Как проходит утренняя дойка на МТК "Керняны"

14:37 / 15.07.2017

Пісаць пра раённыя малочна-таварныя комплексы і фермы даводзілася не раз,  але часам – наспех: мае журналісцкія візіты на «малочныя фабрыкі» былі дастаткова кароткімі. За некалькі гадзін, згадзіцеся, немагчыма ўнікнуць ва ўсе дэталі і нюансы вытворчасці малака.

utrdoika1.jpg

Ідэя трапіць на ранішнюю дойку лунала ў паветры ўжо з паўгода, але паездка пастаянна адкладвалася: то надвор’е мяняла планы, то тэрмінова трэба было здаваць артыкул… Што ж, самы час яе спраўдзіць!

Правесці адзін дзень я вырашыла з аператарамі машыннага даення  МТК «Кярняны», які першым у раёне пачаў працаваць як малочна-таварны комплекс.

Працоўны дзень «з васьмі да пяці» – дакладна не пра комплексы, якія, як механізм гадзінніка, працуюць ледзь не круглыя суткі, – малочнае абсталяванне часам ламаецца, каровы целяцца не па раскладзе, а ў летне-пашавы перыяд увогуле пераходзяць на трохразовую дойку.

…Будзільнік празвінеў на дзве гадзіны раней, чым звычайна. Хуценька п’ю каву. Прывычныя абцасікі мяняю на гумовікі. Засталося толькі схаваць валасы пад квяцістай хустачкай. Гатова! І чым не даярка?

 

Спазнілася...

Ля комплекса я была роўна ў 6.00 – і спазнілася. Аказваецца, даяркі прыязджаюць за паў­га­дзіны, а то і за гадзіну раней.

utrdoika2.jpg

– Сёння на змену заступілі аператары машыннага даення Аліна Вішнеўская і Таццяна Лузіна, – ля ўваходу ў малочны блок мяне сустракае ветэрынарны ўрач Мар’ян Таль. – Падвожу іх на ўласнай машыне: Мар’янаўну забіраю ў Кулішках, Мікалаеўну – у Газе. Па дарозе ў Варнянах падса­джваецца слесар малочнага абсталявання.

Перш чым прыступіць да дойкі, змена прымае вахту ў начнога вартаўніка – аб гэтым сведчыць адпаведны запіс у адным з журналаў. Ветурач «разведвае» абстаноўку: колькі было расцёлаў, як яны прайшлі. Пакуль даяркі пераапранаюцца ў рабочае адзенне – на коплексе ёсць спецыяльная шафа з некалькімі аддзеламі «пад ключ» – аператар па абслугоўванні малочнага абсталявання запускае даільную ўстаноўку, папярэдне яе прамыўшы.

Роўна ў 6.00 – і ні хвілінай пазней – пачынаецца дойка.

utrdoika5.jpg

utrdoika4.jpg

utrdoika3.jpg

– Галоўнае – прытрымлівацца графіка, – гаворыць Таццяна Лузіна, спрытна прымацоўваючы прысоскі да вымені каровы. – Рагулі прывыклі да распарадку дня.

Складана ўявіць, што за змену – аператары машыннага даення на комлексе «Кярняны» працуюць у пары праз дзень – гэтыя дзве, на першы погляд, кволыя жанчыны ўпраўляюцца падаіць 380 кароў тры разы на дзень.

– Даяркай працую даўно: пачынала на ферме ў Вароне, потым у Беразоўцы даіла кароў. Апошнія гады працую на комплексе ў Кярнянах, – не адрываючыся ад даення, расказвае аператар Аліна Вішнеўская. – Пайшоў трэці год, як на пенсіі – а сядзець склаўшы рукі не магу. Відаць, характар такі.

Раней на комплексе была даільная ўстаноўка «Імпульс». Чатыры гады назад яе, тэхнічна састарэлую, змяніла новае ма­лочнае абсталяванне айчын­най вытворчасці. Даільная зала разлічана на адзін заход 24 галоў.

Прыемна назіраць за спрыт­нымі і зладжанымі рухамі даярак, якія за некалькі секунд спачатку апрацоўваюць вымя спецыяльным сродкам, уручную здойваюць першыя кроплі малака, абціраюць папяровай сурвэткай і толькі потым прымацоўваюць даільны апарат, які нагадвае платформу з чатырма шкляначкамі. Пасля таго, як карова аддала ўсё малако, вымя ізноў апрацоўваецца ўжо іншым сродкам – каб на яго не трапілі бактэрыі. Даўно вядома, што прасцей папярэдзіць хваробу, чым пасля яе лячыць. Прафілактыцы мастытаў на комплексе надаецца асаблівая ўвага.

Жанчыны прапаноўваюць мне паспрабаваць справіцца з, на першы погляд, простым заданнем: апрацаваць вымя і прычапіць прысоскі. Бачу, што карова, якой ужо прымацавалі даільны апарат, заднімі капытамі намагаецца яго збіць. Адмаўляюся...

– Першацёлка, – патлумачылі  жанчыны, злавіўшы мой спалоханы позірк. – Карова яшчэ не прывыкла да дойкі, таму і брыкаецца.

Па словах даярак, у гурце кароў, як і ў калектыве людзей, існуе пэўная іерархія: ёсць «важакі» і тыя, хто падпарадкоў­ваец­ца. Кожная карова ведае сваё месца, за якое рагулі могуць нават «пасварыцца».

Дастаю фотаапарат, каб зрабіць некалькі здым­каў. Аб’ектыў адразу запацеў – вільготнасць у памяшканні зашкальвае. У даільнай зале, адчувальныя нават без прыбораў праб­лемы з вентыляцыяй.

Са слоў работнікаў комплекса, асабліва адчувальная гэтая праб­лема ў летні час – пры высокіх тэмпературах.

Прайшоўшы папярэднюю філь­тра­цыю, малако па трубах трапляе ў дзесяцітонны танкер, дзе ахалоджваецца. Раз на дзень, прыблізна каля 12.00, яго забірае малакавоз з Ашмянскага сыразавода. Ранішні надой на Кярняскім комплексе склаў прыблізна 3,5 тоны малака.

 

Каровы з пашпартамі – і пры камп’ютарах

Ветурач Мар’ян Таль прапа­ноўвае зайсці ў святую святых – «аператарскую», дзе праз вялікае акно можна не толькі назіраць за дойкай, але і ў рэжыме «анлайн» на маніторы камп’ютара бачыць усе паказчыкі.

На выхадзе з даільнай залы заўважаю невялікую скрынку з лямпачкамі, якая нагадвае светлафор.

– Гэта своеасаблівы інфарматар, – тлумачыць ветурач. – Загарэлася зялёная лямпачка – адчыняюцца вароты, у даільную залу заходзяць каровы. Чырвонае святло папярэджвае, што ідзе дойка.

Камп’ютарная праграма, якой карыстаюцца на малочна-таварным комплексе, ізраільская. На экране можна ўбачыць, колькі ад каровы ўжо надаілі малака і колькі яшчэ можна чакаць.

utrdoika6.jpg

utrdoika7.jpg

– Напрыклад, карова пад нумарам 123 знаходзіцца ў лактацыі 155 дзён. Пасля яе асемянення прайшло 46 дзён, – паказваючы на камп’ютары незразумелыя графікі, расказвае Мар’ян Таль. – На кожную карову заведзены пашпарт, які ўтрымлівае звесткі пра дату нараджэння, нумар лактацыі і іншыя.

Больш таго, па актыўнасці жы­вё­лы разумная праграма можа вызначыць, якая з рагуль знахо­дзіцца ў ахвоце, і падказаць спецыялісту аптымальны для штучнага асемянення час.

 

Акрамя таго…

Малочна-таварны комплекс «Кярняны», у адрозненне ад больш сучасных «братоў», буда­ваўся не з нуля, а вырас з аднайменнай фермы. У красавіку 2005 года адбылося яго адкрыццё.

Зараз тут утрымліваецца 643 галавы, з якіх 380 – дойны статак. У  адрозненне ад іншых комплексаў раёна з закрытым цыклам камплектавання статка, тут цялушкі прывазныя.

– На комплексе чатыры групы, –  па дарозе ў прафілакторый, дзе ўтрымліваюцца самыя маленькія цяляты, расказвае Мар’ян Таль. – Ёсць каровы, якія даюць звыш сарака літраў малака. Па  валавым надоі мы займаем першае месца ў гаспадарцы. За шэсць месяцаў кожная карова ў сярэднім дала 19,2 літры малака, а валавы надой склаў – 1 314,1 тоны. Гатункам «экстра» здалі 26,8 працэнты малака, «вышэйшым» – 68,1, а першым – 5 працэнтаў. Увогуле надоі і якасць малака залежаць ад кармоў – нездарма кажуць, што малако ў каровы на языку.

utrdoika8.jpg

utrdoika9.jpg

utrdoika12.jpg

utrdoika11.jpg

utrdoika10.jpg

Цяпер на комплексе пасуць  увесь дойны статак, акрамя нецеляў і хворых кароў, якія атрымліваюць зялёную масу на кармавыя сталы.

Каровы, якія ацяліліся, знахо­дзяцца ў памяшканні з малышамі. Жывёлавод Надзея Юкша выпойвае малозівам 88 цялят. Праз некаторы час яны пераходзяць пад «апеку» Святланы Радуты. У групе дарошчвання цялят вакцыніруюць і абязрожваюць.

– За апошні месяц прывагі па прафілакторыю склалі 666 грам, у групе дарошчвання цяляты прыбылі на 908 грам – гэта нядрэнны паказчык, –  працягвае ветурач. – Выхад цялят на сто кароў склаў 37 галоў, а захаванасць іх – стопрацэнтная. 

Пакуль ідзе ранішняя дойка, жывёлаводы і іншыя працаўнікі ферм даводзяць да ладу кароўнікі: выдаляюць гной, беляць сцены…

На развітанне цікаўлюся ў ветэрынарнага ўрача, які так захоплена і з веданнем справы расказаў і паказаў мне комплекс, ці падабаецца яму работа.

– А як жа! Камусьці падабаецца круціць гайкі, а камусьці – каровам хвасты, – жартуе Мар’ян Таль. – Амаль дзесяць гадоў працую на комплексе, ведаю кожную карову па мянушцы.

 …Многія з нас прывыклі да васьмігадзіннага працоўнага дня, калі, зачыніўшы рабочы кабінет, можна са спакойнай душой адправіцца дадому, каб парадаваць блізкіх чымсьці смачненькім ці проста адпачыць ля тэлевізара ці камп’ютара.  А для даярак МТК «Кярняны» толькі першая дойка доўжыцца чатыры гадзіны. Затым перакус, адпачынак – і яны ізноў на сваіх працоўных месцах: пачынаецца другая дойка…

Алена ГАНУЛІЧ, фота аўтара.

ostrov-red.ganulich@tut.by

 

Текст: