"Репортёр выходит в свет". "Астравецкая праўда" отвечает на вопросы читателей

10:00 / 02.03.2014
Упершыню за ўсю гісторыю існавання рубрыкі “Рэпарцёр выходзіць у свет” – а жыве яна на старонках “Астравецкай праўды” больш як дзесяць гадоў –  ролі ў ёй памяняліся дыяметральна супрацьлегла. Звычайна журналіст “выходзіць у свет” і задае ўсялякія-розныя пытанні сустрэчным. А на гэты раз чытачы газеты задавалі пытанні супрацоўнікам рэдакцыі падчас Дня “Астравецкай праўды”. Адказаць на іх на імпрэзе не атрымалася – мы паабяцалі, што адказы чытачы змогуць прачытаць у газеце.
Што ж, выконваем абяцанне… А паколькі пытанні тычыліся ў асноўным дзейнасці рэдакцыі, то адказваць на іх выпала галоўнаму рэдактару Н.А. Рыбік.

Марыя ПЕШКА, жыхарка вёскі Варона:


– Скажыце, калі ласка, ці можна “Астравецкую праўду” выпісаць за мяжу Беларусі, у Літву? Справа ў тым, што мае літоўскія родзічы і сябры, калі прыязджаюць у госці, забіраюць усе нумары нашай “раёнкі”, якія я пакідаю для сябе, нават рэкламу і тэлебачанне. А мне ж газета таксама патрэбна!


– Як паведаміла начальнік Астравецкага вузла паштовай сувязі Ірына Эдуардаўна Тальчук, выпісаць “Астравецкую праўду” ў Літву нельга.
Але, калі вашы літоўскія родзічы і сябры так любяць чытаць “Астравецкую праўду”, выйсце знайсці можна.
Па-першае, нашу газету можна чытаць у інтэрнэце на сайце ostrovets.by – дарэчы сказаць, многія нашы чытачы з блізкага і нават вельмі далёкага  замежжа так і робяць.
Нехта можа сказаць, што на сайце з’яўляюцца не ўсе матэрыялы, змешчаныя ў газеце, і не заўсёды ў тым выглядзе, што ў друкаваным варыянце, і не ў дзень выхаду газеты. Гэта так, бо інтэрнэт-версія газеты не павінна быць копіяй папяровага варыянта. Аднак тыя, у каго ёсць жаданне чытаць  “Астравецкую праўду” ў поўным аб’ёме ў электронным варыянце, могуць выпісаць яе PDF-версію – і атрымліваць затым на асабістую электронную пошту ў дзень выхаду газеты ў любой краіне свету. Такая падпіска, дарэчы, будзе каштаваць танней, чым папяровы варыянт газеты. Аформіць яе можна ў рэдакцыі газеты ці цераз “Белкіёск” – падрабязнасці можна знайсці на сайце belkiosk.by.
Ну а калі вашым літоўскім гасцям ніводзін з гэтых варыянтаў не падыходзіць, то можна параіць вам выпісаць два экзэмпляры газеты – для сябе і  для сваіх замежных родзічаў. І затым альбо завесці для іх асобную падшыўку, альбо адпраўляць у Літву ў канвертах, пісьмамі.


Пытанне другое. Некалі “Астравецкая праўда” прыходзіла да чытачоў тры разы на тыдзень, а зараз – толькі два. Ці плануецца пераход на  трохразовы выпуск газеты?


– Пераход на трохразовы выпуск газеты пакуль не плануецца. Калі адсунуць у дальні кут душы настальгію па мінулых часах, калі і цукар быў саладзейшы, і вада макрэйшая, і мы маладзейшыя, то аб’ектыўных прадпасылак для гэтага няма. Паспрабую растлумачыць, чаму.
Калі, напрыклад, тыя 24 старонкі, што мы зараз выпускаем у тыдзень, дастаўляць чытачам не два разы на тыдзень, а тры, то гэта абыдзецца  даражэй – найперш для рэдакцыі, а затым – і для чытачоў. А калі разглядаць пытанне аператыўнасці падачы інфармацыі, то, як гэта ні парадаксальна, яна пры трохразовым выпуску страціцца. Справа ў тым, што з мінулага года, калі мы сталі выпускаць газету ў колеры, “Астравецкая праўда” друкуецца ў Гродна. Арыгінал-макеты мы адпраўляем у друкарню па электроннай пошце за дзень да выхаду газеты, раніцай у аўторак і пятніцу адпаведна. І калі, скажам, нейкая важная падзея адбылася ў раёне ў суботу ці нядзелю, то пры ўмове, што журналісты будуць працаваць у выхадныя дні – а такое здараецца вельмі часта, – у сераду чытачы ўжо змогуць прачытаць справаздачу ці фотарэпартаж аб гэтай падзеі. А калі газета стане выходзіць тры разы на тыдзень, як некалі, у аўторак, чацвер і суботу, то падаць гэтую інфармацыю у аўторкавы нумар мы не зможам пры ўсім жаданні, бо яго трэба будзе адпраўляць у друкарню раніцай у панядзелак. І пачытаць аб гэтай падзеі змогуць толькі ў чацвер. Вось і глядзіце, што лепш…


Ірына ЖАЛТОК, вёска Палушы:


– Калі наша “раёнка” патаўсцее? Толькі пачнеш чытаць, а яна ўжо заканчваецца…


– Што тычыцца “таўшчыні” газеты, то, паверце – “на дыеце” мы не сядзім, “папраўляемся” рэгулярна: гэта бачна нават візуальна, калі параўнаць  таўшчыню падшывак газеты за розныя гады ў архіве. Я разумею, што чытачам хочацца больш інфармацыі, добрай і рознай, – і нам таксама. І па магчымасці мы “таўсцеем” – ну вось, напрыклад, гэты нумар большы, чым звычайна, на цэлых восем старонак (заўважце – пры той самай цане для падпісчыкаў і нашмат большай – для рэдакцыі). Але ўсё ж жаданні жаданнямі, але трэба зыходзіць з рэальнасці, у тым ліку і эканамічнай, і кадравай – у рэдакцыі працуе толькі шэсць журналістаў.


Тарэса ДРАГАН, Астравец:


– Па-першае: як у рэдакцыі адбіраюць лісты, што прыходзяць да вас? Чым кіруецеся, калі вырашаеце, што надрукаваць, а што – не?


– У першую чаргу звяртаем увагу на каштоўнасць інфармацыі, што ўтрымліваецца ў паведамленні, на тое, ці можа яна зацікавіць нашых падпісчыкаў,  якіх на сённяшні дзень больш чым 6 тысяч, а значыць, чытачоў – прыкладна 18 тысяч.
Да нас часта прыходзяць лісты са школ: вучні ці настаўнікі расказваюць пра мерапрыемствы, што адбыліся ў іх “альма-матар”. Бываюць сапраўды цікавыя допісы, да таго ж напісана па-майстэрску, і такім – “зялёная вуліца” на старонкі газеты! А здараецца – ну зусім радавая падзея, да таго ж адбылася тыдзень назад, ды і ў газеце гэтая інфармацыя таксама ж не можа з’явіцца ў дзень атрымання пісьма, нават па тэхнічных прычынах, не кажучы ўжо пра тое, што існуе планаванне нумароў, прыярытэтныя тэмы і г.д. Значыць, толькі што атрыманае пісьмо ўжо састарэла… І падобныя лісты часта спісваюцца ў архіў.
Увогуле аўтарам хочацца параіць: расказвайце ў сваіх допісах пра значныя падзеі, цікавых людзей, уздымайце сур’ёзныя праблемы, пішыце аб тым,  што магло б зацікавіць усіх чытачоў, а не пяць-дзесяць чалавек з вашага асяродку.
Калі атрымліваем вершы, апавяданні, абразкі, то ўвагу звяртаем перш за ўсё на мастацкую вартасць твора. Пачынаючым аўтарам хочацца нагадаць,  што далёка не ўсе радкі, у якіх рыфмуецца “кроў” і “любоў”, “Беларусь” і “ганарусь”, з’яўляюцца вершамі – а часам і падобнай рыфмы ў так званым вершы няма, не кажучы ўжо пра такую рэч, як рытм – з ім многія з нашых аўтараў, якія лічаць сябе паэтамі, увогуле абыходзяцца вельмі вольна. Трэба памятаць, што мастацкі твор, як і журналісцкі артыкул, – гэта перш за ўсё думка, сэнс, настрой, што ў ім прысутнічаюць – і разам з тым адпавядаючая законам жанру форма…
Але справядлівасці дзеля трэба сказаць, што большасць атрыманых намі пісьмаў усё ж з’яўляюцца на старонках газеты. Хоць, магчыма, варта было б падыходзіць да іх адбору больш строга…


Пытанне другое: калі журналістам лепш пішацца?


– Калі трэба – тады і пішацца. А калі трэба тэрмінова ў нумар, тады пішацца ў любы час сутак: днём, позна вечарам, ноччу, у пяць гадзін  раніцы… У такія моманты не выпадае чакаць, калі з’явіцца натхненне…
І ўвогуле, нейкі пісьменнік – прабачце, забылася прозвішча – сказаў, што натхненне – гэта выдумка гультаёў. Калі садзішся за пісьмовы стол і пачынаеш працаваць – тады і натхненне з’яўляецца: а куды яно падзенецца? А калі хадзіць вакол таго стала кругамі і пераконваць сябе, што “не пішацца”, – то, вядома ж, не напішацца.
Зрэшты, гэта маё перакананне – у калег яно, магчыма, іншае…


Інэса ТАРАСАВА, Астравец:


– Вельмі цікава чытаць у “Астравецкай праўдзе” пра падарожжы журналістаў – як замежныя, так і па родным краі. Калі ў газеце з’явяцца чарговыя  падарожныя нататкі і з якімі мясцінамі мы зможам пазнаёміцца з іх дапамогай?


– Гэтае пытанне як нельга лепш сведчыць, што густы і запатрабаванні ў нашых чытачоў розныя. Так, многія просяць змяшчаць падарожныя нататкі журналістаў, кажуць, што такім чынам яны і самі знаёмяцца з новымі мясцінамі, краінамі, даведваюцца цікавыя факты, пра якія не пішуць у  турыстычных даведніках. Але ёсць і тыя, каго такія матэрыялы раздражняюць. Пагэтаму апошнім часам мы стараемся не перагружаць газету падобнымі артыкуламі, хоць пісаць ёсць каму і ёсць пра што.
Ці будуць надалей друкавацца ў “Астравецкай праўдзе” “падарожныя нататкі” і пра якія мясціны – сказаць адназначна цяжка. Калі чытачам гэта  цікава – то, напэўна ж, яны з'явяцца. Адкуль чакаць чарговы рэпартаж – залежыць ад таго, куды прага вандровак занясе нашых штатных і няштатных  супрацоўнікаў.