Путешествуем вместе с “Астравецкай праўдай”

07:15 / 20.05.2017

У калектыве рэдакцыі газеты “Астравецкая праўда” стала ўжо добрай традыцыяй адзначаць прафесійнае свята -- Дзень друку -- блізкімі ці не вельмі падарожжамі. У розныя гады мы пабывалі ў Брэсце і Гродна, у купалаўскай Вязынцы і на Лініі Сталіна, наведалі музей архітэктуры і быту пад адкрытым небам у Азярцы пад Мінскам і шматлікія пастаноўкі ў розных сталічных тэатрах, знаёміліся з гісторыяй роднай Беларусі ў Мазыры, Тураве, Полацку, Навагрудку, Нясвіжы, Міры, падарожнічалі па суседніх Ашмяншчыне і Смаргоншчыне.

А сёлета вырашылі бліжэй пазнаёміцца з роднай Астравеччынай.

IMG_0689.jpg

Тым, хто перакананы, што турыстычная Астравеччына – гэта Гервяты, Варняны, Міхалішкі, а больш у нас глядзець няма чаго, можна сказаць: вы глыбока памыляецеся. Як пераканаліся журналісты і сябры нашай газеты падчас апошняй вандроўкі, край наш больш цікавы і адметны, чым можа падацца на першы погляд. І цікавосткі гэтыя выходзяць далёка за межы азначанага і вядомага далёка за межамі “залатога колца Астравеччыны”.

Трокенікі

Вандроўка пачалася з Трокеніцкай бібліятэкі – найперш таму, што яна размешчана ў доме, дзе ў 1901 годзе нарадзіўся Мар’ян Богуш-Шышка. Крутая вінтавая лесвіца вядзе на другі паверх, у пакоі, дзе зараз месціцца музейная экспазіцыя, прысвечаная слыннаму земляку – гэтая лесвіца бадай што адзіная аўтэнтычная дэталь, якая засталася некранутай за амаль паўтара стагоддзя, што стаіць гэтая будыніна. І ўяўленне міжволі малюе, як спачатку асцярожна, а затым -- усё больш цвёрда і ўпэўнена тупаюць па яе металічных прыступках босыя ножкі хлопчыка, які праз многа гадоў стане знакамітым мастаком і пасля пакутлівай смерці ў 94-гадовым узросце ў Лонданскім хоспісе крытыкі назавуць яго “мастаком стагоддзя”. Мар’ян Богуш-Шышка вучыўся майстэрству ў Віленскай акадэміі ў знакамітага Фердынанда Рушчыца і ў Кракаўскай акадэміі -- а пазней сам вучыў маляваць беларусаў, італьянцаў і англічан.  Чалавек з няпростым лёсам – Богуш-Шышка ваяваў у польскай арміі, трапіў у палон, прайшоў праз фашысцкія канцэнтрацыйныя лагеры, пасля вайны доўга і цяжка “выбіваўся ў людзі”, ён настойліва ішоў да ажыццяўлення сваёй дзіцячай і юнацкай мары.

IMG_0555.jpgIMG_0493.jpgpute6estvuem.jpg

Цікава, ці сніліся яму гэтыя агромністыя ліпы і дубы – хоць у яго дзяцінстве, яны, напэўна ж, былі не такімі тоўстымі і высокімі? Ці ўзгадваў знакаміты мастак заварожваючае журчанне ручая ля іх падножжа, ці спяваў у яго душы трокеніцкі салавей? Ці памятаў ён каменны ўзор на сценах стайні ў іх сядзібе і гэтыя вось крутыя каваныя прыступкі?

Спытаць пра гэта няма ў каго, бо няма ў жывых ужо ні самога Мар’яна Богуша-Шышкі, ні яго ўдавы лэдзі Сіселі Сондэрс, якая стала заснавальніцай сістэмы хоспісаў – у 1996 годзе яна прыязджала ў Трокенікі і гуляла па тых мясцінах, якія абудзілі іскрынку таленту ў яе будучага мужа. Але хочацца спадзявацца, што ўспаміны дзяцінства ў мастака, незалежна ад таго, якімі яны былі, заставаліся моцнымі і яркімі на працягу ўсяго яго жыцця.

Канешне, экспазіцыя, прысвечаная Мар’яну Богушу-Шышку ў Трокеніцкай бібліятэцы, вельмі сціплая; канешне, патрабуе догляду і сам будынак, і ліпавая алея непадалёк ад яго, а будынак цудоўнай каменнай стайні цяпер наогул – прыватная ўласнасць. Нельга не пагадзіцца з неаднаразова агучанай прапановай прафесара Мальдзіса: сюды вельмі “просіцца” адзін з філіялаў Астравецкага музея, які б быў прысвечаны менавіта мастакам, лёс якіх звязаны з Астравеччынай. Але пакуль гэта нават не планы – мары… І застаецца толькі ўздыхаць, гуляючы па гэтых цудоўных мясцінах і ўзгадваць, якімі яны былі ў час дзяцінства “мастака стагоддзя”.

Замкоўка

Пра гару Замкоўка непадалёк ад Трокенік мы ведаем у многім дзякуючы вядомаму этнографу графу Канстанціну Тышкевічу, які ў 1857 годзе ажыццявіў падарожжа па Віліі, пачынаючы ад вытокаў ракі і да яе вусця, і свае ўражанні і вынікі даследаванняў апісаў у кнізе “Вілія і яе берагі”, якая была выдадзена ў Дрэздэне ў 1871 годзе.

Ля падножжа Замкоўкі наша пакуль што маладасведчаная журналісцкая экспедыцыя спынілася, і Віктар Збігневіч Свіла, вядомы ў раёне не толькі займаемай высокай пасадай намесніка старшыні райвыканкама, але і сваёй неабыякавасцю да падзей, што адбываліся на нашай зямлі, дэманструе рэпрынтнае выданне кнігі 2008 года, якое прысвечана 150-годдзю Канстанціна Тышкевіча. Выданне стала заканамерным вынікам сумеснай беларуска-літоўскай экспедыцыі па слядах графа Тышкевіча, якая адбылася ў 2007 годзе і адным з ініцыятараў якой выступіў Астравецкі райвыканкам.

У кнізе “Вілія і як берагі” шмат месца прысвечана астравецкім мясцінам – Быстрыцы, Міхалішкам. І, апроч іншага, -- гары Замкоўка, якую Тышкевіч называе Замкаўшчына: падарожжа да яе стала адзіным радыяльным выхадам экспедыцыі, адыходам яе ад воднага маршруту.

IMG_0645.jpg

IMG_8136.jpg

Віктар Збігневіч “з ліста” перакладае нам, што пісаў Тышкевіч пра Замкоўку: “…Праехаўшы некалькі вёрстаў самай горшай, якую можна толькі ўявіць, дарогі, спыніліся на хутары, які завецца Лінамаргі. Адсюль (…) пешшу адпраўляемся ў лес. На адлегласці прыкладна з вярсту ў старой векавой разбаўленай дубамі пушчы, да такой ступені пераплеценай галінамі, што нават апоўдні ў ёй заўсёды цёмна і холадна, узносіцца гара настолькі крутая, што з гэтага боку ўзабрацца на яе немагчыма. Леснікі правялі нас кругом, і больш даступным шляхам ледзь узабраўся на яе вяршыню. У такім неверагодным гушчары немагчыма было ні здагадацца, ні ўявіць яе форму; даследаваўшы яе па частках, не засталося сумненняў, што чалавечая рука над насыпамі на яе хрыбце папрацавала. Гэтая гара мае надта малую паверхню для абарончага замка, аднак валодае ўсімі рысамі ахвярнага гарадзішча. Хутчэй за ўсё, у старажытнасці гэтае месца было прысвечана багам, а ў яго катлаване гарэў нязгасны агонь. Замкаўшчына, вымераная і тапаграфічна замаляваная, папоўніла папку мясцовых адметнасцяў, сабраных мною ў гэтым падарожжы. (…) Знайшоў некалькі трухлявых ствалоў гіганцкіх дубоў -- гэта былі апошнія рэшткі тых святых дубраў, якія ў язычніцкай Літве акружалі прысвечаныя багам месцы. Адзін з іх ляжаў на самым хрыбце, ад яго застаўся толькі згніўшы знутры ствол. З усіх сваіх равеснікаў быў самым вялікім. Я абмераў яго ствол – яго акружнасць склала 9 аршын і 8 вяршкоў. (Аршын – 0,7112 м., вяршок – 4,445 см. – аўт.) Адсечаны фрагмент гэтага ствала я ўзяў з сабою для сваёй калекцыі…”

Спрабуем і мы ўзабрацца на Замкоўку. Цяжкавата – але магчыма, нават для не самых маладых і дужых, асабліва калі маладзейшыя і дужэйшыя своечасова працягнуць руку дапамогі…

 Затое якое відовішча адкрываецца з яе вяршыні – дух захоплівае! І які гонар – за нашу цудоўную радзіму і крышку -- за маленькую перамогу над сабой адчуваеш, стоячы на адной з самых высокіх кропак Астравеччыны!

Стрыпішкі

IMG_0613.jpgАдзін з унікальных гістарычных помнікаў у нашым раёне – стараверская царква у Стрыпішках, помнік драўлянага дойлідства 19-га стагоддзя. Нягледзячы на свой 110-гадовы ўзрост, царква цудоўна захавалася. Пабачыць гэты кавалачак нетрадыцыйнай для Астравеччыны культуры хацелі б многія, але зрабіць гэта не так проста: Стрыпішская царква знаходзіцца менш чым у 500 метрах ад літоўскай граніцы, і без спецыяльнага дазволу пагранічнікаў тут не пагуляеш. Але ў многім дзякуючы гэтаму, ды яшчэ сваёй аддаленасці ад дарог і іншых населеных пунктаў яна, напэўна, і захавалася ў такім выглядзе – інакш тыя, у каго рукі свярбяць ужо даўно б паспрабавалі тут “пагаспадарыць”.

А ў часы, калі, хаваючыся ад ніканаўскай царкоўнай рэформы, тут пасяліліся працавітыя стараверы, імкнучыся ў беларуска-літоўскай глухамані захаваць сваю веру і самабытнасць, межаў не было. На невялікіх лапіках не вельмі ўрадлівай зямлі, адваяваных у лесу і балот, яны пабудавалі дамы, царкву, школу -- сёння цяжка паверыць, што яшчэ ў 1970 годзе на парослай хмызняком паляне стаяла школа, у якой вучылася больш чым 70 вучняў, а падчас адказных палітычных кампаній тут дзейнічаў выбарчы ўчастак. Па святах і ў нядзелю прасторная царква запаўнялася людзьмі – сюды збіраліся жыхары з больш чым ста навакольных хутароў, а сем’і старавераў традыцыйна былі шматдзенымі.  

…Усё гэта – у мінулым: спачатку калектывізацыя, прымусовае ссяленне хутароў, а затым – урбанізацыя, імкненне сялян даць сваім дзецям адукацыю і лепшую долю, чым была ў іх саміх, прывяло да таго, што хутары паступова бязлюдзелі, у выніку зачынілася школа -- і толькі велічная царква ды стогадовыя елкі навокал яе нагадваюць аб тым, што тут некалі бурліла і віравала жыццё.

Час ад часу, як правіла, на Тройцу, калі на могілкі зблізку і здалёк прыязджаюць нашчадкі тутэйшых старавераў, царква зноў напаўняецца малітвамі: людзі абавязкова прыходзяць сюды, на адзіны ацалелы астравок колішняй стараверскай абшчыны, каб памаліцца – хоць без бацюшкі, як умеюць – за спачын душы сваіх родных і за гэты кавалачак зямлі, які для іх назаўсёды застанецца радзімкай на сэрцы…

pute6estvuem1.jpg

Барані

Наша вандроўка адбывалася 6 мая – у дзень памяці Казіміра Сваяка, ксяндза, паэта, шчырага змагара за беларушчыну, які паклаў на алтар гэтай барацьбы сваё жыццё: кароткае і яркае, як знічка, яно перарвалася менавіта ў гэты дзень 91 год назад.

На жаль, насычаная вандроўка па невядомай Астравеччыне зацягнулася, і мы не паспелі на афіцыйныя мерапрыемствы, якія ладзілі з нагоды дня памяці Казіміра Сваяка нястомная Іаланта Валуевіч, святары з Камаяў і Астравеччыны, работнікі культуры, мясцовыя жыхары – яны па традыцыі прайшлі ў Клюшчанскім касцёле і ў Баранях.

Тым не менш, для многіх удзельнікаў нашага падарожжа – а сярод іх было шмат маладых людзей, якія нядаўна працуюць у рэдакцыі і яшчэ толькі знаёмяцца з гісторыяй раёна і традыцыямі калектыву – адкрыццём стаў дом-музей Казіміра Сваяка, расповед пра яго шматпакутнае жыццё, сама вёска Барані. Хочацца спадзявацца, што гэтае знаёмства стане для іх нагодай больш даведацца пра жыццё нашага слыннага земляка, пачытаць яго глыбокія і павучальныя творы, адгукнуцца на яго парывы душы.

Немагчыма усе кропкі прыпынку, а тым больш – інфармацыю, што мы да ведаліся, і, галоўнае, уражанні, якія перажылі, перадаць на адной газетнай старонцы. Ды, напэўна, і не варта: лепш адпраўляйцеся ў вандроўку самі -- па нашых слядах ці пракладвайце свой маршрут – я ўпэўнена, што ваша падарожжа будзе не менш цікавым і насычаным.


Калектыў рэдакцыі выказвае ўдзячнасць за дапамогу ў арганізацыі і правядзенні вандроўкі па Астравеччыне намесніку старшыні райвыканкама Віктару Свіла, старшаму афіцэру аддзялення інфармацыі і прапаганды Смаргонскай пагранічнай групы Антону Бандарэнку, фермеру Чаславу Лабачэўскаму, старшыні Падольскага сельскага Савета Рыгору Цэйка і ўсім, хто садзейнічаў, каб яна атрымалася незабыўнай.

Текст: Нина Рыбик
Фото: Антон Мальшевский