“Галоўнае – не здаваць пазіцыі”

15:32 / 09.07.2010

Літаральна за некалькі гадоў інспекцыя Міністэрства па падатках і зборах Рэспублікі Беларусь па Астравецкім раёне здабыла сабе бездакорную рэпутацыю. Імідж установы сфарміраваўся дзякуючы высокім паказчыкам работы, добраўпарадкаванай тэрыторыі каля сучаснага будынка інспекцыі, добразычліваму высокакваліфікаванаму персаналу і чалавеку, які змог правільна арганізаваць работу і падняць інспекцыю на прынцыпова новы ўзровень – начальніку Аляксандру Аляксандравічу Марозу, якога, дарэчы, на мінулым тыдні ўзнагародзілі Ганаровай граматай аблвыканкама.
А нагоды сустрэцца з ім было дзве: з аднаго боку – прафесійнае свята, а з другога – юбілей. У гэтым годзе інспекцыя Міністэрства па падатках і зборах Рэспублікі Беларусь па Астравецкім раёне адзначае сваё дваццацігоддзе.


– Аляксандр Аляксандравіч, раскажыце, калі ласка, пра сябе.
– Нарадзіўся я ў Навагрудку. Вучыўся ў інстытуце народнай гаспадаркі імя Куйбышава на факультэце бухгалтарскага ўліку і аналізу гаспадарчай дзейнасці. Тры гады адпрацаваў выкладчыкам у Навагрудскім гандлёвым тэхнікуме, потым – другім сакратаром райкама камсамола, а ў 1990 годзе быў назначаны начальнікам падатковай інспекцыі ў Ашмянах. У Астраўцы працую з 2003 года.
– І якая з гэтых пасад прыносіла вам найбольшае маральнае задавальненне?
– Колькасць гадоў, на працягу якіх я працую ў падатковых органах, будзе адказам на ваша пытанне. Не кожны ведае, што 80 працэнтаў бюджэту фарміруецца за кошт падатковых паступленняў. Канешне, траціць грошы найбольш прыемна, а вось самая няўдзячная работа – сабраць іх капеечка да капеечкі. Але з іншага боку, ты разумееш важнасць сваёй дзейнасці, і ад таго, як пастаўлена работа падатковай інспекцыі, залежыць фінансавае становішча не толькі раёна, але і дзяржавы ў цэлым.
– А з кім цяжэй працаваць – з індывідуальнымі прадпрымальнікамі, юрыдычнымі ці фізічнымі асобамі?
– Калі правільна паставіць работу, то з усімі падаткаплацельшчыкамі можна добра працаваць. Канешне, юрыдычныя асобы больш адказныя, яны добра ведаюць свае правы і абавязкі. І калі на прадпрыемстве ёсць юрыст, бухгалтар, то і размаўляць з імі прасцей. У той час як да фізічных асоб неабходны больш тонкі падыход.
– Вы даўно працуеце ў падатковых органах. Хто самыя заядлыя неплацельшыкі? Як вы з імі змагаецеся?
– Фізічныя асобы, якія ідуць у ценявы бізнес. Але чалавек мае права на памылку, таму мы спачатку вучым людзей шляхам растлумачэння і папярэджвання, а потым ужо штрафуем і канфіскуем тавар. Варта памятаць, што калі вы згаджаецеся на атрыманне даходаў ад такога роду дзейнасці, вы асуджаеце сябе на жыццё па-за правіламі і становіцеся непасрэдным удзельнікам ценявой эканомікі.
Плаціць падаткі ва ўсе часы быў ганаровы абавязак. І кожны грамадзянін нашай краіны павінен прыйсці да нас і даць справаздачу аб сваіх даходах.
– Работнікаў падатковай інспекцыі баяцца і часам недалюбліваюць. Як вы да гэтага ставіцеся?
– Можа, некаторыя нас і не любяць, некаторыя баяцца, але ў любым выпадку ўсе адносяцца з павагай, бо разумеюць, што плаціць падаткі – гэта непазбежнасць і абавязак.
– А як інспекцыя глядзіцца на абласным узроўні?
– Наша інспекцыя – адна з лепшых у вобласці па паказчыках і па выніках работы сярод падатковых інспекцый вобласці. А самы важны паказчык – выкананне даходнай часткі бюджэту. Паказальны прыклад: у нас на працягу апошніх трох гадоў запазычанасць перад бюджэтам поўнасцю адсутнічае. І на ўсіх аглядах-конкурсах па выніках работы мы займаем толькі прызавыя месцы. Узровень дасягнуты, цяпер самае галоўнае – не здаваць пазіцыі.
Усе нашы перамогі не застаюцца незаўважанымі. У снежні 2006 года абласная інспекцыя выдзеліла легкавы аўтамабіль “Крайслер-Стратус” узамен аўтамабіля ВАЗ, а ў кастрычніку 2008 Міністэрствам па падатках і зборах Рэспублікі Беларусь была выдзелена новая службовая машына “Шэўрале-Лачэці”. У гэтым жа годзе за 1 месца ў аглядзе-конкурсе “Лепшае добраўпарадкаванне і азеляненне тэрыторый арганізацый і прыватных падвор’яў” інспекцыя была ўзнагароджана дыпломам і прэміяй у памеры 20 мільёнаў рублёў. На гэтыя грошы была набыта новая камп’ютэрная і аргтэхніка. Дарэчы, па аснашчанасці тэхнікай наша інспекцыя адна з лепшых у вобласці.
– Ваша інспекцыя – адна з лепшых устаноў у раёне і вобласці яшчэ і па ландшафтным дызайне. Раскажыце, як усё пачыналася?
– Калі ў 2003 годзе я прыехаў працаваць у Астравец, то выгляд будынка з пячным ацяпленнем мяне засмуціў. Сумную карціну дапаўнялі гаспадарчыя пабудовы на двары, якія выкарыстоўваліся для захоўвання паліва і інвентару, і старыя таполі, што навісалі над падатковай інспекцыяй.
Таму я вырашыў пачаць сваю работу з рамонту і добраўпарадкавання. Замянілі стары шыферны дах, устанавілі сучасныя вокны з цеплаізаляцыйнымі ўласцівасцямі, дабудавалі санвузел, падключылі газавае ацяпленне, правялі ваду. Пасля рамонту будынка заняліся азеляненнем тэрыторыі. Тая прыгажосць, якую вы сёння бачыце, – заслуга работнікаў інспекцыі. За кожным аддзелам замацавана клумба, дзе супрацоўнікі могуць рэалізоўваць усе свае смелыя ідэі і фантазіі. Дарэчы, у першыя гады маёй працы мы праводзілі па 19 суботнікаў за год. І за што я ўдзячны калектыву, дык гэта за падтрымку. Людзі разумелі: усё, што мы робім, – для іх саміх, а таксама для наведвальнікаў, у якіх і адносіны да нас змяніліся. (Далей размова плаўна пераходзіць у экскурсію па тэрыторыі інспекцыі).
Вось тут у нас любімае месца адпачынку супрацоўнікаў – альтанка, побач з якой раскінулася штучная сажалка, дзе, дарэчы, жыве шчупачок, якога мы падкормліваем. Ёсць і міні-вадаём з фантанам і квітнеючымі лілеямі, і разныя лавачкі, калодзеж-журавель, елка, якую мы ўпрыгожваем пад Новы год, дэкаратыўныя буслы, лебедзі, качкі. Вынік шматгадовай працы работнікаў – яблынева-вішнёвы сад у глыбіні тэрыторыі.
А падсобнае памяшканне, якое раней выкарыстоўвалася для захоўвання паліва, пераабсталявана ў спартыўна-трэнажорную залу для работнікаў і членаў іх сямей, дзе ў вольны час можна пазаймацца на трэнажорах, пагуляць у настольны тэніс, дартс, шахматы, шашкі.
– Як кажуць — “не хлебам адзіным”. Чым яшчэ жыве інспекцыя? Як адпачываеце?
– Штогод работнікі прымаюць актыўны ўдзел ва ўсіх турыстычных злётах, у зімовай і летняй рыбалках, у лыжных гонках. Нашы спартсмены неаднаразова ўдзельнічалі ў рэспубліканскай спартакіядзе падаткавікоў. А за што мы са стабільным пастаянствам атрымліваем першае месца, дык гэта за самую смачную юшку.
– А як збіраецеся адзначаць свята?
– Напярэдадні свята пройдзе ўрачысты сход, дзе будуць адзначаны лепшыя работнікі і падаткаплацельшчыкі. Граматамі абласной інспекцыі ўзнагародзяць супрацоўнікаў інспекцыі Л.Р. Басалай, В.В. Адула, У.С. Драгана, ганаровую грамату атрымае А.Г. Пілецкая, падзячнае пісьмо – Г.А. Сухадэльская. Падзячныя пісьмы старшыні раённага Савета дэпутатаў уручаць Ю.А. Драмлюку, Я.С. Уждалевіч, граматы ад начальніка інспекцыі – Т.У. Селівонавай, А.П. Прохаравай, М.У. Базюку і падзячныя пісьмы – Л.З. Валасюк, А.Б. Чуме. Каштоўныя падарункі ад “Белай Русі” атрымаюць М.М. Мацкевіч, І.Я. Шушко, І.М. Сташкевіч.
Віншую ўсіх работнікаў са святам і жадаю моцнага здароўя, шчасця, аптымізму, упартасці і настойлівасці ў дасягненні пастаўленых мэт!
– Дзякуй за гутарку!


Вольга ШОЎКУН.