У рэдакцыі віншавалі пераможцаў конкурсу “Дай лапу, сябар!”
15:26 / 07.03.2018
Нагадаем: па выніках галасавання на сайце пераможцам конкурсу стала Ірына Герасім. Яна завітала ў рэдакцыю з героем здымка Гаральдам: і адразу стала зразумела, каго ж ён нагадваў: сабаку Электроніка з любімага некалі ўсімі дзецьмі фільма! Хоць, праўда, поўнае імя ў эдэльтэр’ера Гаральда цалкам дваранскае: Алаізэ де Ганары Гаральд – так запісана ў яго пашпарце і ў радаслоўнай!
Але наш герой сваёй «блакітнай крывёю» не ганарыцца: ён вельмі дэмакратычна павітаўся з усімі членамі калектыву, кожнаму даў лапу, а тых, хто асабліва напрошваўся на сяброўства, нават аблізаў. Дыплом і падарунак атрымаў з пачуццём уласнай годнасці, даверыў распарадзіцца ім сваёй гаспадыні Ірыне Герасім – і, папазіраваўшы перад фота- і відэакамерамі, з пачуццём выканана абавязку пакінуў рэдакцыю.
А вось другія пераможцы, якіх вызначыла рэдакцыйнае журы, прыйшлі ў рэдакцыю цэлай кампаніяй – аўтар здымка, дзяўчынка Палінка, якая рабіла з сабакам «зарадачку: правай, левай» і яе тата, пагранічнік Вадзім Паковіч. Але – без героя здымка: аўчарка Сторы, як нам растлумачылі, толькі на фота такая паслухмяная, а на самой справе яна разам з татай Вадзімам ахоўвае дзяржаўную мяжу і затрымлівае парушальнікаў. Так што сабака ён ва ўсіх адносінах сур’ёзны – Рэгіна Дрэма, аўтар фотаздымка, якая і даслала яго на конкурс, прызнаецца, што і каля панадворка суседзяў Папковічаў, калі там знаходзіцца Сторы, Праходзіць на дыбачках.
Але галоўнае, каб сабакі сябравалі з людзьмі, людзі – адзін з адным, і ўсе – з «Астравецкай праўдай».
Заставайцеся з намі – і будзем сябраваць і надалей!