Камісія па садзейнічанні занятасці сустрэлася з беспрацоўнымі ў Варнянах

11:22 / 28.12.2018

 На мінулым тыдні члены раённай камісіі па каардынацыі работы па садзейнічанні занятасці насельніцтва сустрэліся з беспрацоўнымі Варнянскага сельсавета: выязное пасяджэнне прайшло ў адміністрацыйным будынку сельвыканкама.

IMG_7345.jpg

На пасяджэнне камісіі беспрацоўныя прыходзяць не толькі з просьбамі аб працаўладкаванні, але і каб пацвердзіць сваю занятасць. На гэты раз адзін з тых, хто быў аднесены да спісу асоб, не занятых у эканоміцы, пацведзіў, што працуе, прадставіўшы працоўны дагавор, – і аўтаматычна быў выключаны са спісу.

– Калі чалавек прадстаўляе дакумент аб працаўладкаванні, ніякіх пытанняў да яго больш не ўзнікае, – гаворыць старшыня камісіі, старшыня раённага Савета дэпутатаў Ірына Тальчук. – Важна своечасова пацвердзіць сваю занятасць – і ўсе пытанні будуць зняты. Іншая справа, калі чалавеку прапаноўваюць работу, а жадання працаваць у яго няма.

З такімі таксама сустрэліся члены камісіі.

IMG_7337.jpg

Большасць жа звярнулася ў камісію з просьбай дапамагчы знайсці работу. З некаторымі яшчэ да пасяджэння пагутарыў старшыня сельвыканкама Аляксандр Вярбовіч – і дапамог знайсці новае месца працы.

Трэба сказаць, што на тэрыторыі сельсавета вялікіх праблем з працаўладкаваннем не існуе. Толькі мясцовы КСУП прапаноўвае працу жывёлаводаў ажно на трох комплексах – у Варнянах, Вароне і Беразоўцы, аднак не ва ўсіх ёсць жаданне ісці на ферму. Адным, як у той казцы, хочацца лёгкага хлеба – цяжкая праца ім не па душы, другіх дома трымаюць справы: хтосьці даглядае за хворымі бацькамі, нехта – за дзецьмі-інвалідамі.

7431.jpg

Да кожнага беспрацоўнага і яго жыццёвай сітуацыі члены камісіі падыходзяць індывідуальна: даюць параду, спрабуюць вырашыць праблемныя пытанні, нагадваюць, што з 1 студзеня непрацуючыя грамадзяне будуць у поўным аб’еме плаціць жыллева-камунальныя паслугі.

Але што смачней – цяжкая праца ці лёгкі хлеб, кожны павінен вырашыць сам.


 

Текст:
Фото: Елена Ярошевич