"Астравецкая праўда" принимала поздравления и дарила подарки

08:00 / 01.03.2014








Дзень «Астравецкай праўды» прайшоў у мінулую суботу ў Астраўцы. У дзіцячай школе мастацтваў у гэты дзень сабраліся заснавальнікі, сябры, чытачы, няштатныя аўтары, калектыў «Астравецкай праўды», каб разам адзначыць свята і пагутарыць аб надзённых справах.

Кожнаму чалавеку, чым бы ён ні займаўся, вельмі важна ведаць, як успрымаюць вынік яго працы навакольныя, у першую чаргу – тыя, для каго ўсё і робіцца. А людзей творчых гэта тычыцца найперш. Пагэтаму такія важныя для артыстаў апладысменты на іх канцэртах і спектаклях, для мастакоў – колькі наведвальнікаў прыйдзе на іх выставы і з якімі вачамі яны будуць глядзець на карціны, для кампазітараў – ці стануць слухаць, спяваць іх песні і іграць іх музыку.
Для журналістаў, творчасць якіх мае, так бы мовіць, прыкладны характар – калі гэта ўвогуле можна назваць творчасцю ў высокім сэнсе гэтага слова – зваротная сувязь з чытачом іграе асаблівае, такое ж прыкладное значэнне. Бо за кожны нумар газеты ці часопіса чытач галасуе – ці не галасуе – сваім кроўным рублём. І ад таго, падабаецца яму выданне ці не, знаходзіць ён на яго старонках інфармацыю, якую шукае і якая яго цікавіць, ці вымушаны для гэтага набываць іншую газету, бачыць ён у журналістах роўных сабе суразмоўцаў, з якімі можна пагаджацца ці спрачацца, але якіх цікава паслухаць і з якімі прыемна гаварыць, ці лепш пашукаць іх у іншым месцы, залежыць, па вялікаму рахунку, не толькі сённяшні дабрабыт выдання і яго калектыву, але і яго будучыня.







Каб мець гэтую зваротную сувязь са сваімі чытачамі, мы рэгулярна праводзім апытанні, анкетаванні,
аналізуем рэдакцыйную пошту, тэлефонныя званкі, каментарыі на сайце. І час ад часу сустракаемся са сваімі чытачамі “вочы ў вочы” – з гэтай мэтай у тым ці іншым населеным пункце раёна праводзім Дні “Астравецкай праўды”.



У апошнюю суботу лютага падобнае мерапрыемства вырашана было правесці ў Астраўцы. Райцэнтр быў выбраны па некалькіх прычынах. Па-першае, з астраўчанамі мы не сустракаліся даволі даўно – усё больш ездзілі па раёну. Па-другое, наспела важкая нагода: трэба было сказаць добрыя словы нашым пазаштатным аўтарам і ўручыць дыпломы пераможцаў тым з іх, каго рэдакцыя прызнала лепшымі па выніках нашага супрацоўніцтва ў мінулым годзе.
У дзіцячай школе мастацтваў гасцей свята сустракалі нашы галоўныя партнёры (якія, дарэчы, і сталі пераможцамі ў намінацыі “Партнёр года”) – работнікі вузла паштовай сувязі. Кожнаму, хто пераступаў парог, яны дарылі прыязную ўсмешку і прапаноўвалі купіць свежы, з водарам друкарскай фарбы, нумар “Астравецкай праўды”, сувеніры з відамі адметных мясцін Астравеччыны і іншую паштовую прадукцыю.
А супрацоўнікі рэдакцыі дарылі гасцям каляровы каляндар на 2014 год – і той факт, што падпісчыкі атрымалі яго з першым нумарам газеты, у дадзеным выпадку значэння не меў: календары служылі яшчэ і своеасаблівымі латарэйнымі білетамі, розыгрыш якіх планаваўся і чакаўся на свяце.
Тыя, хто прыйшоў раней, мелі магчымасць пазнаёміцца з выставай колішняга фотакарэспандэнта, а зараз відэааператара рэдакцыі Андрэя Памецькі “Яе Вялікасць Жанчына” – і ў чарговы раз пераканацца, якімі нечакана прыгожымі, неверагодна рамантычнымі, бязмежна шчаслівымі могуць быць жанчыны. А таксама – падзівіцца майстэрству фатографа, які здолеў усё гэта ўбачыць – і паказаць гледачам. Зрэшты, такая магчымасць ва ўсіх жадаючых ёсць і зараз: фотавыстава Андрэя Памецькі яшчэ працуе ў дзіцячай школе мастацтваў.



У той дзень у зале абыякавых людзей не было: на сустрэчу са сваёй любімай газетай прыйшлі сябры, якія яе чытаюць шмат гадоў і для якіх “Астравецкая праўда” стала нязменным суразмоўцам, дарадцам, нават членам сям’і.
З калектывам рэдакцыі прысутных пазнаёміў невялікі відэафільм, зняты Андрэем Памецькам і Святланай Фёдаравай да мінулагодняга Дня друку. За гэты час ён, праўда, крыху састарэў, бо калектыў рэдакцыі ў апошні час істотна абнавіўся і памаладзеў. Але ва ўсіх прысутных была магчымасць пабачыць і пачуць супрацоўнікаў рэдакцыі, многіх з якіх некаторыя да гэтага ведалі толькі па прозвішчах. І нават задаць ім свае пытанні – чым, дарэчы, гледачы скарысталіся ў своеасаблівым вусным выпуску нашай традыцыйнай рубрыкі “Рэпарцёр выходзіць у свет”.



Шмат добрых слоў прагучала ў гэты дзень у адрас калектыву рэдакцыі ад заснавальнікаў – іх прадстаўляў намеснік старшыні райвыканкама Віктар Збігневіч Свіла, і нашых партнёраў – паштавікоў, дзякуючы якім газета своечасова даходзіць да чытача: начальнік вузла паштовай сувязі Ірына Эдуардаўна Тальчук паабяцала, што і надалей партнёрскія сувязі рэдакцыі і пошты будуць толькі ўмацоўвацца. Са словамі прызнання ў любові газеце выступілі многія нашы няштатныя аўтары і чытачы, а некаторыя з іх – Рэгіна Дрэма, Станіслаў Курыла – спецыяльна да свята напісалі вершы.
Не паскупіліся на словы падзякі і прызнання сваім сябрам-чытачам і супрацоўнікі рэдакцыі. Лепшыя з няштатных аўтараў па выніках мінулага года – Эдуард Свірыд, Таісія Сямёнава, Юрый Горыд, Капіталіна Пятроўская, Святлана Еўтушэнка, Віталій Шпіронак – атрымалі спецыяльныя дыпломы і сувеніры. Святочны настрой забяспечвалі выкладчыкі школы мастацтваў, артысты раённага Дома культуры і хор “Польскае рэха Астраўца”.



А самым, бадай, інтрыгуючым і прыемным момантам свята стаў розыгрыш прызоў, прадастаўленых нашымі спонсарамі: прыватнымі прадпрымальнікамі Ірынай Сыч, Тамарай Янчэўскай, Сяргеем Савіцкім, Юрыем Горыдам, фірмай “ПланетаТэхна”, раённым Домам культуры, гандлёвым домам “АнаСтасіЯ”, фірмай “Роджэр і кампанія”, раённай арганізацыяй рэспубліканскага грамадскага аб'яднання “Белая Русь”, раённым вузлом паштовай сувязі.



Фартуна ў той дзень выбірала сваіх фаварытаў ручкамі юнай прыгажунькі Аляксандры Гануліч і агучвала нумары шчаслівых білетаў голасам вельмі сур’ёзнага і адказнага маладога чалавека Алега Хацяновіча. Некаму дастаўся тэрмас ці чайнік, іншаму – карціна ад пераможцы нашага конкурсу Юрыя Горыда ці рамантычная вячэра на дваіх, флэш-карта ці два білеты на канцэрт цыганскага ансамбля, а супер-шчасліўчыкі атрымалі супер-прызы – электронную кнігу і лічбавы фотаапарат.



Але хочацца верыць, што ў той дзень прайграўшых не было – выйгралі ўсе, хто прыйшоў на імпрэзу. Бо атрымалася яна цёплай і сардэчнай, як сяброўская бяседа, і галоўным падарункам для ўсіх стаў добры настрой.



Выпісвайце, чытайце “Астравецкую праўду”, прыходзьце ў рэдакцыю, дасылайце нам свае лісты, артыкулы і творы, тэлефануйце, пакідайце каментарыі на сайце, дзякуйце ці крытыкуйце, падказвайце тэмы новых публікацый. І будзем сябраваць і надалей!

---------------------------
Ніна АЛЯКСЕЕВА.
Фота Антона МАЛЬШЭЎСКАГА і Івана ПЕТРЫКА.