Тыдзень postfactum: не рыначны курс

16:10 / 26.05.2011
Мінулы тыдзень вачамі журналіста Эдуарда Свірыда

Падзеі на валютным рынку сёння нагадваюць весткі з фронту. За імі пільна сочаць нават тыя, для каго яшчэ ўчора курс долара быў такім жа актуальным, як дождж у мінулым месяцы.
Тыдзень таму курс продажу амерыканскай валюты ў абменных пунктах буйнейшых банкаў узяў чарговую вышыню ў 4 500 беларускіх рублёў.
На “чорным” рынку валюту прадавалі ў межах пяці-шасці тысяч. А на міжбанкаўскай валютнай біржы таргі ішлі ад сямі тысяч рублёў і вышэй за долар. А літаральна ўчора Нацыянальны Банк устанавіў новы афіцыйны курс: 4930 беларускіх рублёў за долар ЗША.
Праўда, нягледзячы на новы кошт, у абменніках “зялёныя” так і не з’явіліся. Хоць, па некаторых звестках, толькі ў насельніцтва на руках іх не менш двух мільярдаў.
Народ заціх у чаканні новых валютных рэкордаў. Спакуса аднойчы прачнуцца ў “шакаладзе”, без ніякіх намаганняў павялічыўшы ўласны капітал ў два, а то і ў тры ці чатыры разы – рэч сур’ёзная. Праўда, настолькі ж і рызыкоўная. Важна не пралічыцца і своечасова “схапіць удачу за хвост”.
Так,  вядомы ў краіне эканаміст Леанід Заіка, якога ніяк не западозрыш у лаяльнасці да дзеючай улады, на мінулым тыдні ў інтэрв’ю газеце “Комсомольская правда” в Беларуси” выказаў меркаванне, што падзенне беларускага рубля скончылася. На яго думку, прыйшоў час пазбаўляцца ад замежнай валюты, абменьваць яе на беларускія рублі, а затым, калі курс долара зменшыцца, зноў набываць долары ці еўра.
Між іншым, эксперты амаль у адзін голас заяўляюць, што цана долара ў 4000 беларускіх рублёў цалкам адпавядае рэальнаму становішчу ў айчыннай эканоміцы. А ў тым, што адбываецца на валютным рынку, бачаць істотную спекулятыўныю складаемую і вынік ажыятажнага попыту апошніх месяцаў. Аб тым, што гэта так, можна меркаваць хоць бы на прыкладзе візіту ў Беларусь расійскага прэм’ер-міністра. Адно толькі паведамленне аб прыездзе Пуціна і скупыя звесткі аб стабілізацыйным крэдыце у адзін моман “збілі” цану долара на “міжбанку” больш чым на тысячу. Патаннеў ён у адносінах да беларускага рубля нават у суседняй Літве.
Насельніцтва ж у пераважнай большасці рэагуе на валютны крызіс па-свойму і звыклымі  сродкамі. З паліц магазінаў спачатку “вымелі” амаль усю бытавую тэхніку, а затым чарга дайшла да прадуктаў харчавання працяглага тэрміну захоўвання.
Плазменныя панелі, якія яшчэ у сакавіку каштавалі 2-3 мільёны рублёў, сёння ідуць нарасхват нават па шэсць. Не звяртаючы ўвагі на цану, у некалькі дзён раскупілі пральныя машыны, халадзільнікі, пыласосы…
Тое, што сёння адбываецца ў некаторых нашых магазінах, вельмі добра ілюструе гісторыя, якую мне расказалі некалькі дзён назад.
Абураны высокім коштам тавару, пакупнік спытаў у прадаўца, па якому курсу ён лічыць долар. Той, ніколькі не збянтэжыўшыся, адказаў: “Па 11 тысяч”. На што наведвальнік дастаў з кішэні 500 “зялёных” і прапанаваў абмяняць яму валюту па названаму курсу. “Не-не! Па такой цане долары нам не патрэбны!”, – замахаў рукамі прадавец.
Выходзіць, што “піхнуць” рэч па надуманаму, “высмактанаму з пальца” курсу, ды яшчэ ва ўмовах ажыятажу – можна, а вось дэфіцытная валюта па гэткай жа цане нікому непатрэбна? Дык наколькі разумна развітвацца з грашыма такім чынам?
Калі набыццё бытавой тэхнікі яшчэ неяк можна зразумець – хоць купляць яе па цэнах, узятых “са столі”, таксама не ўзор ашчаднасці, – то чаму апошнім часам ажыятажнаму попыту падверглася соль – здароваму асэнсаванню не паддаецца.
“Будзе каштаваць 4000”, — шаптаўся ў чэргах народ. Нават калі так – колькі яе патрэбна, той солі?!
Хоць пра гэта сарафаннае “падаражанне” мы таксама чулі не аднойчы. Алей да гэтага часу у магазінах па 7 з “хвосцікам”.
Цэны на цыгарэты, якія раскупляліся скрынкамі, таксама застылі на мінулым узроўні.
Затое расказваюць пра жанчыну, якая выкінула на  сметнік ці не сотню “кіль” грэчкі, у якой завёўся нейкі жучок. Нават свінні адмовіліся спажываць сапсаваны тавар. Яно і зразумела – кватэра ж не склад, дзе падтрымліваюцца неабходныя для доўгатэрміновага захоўвання вільготнасць, тэмпература і іншыя ўмовы.
А ўвогуле, мы канешне, не японцы, якія нават пасля разбуральных землятрусу і цунамі не сталі спусташаць уласныя крамы і рабіць запасы на ўсё наступнае жыццё. Выхаванне ў нас, можа і аднолькавае, а вось менталітэт розны.