Журналисты "АП" побывали по ту сторону диктофона

10:00 / 08.05.2015
Час ад часу журналісты «Астравецкай праўды» «прыстаюць» да розных людзей з просьбай адказаць на «Пяць пытанняў аб галоўным». Напярэдадні Дня друку адказаць на гэтыя пяць пытанняў галоўны рэдактар прапанаваў самім журналістам раённай газеты – так бы мовіць, паспрабаваць самім апынуцца па другі бок дыктафона. І пачала, вядома ж, з сябе…


1. Што вы лічыце самай вялікай удачай свайго жыцця?
2. Ці былі ў вашым прафесійным жыцці моманты, за якія вам сёння сорамна?
3. Калі б нашчадкі захацелі мець уяўленне пра вас як пра журналіста – прафесіянала і грамадзяніна, які ваш артыкул ім варта было б пачытаць?
4. Кажуць, калі чалавек перастае марыць, ён спыняецца ў сваім руху наперад. Пра што вы марыце?
5. Што б вы хацелі пажадаць самому сабе – і нашым чытачам?

Ніна Рыбік:
«Дзякуй лёсу, што «ажаніў» з журналістыкай»


1. Асноўнай сваёй удачай лічу тое, што я займаюся справай, якую люблю і якая, мне здаецца, таксама любіць мяне. Шчыра скажу: вельмі сумна бачыць людзей, якія штодня ідуць на працу як на катаргу, адседжваюць там дзень да вечара – і затым з такім жа настроем вяртаюцца дахаты… Некалі яны абралі прафесію таму, што ў гэты ўніверсітэт лягчэй было паступіць, ці за кампанію з сябрам, ці бацькі настойліва раілі: гэтая прафесія высокааплатная і работа там лягчэйшая. Увогуле я добрасумленна адношуся да любой даручанай працы – але калі б мне давялося працаваць бухгалтарам, ці інжынерам, ці ў сферы гандлю, я б, напэўна, адчувала сябе гэтак жа: цягнула б лямку з ранку да вечара – хаця захапляюся таленавітымі бухгалтарамі, інжынерамі, прадаўцамі, ці, як сёння іх можна называць, маркетолагамі, – гэтак жа, як і прадстаўнікамі іншых прафесій, у якіх мала разбіраюся. І ўсё ж я ўдзячна лёсу, што ён «ажаніў» мяне з журналістыкай – і шлюб гэты аказаўся моцным, трывалым і на ўсё жыццё.
2. Так, артыкулы, якія не хочацца ўспамінаць і за напісанне якіх я б сёння не ўзялася ці напісала б іх зусім па-іншаму, на жаль, былі ў маім прафесійным жыцці. З прафесійнага пункту гледжання да іх было не прыдрацца: іх чыталі, на іх прыходзілі захопленыя водгукі. Па форме – усё цудоўна. А вось у сутнасці я, перакананая ў той момант ва ўсланай праваце, забывалася пра запаведзь, якая, на мой погляд, павінна быць галоўнай не толькі ва ўрачоў, але і ў журналістаў: не нашкодзь – пра тое, што слова можа параніць вельмі балюча…
Кажуць, што ў кожнага ўрача ёсць уласныя могілкі – і ў кожнага журналіста, напэўна, ёсць «стрэмкі ў сэрцы», якія смыляць, нават калі пакрыўджаныя неасцярожным словам людзі даўно ўсё даравалі і забыліся. Калі, вядома, сэрца не развучылася адчуваць чужы боль…
3. Напэўна, аднаго артыкула, каб зразумець што сабой уяўляе журналіст, малавата. Але калі трэба ўзгадаць менавіта адзін…
…Жыве ў нашым горадзе хлопец. Зараз яму, напэўна, гадоў пятнаццаць. Я часам сустракаю яго на вуліцы, з цікавасцю назіраю, як ён расце, сталее. Ён, спадзяюся, пра мяне і пра маю ролю ў яго жыцці нічога не ведае – і я рада, што гэта так. Гэтаму хлопчыку пры нараджэнні наканавана было застацца сіратой – а зараз у яго ёсць бацькі, бабуля, дзядуля. Я ведаю, што жыццё ў яго самога і ў яго блізкіх складваецца не вельмі проста – і ўсё ж ён не ведае, што такое дзіцячы дом. Нават калі б я больш нічога ў сваім жыцці не напісала, я б лічыла, што нездарма пражыла сваё журналісцкае жыццё.
4. Ой, калі я пачну расказваць пра ўсе свае мары, то для іншых маіх калег месца на газетных старонках не застанецца!
Калі не разменьвацца «на дробязі», а паспрабаваць абагуліць, то я мару, каб наша газета заставалася лепшай газетай вобласці, і гэтае званне пацвярджалася не толькі граматамі і дыпломамі, а найперш – вашай любоўю, нашы шаноўныя чытачы.
Я мару, каб наш калектыў заставаўся творчай камандай аднадумцаў, з'яднанай адной мэтай: зрабіць «Астравецкую праўду» яшчэ больш цікавай, прыгожай, карыснай.
Я мару, каб у мяне на ўсё хапала часу і я не стаяла перад дылемай, якая апошнім часам узнікае ўсё часцей: кім быць – журналістам ці рэдактарам?
5. Пажадаць я сабе хачу, каб мары, пра якія я гаварыла вышэй, і тыя, пра якія не сказала, збыліся. І каб хапіла здароўя, часу, сіл, розуму, натхнення, таленту для іх ажыццяўлення.
А нашым чытачам хачу пажадаць заўсёды заставацца ў нашай дружнай і згуртаванай сям'і прыхільнікаў «раёнкі». Сям'я гэтая досыць вялікая – толькі падпісчыкаў каля шасці тысяч чалавек, а дадайце сюды яшчэ тых, хто набывае газету ў розніцу, чытае яе ў інтэрнэце… Канешне, мы не можам ведаць кожнага з вас асабіста – але ўсё роўна мы вас любім, паважаем і цэнім вашу адданасць і шчырасць!
І няхай збываюцца мары – вашы і нашы!


Алена Ярашэвіч:
“Асноўная ўдача – само жыццё”


1. Самая вялікая ўдача жыцця, на мой погляд, і ёсць само жыццё. Цудоўна, калі ў ім побач спадарожнічаюць тры складаемыя шчасця: добрая сям’я, надзейныя сябры і любімая работа. Я магу прылічыць сябе да ўдачлівых людзей, а ўсё таму, што мае юнацкія мары ажыццявіліся.
2. Напэўна, няма такога чалавека, якому не было б сорамна, за нейкія свае дзеянні ці памылкі, бо, як кажуць, памылак не робіць той, хто не працуе.
Напачатку 2011 года я пісала адну са школьных старонак. Расповед на ёй ішоў пра Альхоўскую школу. Я сустрэлася з педагогамі і вучнямі – і ўзялася за напісанне матэрыялу. І вось ён гатовы, вычытаны і здадзены на вёрстку. Калі газету адправілі ў друкарню, мы заўважылі, што тагасчаснага дырэктара Альхоўскай школы Ігара Генадзьевіча Уласіка я пераіменавала ў Алега Генадзьевіча. Выправіць памылку ўжо было немагчыма. У той жа момант я патэлефанавала яму і папрасіла прабачэння. Ігар Генадзьевіч тады адказаў, што не бачыць у гэтай памылцы вялікай бяды. Спадзяюся, што так было на самай справе і яшчэ раз прашу ў яго прабачэння.
3. Безумоўна, у кожнага журналіста ёсць любімыя і нелюбімыя артыкулы. Я не выключэнне – аднак усе яны мне вельмі дарагія.
Прыблізна тры гады назад я крыху прыхварэла. Менавіта гэта, а таксама пісьмо жыхаркі Харкаўскай вобласці Украіны Ніны Гербутавай, якая звярнулася з просьбай у рэдакцыю нашай газеты дапамагчы адшукаць магілу свайго дзядзькі Селівестра Гербутава, стала падставай для журналісцкага даследавання. У выніку напярэдадні 9 мая 2012 года ў раённай газеце выйшаў матэрыял “Імя на помніку: гэта трэба не мёртвым – гэта трэба жывым”. Але галоўнае, што дзякуючы Ніне Гербутавай, Ігару Усціменка і гэтаму матэрыялу на помніку-брацкай магіле ў Гудагаі былі ўвекавечаны імёны яшчэ 29 ваеннапалонных, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны.
4. Гэтае пытанне многія журналісты часта задаюць сваім героям. Гэтак жа рабіла і я – і ніколі не задумвалася, як цяжка на яго адказаць. Я размяжоўваю паняцці “мара” і “мэта”. На мой погляд, у пытанні маецца на ўвазе якраз не мара, а мэта, бо калі не ставіць мэты – а яны вельмі часта матэрыяльныя, – то можна застыць на месцы. А мара – гэта зусім іншае, і марыць абавязкова трэба, бо часам яны збываюцца.
Мае ж мары зусім простыя, яны ідуць з дзяцінства: быць каханай і кахаць, каб мае родныя і блізкія былі здаровыя – і тады ўсе матэрыяльныя мэты, безумоўна, будуць дасягнуты.
5. І пажаданні мае таксама будуць вельмі простыя. Сабе і нашым чытачам я хачу пажадаць здароўя, удачы і натхнення. А яшчэ – любіць нашу “раёнку” так, як люблю яе я.


Вольга Хацяновіч:
“Кожны сам вызначае свой лёс”


1. Упэўнена, што кожны чалавек сам вызначае свой лёс. Хочаш нешта займець – прыкладзі пэўныя намаганні, не падабаецца работа – шукай іншую, любіш падарожнічаць – рукзак на плечы і наперад! Таму казаць, што у маім жыцці вялікую ролю адыгрывае ўдача, я не магу.
Аднак калі ўжо вызначаць самае галоўнае, то гэта сям'я. Так, для жанчыны, у тым ліку і для мяне, вялікае значэнне мае магчымасць самарэалізацыі, але ўдача тут ні пры чым. Работа, нават любімая, дапамагае жанчыне адчуць сваю значнасць і патрэбнасць у, так бы мовіць, сусветным маштабе. Але шчасце ёй прыносіць менавіта сям'я і ўсё, што з ёй звязана.
2. Маё прафесійнае жыццё ў сферы журналістыкі яшчэ не такое доўгае, каб аналізаваць яго па ўсіх “правілах жанру”, тым больш што складаецца яно з дзвюх частак – карэктарскай і журналісцкай.
Гаварыць аб карэктуры ўвогуле складана, таму што толькі той, хто, як кажуць, пабываў у такой скуры або хоць бы мае ўяўленне пра спецыфіку гэтай работы, можа мяне зразумець. Я назаўсёды запомніла словы аднаго адукаванага філолага, якога я паважаю і з якога яшчэ са школьнай пары старалася браць прыклад –
яна аднойчы мяне “абнадзеіла”, сказаўшы, што, як бы я ні старалася, памылкі ў газеце ўсё роўна будуць “праскокваць”. Аднак мне кожны раз сорамна, і я вельмі балюча адношуся да гэтага.
А што да маіх журналісцкіх артыкулаў, то мне за іх не сорамна – па меншай меры, пакуль. Асноўны прынцып, якім я кіруюся, калі працую над сваімі публікацыямі, – не нашкодзь. А вось судзіць сваіх герояў – не мая справа.
3. Увогуле люблю нашу рубрыку “Среда размышления”. Гэта выражэнне пачуццяў, думак і меркаванняў. Гэта артыкулы, якія пішуцца душой журналіста – і для душы чытача.
Хочаце пазнаёміцца са мной бліжэй – прачытайце мае публікацыі “Нашы звезды сияют для нас” і “Спектаклем по сердцу”.
4. Мне здаецца, калі чалавек не марыць, ён увогуле не жыве – не ў сэнсе “пайшоў з жыцця ў росквіце сіл”, а калі прачынаецца раніцай, і яму не хочацца нават кубачка духмянай гарбаты, не кажучы ўжо пра нешта больш глабальнае. Як вядома, менавіта мары – рухавік прагрэсу, і толькі дзякуючы ім мы вучымся, працуем, будуем і ўвогуле жывём.
Я мару ўвесь час. І няхай не ўсе мае мары здзейсняцца, але я, хоць дробнымі крокамі, стараюся рухацца ім насустрач.
Але ёсць у мяне адна мара, рэалізацыя якой вось ужо які год знаходзіцца на ўзроўні +1: я, па натуры жаба-
падарожніца, мару аб'ехаць краіны былога Савецкага Саюза, прычым “на сваіх колах”. Але кожны раз знаходзяцца іншыя, больш рэальныя мары, на якія трацяцца не толькі сродкі, але і вольны час, якога таксама заўсёды не хапае. Але ж лічба +1 – неапісальна прыгожы і велічны Санкт-Пецярбург, куды наша сям'я аднойчы ўсё ж выбралася, – дае надзею на тое, што мая самая запаветная мара здзейсніцца.
5. Менавіта таму мне хочацца пажадаць сабе і нашым чытачам у першую чаргу здароўя, якое ні за якія грошы не купіш, і здзяйснення мар – не тых, “рэальных”, дасягнуць якіх пры нават невялікім жаданні бывае проста, – а сапраўдных, якія для многіх з нас з'яўляюцца сэнсам жыцця. І часцей усміхацца – проста таму, што свеціць сонца або сціх моцны вецер; проста таму, што настаў яшчэ адзін такі звычайна-спакойны – і тым такі прыгожы! – дзень. Проста ўсміхніцеся – і жыць стане лягчэй. Веру ў гэта – і таму ўсміхаюся.


Александр МОРОЗОВ:
“Всем желаю мира!”


1. Жизнь сама по себе – это уже большая удача. Для того чтобы просто выжить во время войны, нужно быть везунчиком.
Мой город сейчас в руинах, а я с семьей нахожусь в мирной и спокойной стране. Мы имеем работу и крышу над головой и строим планы на будущее. В 46 лет жизнь можно начать с ноля – и еще многое успеть.
2. В жизни (наверное, как и у всех) были. Но это не относится к моей профессиональной деятельности.
3. Практически всю жизнь я провел в небольшом донбасском городке. Я – дебальчанин и, наверное, лучше всего меня смогут охарактеризовать публикации, посвященные моей малой родине. А еще лучше – прочесть мою книгу «Дебальцево. Взгляд сквозь годы».
4. Я мечтаю о том, чтобы на Донбассе прекратилось кровопролитие, чтобы реальный мир пришел на мою землю. А мои земляки могли спать спокойно, могли трудиться, растить детей и заниматься созиданием.
5. Всем желаю МИРА! Остальное – второстепенно.


Марына Мацкевіч:
“Марыць – не шкодна?!!”


1. Удача – з’ява непрадказальная і капрызная. Ды і разуменне яе ў кожнага сваё – хтосьці лічыць сапраўднай удачай выйгрыш мільёна долараў, а для кагосьці ўдала пасмажаныя катлеты – ужо дасягненне. Я, напэўна, адношуся да другой катэгорыі. Мая галоўная ўдача ў тым, што я жыву менавіта ў гэты час, у гэтай краіне, у гэтым месцы. Ды і наогул – жыву, працую, весялюся, адпачываю!
2. Сорамна, канешне, бывае – асабліва калі спазняюся на працу...
А калі сур’ёзна, то, на шчасце, пакуль вялікіх памылак у маіх артыкулах не было (цьфу, цьфу, цьфу!). Але часам я адчуваю, можа, нават не сорам, а незадаволенасць ад таго, што расказала-напісала пра вельмі цікавага і глыбокага чалавека не так, як хацелася, – не хапіла слоў, натхнення, часу… Каб чыталася лёгка, на адным дыханні, і ў той жа час людзі праз артыкул зразумелі, які цудоўны гэта чалавек. Вось калі гэта не атрымліваецца, то адчуваю сорам перад сваім героем і незадаволенасць сабой.
3. Ого! Пра журналіста, прафесіянала, грамадзяніна? Напэўна, такі сур’ёзны і важны артыкул яшчэ не напісаны.
Ёсць тэмы, на якія мне падабаецца пісаць, і такія, што не вельмі прыцягваюць, але яны неабходныя. А якім журналістам і грамадзянінам мяне бачаць праз артыкулы чытачы? Цяжка адказаць. Напэўна, меркаваць і ацэньваць менавіта ім.
4. Марыць вельмі люблю, каб расказаць пра ўсе мары – не хопіць і некалькіх газетных старонак. Адны з шэрагу тых, што наўрад ці ажыццявяцца – але ж марыць ніхто не забараняе?! Іншыя знаходзяцца на стадыі “чаканне”. Напрыклад, я люблю падарожнічаць і мару пабываць у Японіі, на Мальдывах і ў Італіі. І апусціцца на марское дно з аквалангам і пабачыць сапраўдныя горы…
А яшчэ я мару, каб са мной было натхненне – і пажадана, каб прыходзіла яно на працы, а не ў той час, калі я ўжо легла спаць. І каб у галаве падчас творчага працэсу замест сумбуру і мешаніны ўсталяваўся парадак: усё знаходзілася “на сваіх паліцах” – патрэбныя словы, прыгожыя сінонімы і мілагучныя словазлучэнні, якія выліваліся б у звязныя сказы.
5. Сабе – каб хоць частка мар усё ж ажыццявілася. А чытачам – таксама марыць і верыць у спаўненне сваіх жаданняў.
А яшчэ, вядома ж, выпісваць і чытаць нашу “Астравецкую праўду”. І быць не вельмі строгімі крытыкамі: нават калі Месяц у календары нашай газеты ўзыходзіць на дзве хвіліны пазней, надвор’е не адпавядае абяцанаму сіноптыкамі, а ў назве вёскі прапушчана літара… Паверце – мы не знарок… Будзем сябраваць і надалей?!!


Алена Гануліч:
“З верай і надзеяй – па жыцці”


1. Толькі ў 27 гадоў я даведалася, што, аказваецца, мы самі выбіраем сабе бацькоў. Маленькая блакітная зорачка – ненароджанае дзіця – з вышыні нябёс разглядае людзей і выбірае сабе маму. Так лічыць мая шасцігадовая дачка…
Я ўдзячна Богу за тое, што некалі кволай зорачкай я з соцень жанчын выбрала патрэбную – маю. Мне пашанцавала з мамай! Дзякуючы ёй, сёння я – тая, якая ёсць. Дзякуючы нашым незвычайным размовам, калі мама мне, трохгадовай, адкрывала таямніцы прыроды: расказвала, адкуль бяруцца журавіны – рассыпаныя пацеркі восені, паказвала неабсяжную глыбінь першых сінявочак-пралесак і вучыла, што схіляцца трэба над кожным грыбком, – я не страціла сувязі з прыродай. На яе ўлонні я і зараз адчуваю сябе лепш, чым у тлумлівым горадзе.
Дзякуючы яе працалюбству і шчыраму, адкрытаму сэрцу, я ўспрымаю чалавека не праз прызму прафесіі, статуса ці матэрыяльнага дастатку, а праз учынкі, словы і маўчанне. Простыя людзі, ад зямлі, часам куды мудрэйшыя за чалавека з некалькімі вышэйшымі адукацыямі.
Мама паказала мне цану хлеба, навучыла прасіць прабачэння, прабачаць і спачуваць бліжняму. Яна мая лепшая сяброўка і дарадца, нягледзячы на тое, и што думаем мы па-рознаму і нашы жыццёвыя сусветы знаходзяцца ў розных плоскасцях.
Мама залажыла ў мяне творчы агеньчык, абвастрыла тонкасць успрымання навакольнага свету, якія ў далейшым развівалі іншыя людзі. Мне пашчасціла з настаўнікамі па жыцці: у школьныя гады – з Людмілай Іванаўнай Кухарэвіч, падчас прафесійнага станаўлення – з Нінай Аляксееўнай Рыбік. Я ўдзячна Богу і лёсу за маму і за тое, што мне шчасціць на Людзей з вялікай літары.
2. Журналіст – гэта і псіхолаг, і следчы, і ўрач… Наша прафесія адна з самых старажытных, і з гадамі не траціць сваёй прывабнасці. Мы можам, хоць тэарэтычна, паспрабаваць сябе ў розных прафесійных ролях, таму што героямі нашых артыкулаў становяцца настаўнікі, міліцыянеры, эканамісты, аграномы, кіраўнікі… Аднак ад нашых слоў залежаць і лёсы людзей.
Прызнаюся шчыра: у маім прафесійным жыцці ёсць артыкул, за які мне сорамна. Напісаны ён па ўсіх стандартах паўнавартаснага нарыса, чытабельны і шчыры… Але па нявопытнасці ці з-за спешкі я ўпусціла “залатое правіла” журналістыкі: паказваць два бакі, два меркаванні. У людзей, якіх ускосна закрануў артыкул, я, вядома, папрасіла прабачэння – але асадак застаўся. Вопыт – лепшы настаўнік. І зараз, якая б сенсацыйная інфармацыя ні траплялася ў мае журналісцкія рукі, перш чым падаць яе ў газету, я думаю, каб яна нікому не зашкодзіла.
Бываюць і матэрыялы, калі сорамна перад сабой – калі трэба напісаць станоўчы артыкул пра чалавека , якога ты ведаеш далёка не з лепшага боку. Да гэтага часу не вызначылася, што рабіць у такіх вось прафесійных неспадзяванках.
3. Кажуць, што лепшы артыкул – той, які яшчэ не напісаны. Хоць мы, як журналісты, павінны заўсёды заста вацца справядлівымі, непрадузятымі і аб’ектыўнымі, але найлепшыя матэрыялы атрымліваюцца толькі тады, калі ты ў іх прарастаеш душой. І вынікі нашай работы – нарысы, замалёўкі, расследаванні, рэпартажы, нават сухія інфармацыйныя артыкулы – раскажуць пра нас лепш, чым мы самі, асабліва тым чытачам, якія ўмеюць бачыць паміж радкоў.
4. З выказваннем, што калі чалавек перастае марыць, ён спыняецца ў сваім руху наперад, не зусім згодна. Хутчэй цікавасць да жыцця, чым мары, з’яўляюцца той рухаючай сілай, дзякуючы якой не спыняецца маторчык “чалавека vechna maladoga”. Паглядзіце на дзяцей: мы развучыліся здзіўляцца так, як яны. Мы развучыліся бачыць значнае ў штодзённым жыцці – хай гэта хуткакрылы матылёк або чалавек з неверагоднай усмешкай. І матэрыялы атрымліваюцца добрымі, калі табе цікава тое, пра што ты пішаш.
Я мару аб адным – не развучыцца здзіўляцца, каб жыццё не страціла фарбы… А там?.. Заплечнік за спіну – і гайда спазнаваць стракаты свет, людзей і імгненні.
5. Нашым чытачам хочацца падзякаваць за тое, што яны ў нас ёсць. Бо дзеля вас, дарагія, і выходзіць “Астравецкая праўда”, дзеля вас мы, журналісты, шукаем тэмы і стараемся напісаць лепш і цікавей. Дзякуй вам за добрыя словы і крытычныя заўвагі – заставайцеся і надалей з намі.
Чытачам і сваім калегам хачу пажадаць: людзей сустракайце з Любоўю, у дарадцы бярыце Надзею і ніколі не выракайцеся Веры.


Таіса Сямёнава:
“Удзячна журналісцкаму лёсу”


1. Асноўная мая ўдача – правільны выбар прафесіі. На журналістыку “нацэлілася” класе ў сёмым. Сям’я наша жыла на Зэльвеншчыне. Тады ж пачала дасылаць у Зэльвенскую раённую газету “Праца” свае першыя заметкі.
Дарога да прызвання аказалася не надта лёгкай – у Белдзяржуніверсітэт “прабілася” з трэцяй спробы. За амаль 37 гадоў працы ў газеце ніколі не пашкадавала аб зробленым выбары.
2. На жаль, такія моманты былі. У савецкія часы ў газетах існавала модная рубрыка “На тэмы маралі” (назва магла відазмяняцца, але сутнасць заставалася) – заведама выйгрышная: давала магчымасць “бліснуць” публіцыстычным майстэрствам, выказаць свае выпакутаваныя думкі, паразважаць, пацешыць журналісцкае самалюбства: маўляў, выкрываю заганы нашага жыцця.
Прозвішчы персанажаў публікацый на тэмы маралі, вядома, мяняліся або не называліся, але ў рэаліях невялікага горада ці раёна лёгка пазнаваліся. Наступствы для журналіста маглі быць непрыемныя. Так атрымалася і ў мяне.
Тэму для публікацыі “падкінуў” наш даўні пазаштатны аўтар, галоўны эканаміст будаўнічай арганізацыі (падзеі адбываліся не на Астравеччыне). Ён паведаміў аб канфлікце ў адной сям’і – сын пакінуў без догляду, у адзіноце, амаль сляпую маці. І хоць сам жыве ў суседняй вёсцы, да роднай хаты дарогу забыўся… Разбірацца ў сітуацыі мне памагала сакратарка сельсавета, дакладней, усяляк старалася трымацца ўбаку, не ўмешваючыся і нічога не тлумачачы. Гэта і бянтэжыла… Не буду пераказваць увесь матэрыял, далей – “тэлеграфным” стылем. Быў суд, на якім высветлілася, што правакатарам зацяглага сямейнага канфлікту быў той самы наш “бездакорны” рабкор, які даводзіўся сляпой жанчыне зяцем: захацеў прыбраць да рук цешчыну сядзібу і жонку схіліў на свой бок. Разам вырашылі пасварыць маці з сынам, каб яна апісала хату на дачку. А “загрэбсці жар” даручылі газеце…
Публікацыя выйшла пасля суда, калі кропкі над “і” былі расстаўлены і мараль сітуацыі аказалася на паверхні. Непаразуменні паміж маці і сынам ўладзіліся, у дачкі хапіла розуму выбачыцца перад роднымі людзьмі. Газета страціла актыўнага “рабкора”, а я на ўсё жыццё зрабіла выснову: ніколі не ўлазіць у сямейныя разборкі. Канфлікты паміж сваякамі, калі ўжо ўзніклі, павінны разбірацца ў сценах роднага дома, а не прылюдна ці праз газету. Здавён у беларусаў лічыліся ганебнымі сваркі паміж родзічамі, тым больш – калі яны даходзілі да суда.
3. Ой, не ведаю… У журналісцкай працы заўсёды кіравалася правілам “не нашкодзь”. Гэта значыць, публікацыя не павінна нанесці ўрону чалавеку, які быў з табою шчырым, адкрыўся табе, чужой, як не адкрываўся нават самым блізкім. І нярэдка выйгрышныя факты, якія маглі стаць “ізюмінкай” нарыса ці замалёўкі, але балючыя для герояў, так і заставаліся ў блакноце.
Другое правіла: крытыкуючы – аргументуй. Пры гэтам пара неабвержных аргументаў павінна быць “у запасе”. За справядлівую, абгрунтаваную крытыку праследавалі рэдка, часцей – паважалі.
Трэцяе правіла – не бойся прызнаваць свае памылкі і прасіць прабачэння. Гэта ніяк не прыніжае тваю прафесійную годнасць – наадварот, умацоўвае аўтарытэт.
А дапытлівым нашчадкам я б дала пачытаць матэрыялы, героі якіх сталі потым маімі сябрамі. І дружба трывае дагэтуль. Удзячна свайму журналісцкаму лёсу, які зводзіў мяне з цікавымі людзьмі.
4. Пра што мару? Аб падарожжах. З духоўным, так бы мовіць, накірункам і зместам: на Святую Зямлю – у Іерусалім, у Дзівеева да прападобнага бацюшкі Серафіма Сароўскага і яшчэ б хоць разок пабываць на Валааме… Хацелася б рэальна пазнаёміцца і пасябраваць з некаторымі суразмоўцамі з сацыяльных сетак – таго ж Фэйсбука. Сярод іх нямала шчырых, чулых людзей, па-свойму адметных, таленавітых. Чалавечыя стасункі – вялікая каштоўнасць!
5. Чаго можна жадаць больш за усё? Здароўя, вядома. І трохі часу ў запас, каб паспець сказаць дзякуй тым, каму яшчэ не сказала, прымірыцца з тымі, каго пакрыўдзіла. Напісаць яшчэ не напісаныя артыкулы і вершы.
А чытачам – прыемных сустрэч з любімай газетай!