.І. Драмкова, Д.А. Казюлевіч, І.М. Мацкойць, М.І. Пятроўская, М.У. Масойць, М.Р. Блашкевіч (старшыня) і я. У нас працуюць людзі самых розных прафесій – бухгалтары, эканамісты, юрысты, таваразнаўцы, прадаўцы, загадчыкі складоў, пекары, кандытары, повары, буфетчыкі, афіцыянты, рабочыя каўбаснага і макароннага цэхаў, швачкі, вадзіцелі і рабочыя  іншых спецыяльнасцей. Большасць, вядома, жанчыны. Радуе і той факт, што трыццаць працэнтаў работнікаў – моладзь. Ініцыятыўная, актыўная, працавітая.
– Па традыцыі давайце ўзгадаем лепшых працаўнікоў райспажыўтаварыства.
– Выніковасць нашай работы ў многім залежыць ад работнікаў усіх узроўняў. Сёння ў сістэме райспажыўтаварыства працуе шмат адукаваных і ініцыятыўных людзей. Кожны з іх уносіць свой уклад у развіццё раёна і заслугоўвае слоў удзячнасці.
Лепшым у арганізацыі і культуры абслугоўвання насельніцтва падчас выязнога гандлю заўсёды з’яўляецца калектыў магазіна “Івушка”, высокай культурай гандлёвага абслугоўвання насельніцтва вызначаецца калектыў магазіна “Гермес”, заслугоўваюць слоў удзячнасці такія прадаўцы, як  Т.І. Урбанайць, якая на аўтамагазіне  абслугоўвае вёскі Міхалішкаўскага і Спондаўскага сельсаветаў, і яе тавараабарот за месяц складае каля 70 мільёнаў рублёў.  З амаль што двухсот прадаўцоў, якія працуюць ў сферы гандлю, хацелася б назваць таксама загадчыцу магазіна “Івушка” В.Ф. Блашкевіч, прадаўца магазіна “Прадукты”, які размешчаны ў вёсцы Варняны, Л.І. Александровіч, загадчыкаў магазінаў  тавараў паўсядзённага попыту в. Байканы Р.Э. Клуйша, в. Петраполь В.У. Лапінскую, в. Ласі Н.К. Мізей, універсама “Янтарны” ў в. Гервяты  А.У. Сцефановіч, загадчыцу аддзела ўнівермага З.І. Рудзінскую, прадаўца ўніверсама “Цэнтральны” Т.І. Сурыновіч, вадзіцеля В.З. Лаўрыновіча, пекара хлебазавода Р.Г. Маргуж, повара кафэ “Беларускі куток” Т.В. Дудаву, кандытара кандытарскага цэху С.Ч. Шкіруць, складальніцу фаршу каўбаснага цэху І.В. Ігнатовіч, афіцыянтку рэстарана “Вясёлка” С.В. Грынчук, буфетчыцу буфета, які працуе ў цэнтральнай раённай бальніцы, Г.В. Лобач, швачку швейнага цэха Г.І. Глаўдзель і іншых працаўнікоў. У наступную пятніцу ў раёне пройдзе ўрачыстае пасяджэнне, прысвечанае Дню кааперацыі. Там будуць узнагароджаны і ўшанаваны лепшыя працаўнікі нашай галіны.
– Што пажадаеце сваім калегам і ветэранам спажыўкааперацыі ў Дзень кааперацыі?
– У першую чаргу словы падзякі хацелася б адрасаваць ветэранам кааперацыі – іх у нас 214. Шмат гадоў жыцця аддалі працы ў спажыўкааперацыі А.У. Карвель, В.Б. Паранюк, А.М. Чайкоўскі, З.Д. Чайкоўская, Л.М. Ляўкевіч, Д.І. Мацуткевіч, Д.А. Гурштыновіч, Я.А. Алексяёнак, М.І. Міхайлоўская, В.С. Зялёнка, Д.Г. Патапенка, М.С. Гушча, Ч.А. Стакун, Н.М. Кавалеўская, Т.І. Апалінская, Х.І. Камінская, Л.Ф. Умарава, М.К. Гардукевіч і шмат-шмат іншых.
Усім ім, а таксама тым, хто сёння працуе ў спажыўкааперацыі, іх сем’ям, родным і блізкім жадаю моцнага здароўя, бадзёрасці і аптымізму, шчасця і дабрабыту, поспехаў ва ўсіх справах, а таксама адзінства і ўзаемаразумення.
– Дзякуй за гутарку. І поспехаў вам у працы.


Алена ЯРАШЭВІЧ, фота аўтара.