Туі ўкралі - і вярнулі. А веру ў людзей?

16:31 / 03.08.2018
7369
Калі рэдакцыя перасялі­лася ў сённяшні буды­нак, мы дружна абмяркоў­валі, як зрабіць наш агульны дом і яго тэрыторыю прыгожымі, утульнымі, камфортнымі і для супрацоўнікаў, якія праводзяць тут па меншай меры трэць жыцця (а некаторыя – і больш таго), і для тых, хто будзе заходзіць да нас – па справе ці проста ў госці.

IMG_9323.jpg

Найбольш спрэчак выклікала пы­танне абмежавання  тэры­то­рыі. Песімісты прапа­ноў­­валі па­ста­віць высокі плот з на­дзей­ны­мі варотамі і вес­ніч­камі на замку: маўляў, так спакайней… 

Але аптымісты, да якіх адношу і сябе, пераконвалі, што трэба верыць людзям і не варта па адной блуднай авечцы меркаваць пра ўсю атару, што нашы жыхары ўсё ж мяняюцца да лепшага – разам з Астраўцом. Узгадалі і забаронены плод, які заўсёды саладзейшы, і выхаванне прыгажосцю, прыклад якога вось ужо колькі гадоў дэманструе Гервяцкі касцёл…

Урэшце аптымісты ўзялі верх: агароджу вырашылі зрабіць зялёнай, высадзіўшы па мяжы туі, а на тэрыторыі – за 77 гадоў існавання газеты і рэдакцыі ў нас нарэшце з’явілася свая тэрыторыя, якую можна абуладкоўваць у адпаведнасці са сваім густам і магчымасцямі! – зрабіць альпійскую горку, разбіць не­каль­кі міні-кветнікаў. Пад кі­раў­ніцтвам нашага апантанага квет­кавода Алены Ярашэвіч стараўся ўвесь калектыў – і агуль­нымі намаганнямі ў рэдак­цыйнай тэрыторыі з’явіўся ўласны своеасаблівы – як нам здаецца, прывабны! – «твар». І так прыемна ранкам, ідучы на работу, павітац­ца з толькі што раскрыўшай пялёсткі, яшчэ крышку заспанай кветачкай ці ўдыхнуць самы прыемны ў свеце водар толькі што скошанай травы…

І вось у адзін зусім не цудоўны дзень ідылія перарвалася паведамленнем: наша зялёная агароджа моцна парадзела: знікла амаль пятая частка з высаджаных паўтара года назад дрэўцаў – шаснаццаць туй! 

IMG_6083.jpg


– Божа, ну што за людзі! – абураліся адны. – Навошта ім гэтыя дрэўцы пасярод лета?  Нават калі пасадзіць іх зараз – яны ж усё роўна не прыжывуцца!
– Знайсці і рукі паадсякаць па самыя локці! – прапаноўвалі прыхільнікі радыкальных мер.
– Здзіўляцца трэба іншаму – як іх да гэтага часу не выкапалі: тэрыторыя ж не ахоўваецца! – паціскалі плячыма трэція.
А мне было шкада – да слёз, больш чым скрадзеных туй! – сваёй веры ў людзей, у іх прыстойнасць…



…Зладзеяў вельмі хутка знай­шлі. Нехта ўспомніў дзіўную жанчыну з заплечнікам, якая напярэдадні доўга круцілася без усялякай бачнай справы каля рэдакцыі: то шпацыравала ўзад-уперад, то бралася газоны палоць… Патэлефанавалі ў міліцыю – праз некалькі гадзін ужо было вядома ўсё: хто, калі, з кім, каму… І туі нам вярнулі – праўда, зусім не тыя, як укралі надоечы, – меншыя, больш кволыя. З іншага боку, яны ж непадпісаныя – паспрабуй дакажы, якія ў нас раслі…

 Так што ўрэшце рэшт праўда спраўдзілася! 
Але, як  у тым анекдоце: лы­жач­кі знайшліся – а асадак застаўся…
І таму, каб прымірыць апты­містаў, песімістаў і рэалістаў, рэдакцыя вырашыла ўстанавіць сістэму відэаназірання. Грошай, канешне, шкада –  але мы вырашылі, што выдаткі варты таго, каб не спакушаць тых, у каго свярбяць рукі, калі яны бачаць нешта не за плотам і без замка, і быць спакойнымі за сваю маёмасць.
Ну і каб не расчаравацца канчаткова ў людзях і выхоўваць іх не толькі прыгажосцю, але і перспектывай пакарання за свае ўчынкі. 

Текст: Нина Рыбик
Фото: Антон Мальшевский
Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений