“Востраў шанцавання” ў “раёнцы” ёсць

12:16 / 29.12.2011

Поспехі каманды журналістаў раённай газеты “Астравецкая праўда” ў турніры “Што? Дзе? Калі?” уражваюць, захапляюць, з’яўляюцца прадметам зайздрасці і — што грэх хаваць? – многіх нават раздражняюць! Яно і зразумела – “Востраў шанцавання” трывала атабарыўся на вяршыні раённага інтэлектуальнага Алімпу і не жадае нікому саступаць ганаровае месца.
Паколькі імёны “астраўлян” і так пішуцца друкаванымі літарамі ў кожным нумары газеты, дадаткова іх прадстаўляць не мае сэнсу.



Што да першага пытання ў інтэрв’ю, то лезці за ім у кішэню не спатрэбілася. Яно даўно турбуе ўсе каманды раённага турніру і таму, што называецца, вісела на языку…
— Вы сапраўды такія разумныя ці проста пытанні да гульні рыхтуеце?
Ганна Чакур:
Такія пытанні задаеце, што нават сорамна слухаць…
Таіса Сямёнаўна: Мы такія разумныя! Адназначна!
Ніна Рыбік: Мы не столькі разумныя, колькі больш вопытныя!
— Маглі б хоць перад Новым годам пацешыць самалюбства шматлікага раённага “інтэлектуальнага планктона”…
Г.Ч.:
Мы ўжо пацешылі самалюбства ашмянскіх каманд, смаргонскіх…
Н.Р.: Увогуле, мы прытрымліваемся кодэкса гонару, які строга адстойвае вядучая нашых гульняў Ларыса Каханоўская. Такія рэчы, як падказкі, дапамогі ў нашым раённым клубе адмаўляюцца прынцыпова і катэгарычна. Скажу больш: калі на адным з ашмянскіх турніраў нашай камандзе памылкова налічылі лішнія балы, мы сумленна ў гэтым прызналіся!
Г.Ч.: Справядлівасці дзеля трэба прызнаць, што на агульным выніку гэта ніяк не адбівалася – мы і так былі наперадзе.
Н.Р.: У той момант аб гэтым мы яшчэ не ведалі!
— Няўжо ні разу “службовым становішчам” арганізатараў турніру так і не скарысталіся?
Н.Р.:
Ні разу! Аднак, калі вы так моцна настойваеце — мы падумаем над вашай прапановай…
— Ну, а цяпер сур’ёзна: у чым вы бачыце прычыну поспеху вашай каманды на працягу вось ужо столькіх гадоў?
Алена Ярашэвіч:
У капітане – Косці Рыбіку!
Г.Ч.: У глыбокім інтэлекце!…
Н.Р.: …які знаходзіцца недзе вельмі глыбока!
А калі сур’ёзна, то мне бачыцца прычына ў тым, што вопыт гульні ў нас усё ж большы, чым у астатніх каманд.
— А вы ўвогуле трэніруецеся?
Г.Ч.:
Мы трэніраваліся, калі толькі пачыналі. Гэта, дарэчы, было нават больш цікава, чым гуляць!
Н.Р.: А самым прыкольным было вось што. Перад адной з гульняў бяром базу пытанняў, сядаем за стол, чытаем, абмяркоўваем версіі, даём адказ – няправільна.
Праз некалькі тыдняў перад чарговай гульнёй зноў сядаем за той жа стол, бяром тую ж самую базу пытанняў, разбіраем тое ж “няправільнае” пытанне, дарэчы, ледзь не слова ў слова, як і ў папярэдні раз, – тыя ж людзі прапаноўваюць тыя ж версіі, і ў чарговы раз даём той жа няправільны адказ!
А.Я.: Перад адной з гульняў мы вырашылі патрэніравацца і скачалі з інтэрнэту адну з баз пытанняў. Аднак часу для трэніроўкі не знайшлі, а база так і праляжала ў скрынцы стала. А ўжо пасля гульні паглядзелі тое, што скачалі. Як аказалася, на гульнявы стол трапілі амаль усе пытанні з той базы!
— Цяжкае пытанне для “Вострава шанцавання” з якой галіны?
Н.Р.:
Са спорту. У нас няма спартсменаў!
— А якія пытанні бярэце, што называецца, “на палец”?
Г.Ч.:
Адказаць на гэта пытанне адназначна немагчыма. Па-рознаму здараецца…
— Ну “гуманітарныя” пытанні, у сілу прафесіі, напэўна ж, лёгка бярэце?
Н.Р.:
Як правіла на такія пытанні дае правільныя версіі наш капітан, “тэхнар” Косця. Яшчэ пры гэтым і пад’южвае нас: “Ну што, гуманітарыі?”
Г.Ч.: Ну і мы, канешне, нешта бяром…
— Калі ўжо ў назве вашай каманды прысутнічае шанцаванне, то не магу не спытаць, які яго працэнт назіраецца ў гульні?
Г.Ч.:
Асабіста я ў гульні самую сапраўдную асалоду атрымліваю зусім не ад шанцавання і нават не ад азарэння, а ад каманднай гульні…
Н.Р.: …Як было з пытаннем аб Вялікай Мядзведзіцы…
Г.Ч.: Калі не ведаеш правільнага адказу, а ёсць толькі версія. Хтосьці яе вылучае, нехта дапаўняе – і ў выніку з’яўляецца правільнае рашэнне. Вось у гэтай калектыўнай гульні і ёсць самае цікавае! А ў пытаннях, якія бяруцца “на палец”, вялікага “кайфу” няма.
А.Я.: Што да азарэння, то часта яно да нас прыходзіць, калі лісток з адказам ужо здадзены…
— Вернемся да назвы. Яна ў вас даволі смелая, нават дзёрзкая. А шанцаванне – рэч непастаянная. Не баіцеся ўгнявіць фартуну?
Т.С.:
Ну на некага ж яна павінна гневацца!
Н.Р.: Яна, калі і гневаецца, то нядоўга…
Г.Ч.: Наадварот: “Как вы лодку назовёте, так она и поплывёт!”
Н.Р.: З гэтага мы і зыходзілі, калі называлі каманду.
Г.Ч.: Па праўдзе кажучы, першым варыянтам назвы быў “Востраў НЕшанцавання” з перакрэсленым “НЕ”. Аднак потым засумняваліся, што гэтага перакрэсленага могуць не заўважыць, і таму “НЕ” знікла зусім.
Н.Р.: Назву прыдумвалі па дарозе на турнір у Ашмяны. З аднаго боку, хацелася, каб яна была сугучнай Астраўцу, а з другога — адпавядала таму самаму, з мульціка “как вы лодку назовёте…”. Так і з’явіўся наш “Востраў”.
— Калі б была магчымасць умацавацца нейкім іграком з міжнароднага клуба інтэлектуалаў, каго б запрасілі ў сваю каманду?
Н.Р.:
Нікога! Як паказвае вопыт, калі з’яўляецца нейкі аўтарытэтны ігрок, каманда перастае гуляць і з надзеяй глядзіць у рот “генію”.
Г.Ч.: А я б Паташова запрасіла…
Т.С.: А я Двіняціна! Праўда, ён ужо даўно не гуляе…
Антон Мальшэўскі: А я – Іну Друзь! Толькі яна ўжо замужам…
— Тэлевізійныя гульні глядзіце, ці хапае ўласных?
Т.С.:
Я з 70-х гадоў гляджу. Многія добра памятаю. Напрыклад, першы выезд клуба за мяжу, у Балгарыю. Па магчымасці, стараюся не прапусціць ніводнай гульні і зараз.
— І як пытанні — бяруцца?
Т.С.:
Часам бяруцца! Знатакі моцныя ў грунтоўных, фундаментальных пытаннях. Напрыклад, у навуковых, мастацкіх… А ў тых, што аснованы на нейкіх жыццёвых, бытавых абставінах – адчуваюць сябе няўпэўнена.
Н.Р.: Характэрны прыклад – адна з апошніх гульняў і пытанне аб “квадратуры круга”, з якім знатакі так і не справіліся. А насамрэч размова ішла аб вязанні панчохі.
— Калі не памыляюся, толькі ў вашай камандзе гуляе кіраўнік арганізацыі. Аўтарытэт галоўнага рэдактара за гульнявым сталом не цісне?
Г.Ч.:
Спачатку ціснуў! За сталом былі толькі дзве версіі: адна – рэдактара, другая – няправільная. Аднак прайшлі гады і цяпер Ніна Аляксееўна гуляе нароўні з астатнімі.
Н.Р.: Паглядзіце на іх – дыктатара знайшлі! А хто мае версіі, дарэчы, правільныя, за сталом “таптаў”?!
— А з вашым капітанам, Косцям, спрачацца можна? Хто ён за сталом увогуле: дыктатар ці дэмакрат?
Усе, амаль у адзін голас:
Дыктатар!
Н.Р.: Спрачацца з капітанам можна, але яго слова будзе апошнім!
Г.Ч.: Іншым разам, калі, на яго думку, за сталом няма годнай версіі, ён шпурляе на стол ручку: “Я такое глупства пісаць не буду!” І так прыемна, калі тое, што напішам мы, аказваецца правільным адказам!
Н.Р.: Яшчэ многае залежыць ад настрою капітана. Калі ён у гуморы…
Г.Ч.: …тады і ўсім нам добра!
Н.Р.: Тады і гульня ў каманды ідзе.
Г.Ч.: Проста наш капітан мае нашмат больш вопыту, чым мы, і вельмі простыя адказы яго абражаюць…
Т.С.: А ў мяне, калі Косці няма, гульня зусім не ідзе! Нават не ведаю чаму, аднак без яго я сябе адчуваю, як без рук!
Г.Ч.: Можа, з-за таго, што Косця “тэхнар” ці па якой іншай прычыне але яго спосаб мыслення сапраўды адрозніваецца ад нашага. У яго зусім другі алгарытм мыслення. Мы ўсё больш да нейкай “прыгожанькай” версіі схіляемся, а ён аддае перавагу канкрэтнай, простай і зразумелай!
— Наколькі ваша каманда прытрымліваецца пэўных канонаў гульні “Што? Дзе? Калі?”? Маецца на ўвазе, ці ёсць у вас ігрок, які сочыць за формай пытання, ці маецца крытык, аналітык? Хто, ўвогуле, за якую сферу адказвае?
Н.Р.:
Форму пытання ў нас трымае Лена Ярашэвіч. У гэтым ёй цаны няма!
Г.Ч.: “Хадзячая энцыклапедыя” ў нас – Таіса Сямёнаўна.
Т.С.: Я некалі геаграфію добра ведала. А ўсё таму, што заканчвала васьмігодку, у класе вучняў было мала, дык нас так “вымуштравалі”, што я з закрытымі вачамі паказаць на карце любую краіну магла і назваць сталіцу. Аднак са страхам заўважаю, што многае ўжо пачынаю забываць…
Н.Р.: А крытык у нас – Ганна Іванаўна.
Г.Ч.: Мажліва... Хоць мне здаецца, што я звычайна правакую адказ. Пачынаю разважанні, іншыя іх працягваюць – і ў выніку нараджаецца правільная версія.
А вось Антон Мальшэўскі ў нас майстар на нейкія спантанныя пытанні, якія патрабуюць выдумкі, знаходлівасці і нестандартнага мыслення.
А.М.: Таіса Сямёнаўна добра ведае мастацтва: музыку, балет, выяўленчае мастацтва, кіно, літаратуру…
Я таксама крыху “тэхнар”, таму – хімія. Ну і сучаснае: фантастыка, музыка…
Т.С.: Без яго пазнанняў нам бы прыйшлося туга.
Г.Ч.: А мне бывае крыўдна, што каманда, падчас, забывае аб маёй адукацыі па дыплому. Я ж вывучала батаніку, энтамалогію… Але калі былі адпаведныя пытанні, мае варыянты каманда “зарубіла”!
А.Я.: Для мяне бліжэй літаратура. А таксама тое, што сын, Дзімка, у школе праходзіць.
Н.Р.: Так, “дзіцячыя”, “казачныя” пытанні – гэта Леніны!
Вольга Шоўкун: А я нават не ведаю, дзе адчуваю сябе мацней…
Г.Ч.: Ну канешне! А хто сталіцу Ліхтэнштэйна ўспомніў?
В.Ш.: Вадуц? Здаецца, я. У свой час мяне брат добра “дрэсіраваў”: ставіў з указкай ля геаграфічнай карты і дапытваў.
А ўвогуле, на гульні, калі чую замежнае слова, адразу перакладаю яго на французскую мову, а затым на рускую – і намагаюся знайсці нейкую логіку.
Н.Р.: Оля ў нас спецыяліст па Францыі!
А я, як сапраўдны журналіст, аб усім ведаю пакрыху. Вечная дылетантка.
— Ці ёсць у вашай каманды нейкія прыкметы, добрыя знакі, талісманы?…
Г.Ч.:
Шакаладкі!
Т.С.: Адзін раз нам нават заўвагу зрабілі: “Навошта вам столькі шакаладу?!” Прыйшлося дзяліцца.
— Што павінна здарыцца, каб ваша каманда з трэскам прайграла?
Н.Р.:
“Што?Дзе? Калі?” – гульня вельмі непрадказальная з пункта гледжання выніку. Аднойчы мы паехалі на турнір, так бы мовіць, ва ўзмоцненым складзе. Меркавалі, што як мінімум будзем у прызах! А не ўвайшлі нават у дзясятку. Чаму? Хто яго ведае… Не пайшло, і ўсё тут! Нешта самі “затапталі”, нешта – проста не ўзялі. Настрой сабе сапсавалі – і пайшло-паехала…
— Калі б рэгламент турніру прадугледжваў супер-фінал, у якім бы гулялі дзве лепшыя каманды раёна, з кім бы хацелі памерацца інтэлектам?
Т.С.:
Я б хацела згуляць з “Ядзерным востравам”. Асабіста мяне падкупае ў гэтай камандзе нейкая інтэлегентнасць. Таму ўвогуле, хацелася б пазнаёміцца з ёй бліжэй.
Г.Ч.: Вельмі цікавая каманда райвыканкама. Мы з імі на адной “хвалі”. Яны, як і мы, гуляюць з гумарам. Ды і на розныя турніры мы з імі ездзілі неаднойчы. Таму ўжо амаль як родзічы!
В.Ш.: А мне “Цэрэбрал” вельмі падабаецца…
А.М.: А я б хацеў паспаборнічаць з нейкай дзіцячай камандай. Каб высветліць, што ж возьме верх – вопыт ці маладосць?
— Калі ў навагоднюю ноч Дзед Мароз прынясе вам “чорную скрынку”, што б вы хацелі ў ёй убачыць?
Г.Ч.:
Тут трэба падумаць…
А.М.: Аўтамабіль!
Г.Ч.: Кожнаму!
Т.С.: Тоўстую кніжку з пытаннямі…
Н.Р.: Суткі, у якіх было хаця б гадзін 30!
А.Я.: Мяшок чагосьці вельмі добрага!..
В.Ш.: І ключы ад кватэры!


Мы ж, добраахвотна «інфіцыраваныя» «Вострам шанцавання» ўдзельнікі гульні «Што? Дзе? Калі?», пакладзём у гэтую навагоднюю скрынку словы ўдзячнасці за «хваробу» і пажаданні «астраўлянам» заставацца ў выдатным інтэлектуальным тонусе і надалей!


Эдуард СВІРЫД.
Фота Андрэя ПАМЕЦЬКІ.