Ураджай-2011: планы і рэаліі пасяўной кампаніі

15:39 / 01.04.2011

Вось ужо другі дзень красуецца на вуліцы красавік. Сагнаў снег з палёў і паглядвае: калі ж прыйдуць сюды сейбіты? А сейбіты самі зачакаліся блаславёнага часу – хутчэй бы ўжо надыхацца салодкай парнасцю вясновай дымнай баразны.
Аб планах і рэаліях пасяўной кампаніі сёння мы размаўляем з начальнікам упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Віктарам Аляксандравічам СЛАВІНСКІМ.


–Віктар Аляксандравіч, скажыце, які момант пасяўной-2011 непакоіць вас больш за ўсё? Дзе вы бачыце самы яўны “пракол” у падрыхтоўцы?
–Асаблівых, як вы кажаце, “праколаў” я не бачу. Вядома, у падрыхтоўцы да веснавых работ ёсць пэўныя недапрацоўкі, але мы выпраўляем іх у нармальным рэжыме.
–Дазвольце канкрэтызаваць пытанне. Якая сітуацыя назіраецца ў назапашванні неабходнай для правядзення сяўбы колькасці паліва?
–Фактычна запасу няма. Усё, што гаспадаркі набываюць, выкарыстоўваецца ў штодзённай гаспадарчай дзейнасці – галоўным чынам для абслугоўвання жывёлагадоўчых ферм. Але дзяржава не пакіне земляробаў без падтрымкі. Літаральна на днях мэтанакіравана на набыццё гаруча-змазачных матэрыялаў была выдзелена бюджэтная пазыка ў памеры 300 мільярдаў рублёў. Якую суму з гэтых грошай атрымае наш раён, пакуль дакладна невядома, але, думаю, гэта будзе адчувальная падмога. Акрамя таго, актыўна распрацоўваецца пытанне аб выдзяленні льготнага крэдыту на набыццё паліва. Так што з-за яго адсутнасці прастояў на сяўбе быць не павінна.
–А запраўляць будзе што? Ці задавальняе вас стан гатоўнасці тэхнікі?
–Рамонтнікі гаспадарак раёна апярэджваюць даведзены ім графік рамонту сельскагаспадарчай тэхнікі на 1,5–2 працэнты. Неабходная для правядзення веснавых работ тэхніка ўжо фактычна готова да выхаду ў поле. Дадайце сюды той факт, што за зіму былі набыты тры новыя пасяўныя агрэгаты (у СВК “Варняны”, “Гервяты” і імя Гашкевіча), а ў планах – набыццё чатырох трактараў “Беларус 30-22”… Тэхнічнае аснашчэнне пасяўной, па-мойму, на нармальным узроўні.
–Як і ў кожнай сферы дзейнасці, у земляробстве, перш чым атрымаць, трэба ўкласці. Ці ёсць што ўнесці ў глебу? Маю на ўвазе мінеральныя ўгнаенні…
–У параўнанні з мінулым годам колькасць назапашаных мінеральных угнаенняў значна ўзрасла. Мяркуйце самі: азоту набыта 2637 тон дзеючага рэчыва, што ў 1,6 раза больш, чым у 2010 годзе, фосфару – 1116 (у 3,6 раза), калію – 4948 (у 1,3 раза).
–За якія сродкі набываліся тукі?
–Азот і калій паступіў у склады гаспадарак, дзякуючы бюджэтнай падтрымцы, а палову агульнай колькасці назапашанага фосфару сельскагаспадарчыя кааператывы раёна набылі за ўласныя сродкі.
–Калі можна, крыху аб гатоўнасці насеннага матэрыялу…
–У падрыхтоўцы насення да сяўбы пытанняў няма. Уся засыпка – а яна складае 2462 тоны зерня – адпавядае патрабаванням дзяржаўнага стандарту. У глебу трапіць насенне, галоўным чынам, эліты, суперэліты і першай рэпрадукцыі. Доля другой рэпрадукцыі ў агульнай колькасці насення невысокая – 12-20 працэнтаў. У падборы сартоў перавагу аддаём ужо апрабаваным сартам збожжавых і іншых культур, але і пра выпрабаванне новых не забываемся.
–Ці ёсць адчувальныя змены ў структуры пасяўных плошчаў раёна? Цікавасць выклікае грачыха – пры ўзнікшым ажыятажным попыце на гэты від круп, можа, ёсць сэнс павялічыць плошчу вырошчвання гэтай культуры?
–Безумоўна, мы сочым за рынкам збыту і структуру пасяўных плошчаў рэгулюем у адпаведнасці з запытам. Таму поле пад пасевы грэчкі ў раёне павялічыцца на 120 гектараў і складуць 450. Узровень мінулагодніх закупачных цэн на бульбу падагрэў цікавасць земляробаў да яе вырошчвання – у 2011 годзе “другі хлеб” будзе вырошчвацца на плошчы 200 гектараў.
–Пасяўная, можна сказаць, у раёне ўжо пачалася. Прынамсі, падсевам шматгадовых траў гаспадаркі ўжо актыўна займаюцца. Якія тэрміны для правядзення сяўбы вы ставіце перад сваімі падначаленымі?
–На жаль, у вызначэнні ўсіх тэрмінаў сельскагаспадарчых работ апошнюю кропку заўсёды ставіць надвор’е. Тым не менш мы стараемся зрабіць усё ад нас залежнае, каб праводзіць іх у аптымальныя тэрміны. Так, яравыя збожжавыя і зернебабовыя культуры маем намер пасеяць да 1 мая, кукурузу – да 5 мая, бульбу – да 15 мая.
–І яшчэ адно пытанне. У якім стане выйшлі з зімоўкі азімыя культуры?
–Пакуль вегетацыя азімых культур не аднавілася, таму дакладна ацаніць стан, у якім яны выйшлі з зімоўкі, немагчыма. Адно можна сказаць дакладна: з-за таго, што снег восенню лёг на незамерзшую зямлю, стварыліся ўмовы для развіцця “снежнай” цвілі. Як вынік – узровень паражэння гэтай хваробай азімых збожжавых значна больш высокі, чым у мінулым годзе.
–Ці адзначаецца гібель раслін?
–Так. Але ў сярэднестатыстычных нормах. Пакуль, па дадзеных агранамічнай службы, перасеў давядзецца правесці на плошчы 184 гектары: на 95 гектарах – трыцікале, 44 – пшаніцы і 45 – жыта. Горшая сітуацыя на рапсавым полі: загінула 520 гектараў крыжакветнага, што складае каля 20 працэнтаў яго агульнай плошчы. Усё гэта – дадатковая нагрузка на сейбіта, з якой мы абавязаны справіцца.
–Дзякую за размову.


Ганна ЧАКУР.