Сегодня в Беларуси отмечают день мелиоратора
Работа меліяратара можа паказацца рамантычнай: чыстае паветра, журчанне вады, якая імчыць па меліяратыўным канале, прыгожыя далягляды – гэта толькі на першы погляд. “Рэаніматары зямлі” штодзень змагаюцца з пранырлівымі хмызнякамі і непралазнай забалочанасцю. Пры гэтым ніхто не адмяняў праліўных дажджоў, пякучага сонца і няўрымслівага ветру.
Вадзім ВЯНГРОЎСКІ: “Самаеважнае – адказнасць і працавітасць”
У першую нядзелю чэрвеня адзначаецца Дзень меліяратара. З нагоды прафесійнага свята мы сустрэліся з дырэктарам Астравецкага ПМС Вадзімам Станіслававічам Вянгроўскім, каб даведацца пра работу прадпрыемства і клопаты меліяратараў.
– Летась Астравецкае ПМС адзначыла салідны юбілей – 55-годдзе з дня ўтварэння. Наколькі мне вядома, за гэты час змянілася сістэма арганізацыйна-гаспадарчых мерапрыемстваў па паляпшэнні зямельных рэсурсаў, а дзейнасць меліяратараў цяпер накіравана не на будаўніцтва новых меліярацыйных сістэм, а на рэканструкцыю і эксплуатацыю існуючых. Гэта так? І што сабой уяўляе прадпрыемства, якое вы ўзначальваеце?
– У штаце Астравецкага ПМС – 60 чалавек. Да параўнання: у 70-я гады працавала каля тысячы чалавек, у перабудовачныя 90-я – удвая менш. Аб’ёмы работ, якія праводзілі меліяратары ў савецкія часы цяпер не патрэбны.
Асноўны клопат меліяратраў - рэканструкцыя меліяраваных сістэм, рамонт дрэнажу, ачыстка і абкошванне каналаў, знішчэнне кустоўя. Меліяраваныя землі выкарыстоўвацца сельскагаспадарчымі прадпрыемствамі раёна як пашавыя і лугавыя ўгоддзі.
Зараз займаемся рэканструкцыяй трох меліярацыйных аб’ектаў у КСУП “Міхалішкі” і сагасе “Падольскім”. Увогуле на балансе Астравецкага ПМС знаходзіцца каля 800 кіламетраў каналаў. Па некаторых з іх узнікаюць пытанні: тэрыторыя, на якой яны размешчаны, адносіцца да фонду лясгаса, а самі каналы “запісаны” на Астравецкім ПМС. Увогуле штогод мы абкошваем каля 600 кіламетраў каналаў. Для гэтых патрэб у нас ёсць 6 касілак. У тых месцах, дзе тэхніка пасуе, на дапамогу прыходзяць два працаўнікі з мотакосамі.
Сёлета значна пазней, чым летась, пачнём абкошваць каналы – і гэта не наша прыхамасць, а ўплыў неспрыяльнага вясенняга надвор’я. Нехта скажа, маўляў, навошта чакаць, пакуль трава вымахае ў рост чалавека – аднак трэба разумець, што абкошванне меліяратыўнага канала адрозніваецца ад догляду за газонам, які чым больш “скубеш” – тым лепш. Па тэхналогіі, меліяратыўная “стрыжка” пачынаецца, калі даўжыня сцярні дасягне 7-8 сантыметраў...
З вясны да позняй восені ў нас вялікі фронт работ.
– А зімой? Не адпачываеце ж...
– Зразумела, не. Працягласць працоўнага дня зімой карацейшая на гадзіну: людзі працуюць з 9 да 17.00 гадзін, а цяпер працоўны дзень заканчваецца ў 18.00.
Гэтай зімой наша тэхніка і працаўнікі былі задзейнічаны на карчоўцы лесу ў пагранічнай зоне, дапамагалі сельскагаспадарчым прадпрыемствам у добраўпарадкаванні тэрыторый ля фермаў.
– Лічыцца, што меліяратары – галоўныя памочнікі аграрыяў: вашымі намаганнямі ў севазварот уведзены тысячы гектараў зямель... Якую дапамогу яшчэ аказваеце сельскагаспадарчым прадпрыемствам?
– Пачынаецца касавіца – і з усіх бакоў сыплюцца просьбы аб дапамозе (Усміхаецца). Нашы працаўнікі задзейнічаны на розных работах. У мінулым годзе па рашэнні абласнога кіраўніцтва два трактары 32-22 перадалі КСУП “Гервяты”. Тут узнікае іншая праблема: нават выканаўшы заказ, нельга быць упэўненым у своечасовай аплаце работы. А займацца дабрачыннасцю ў сучасных эканамічных умовах – недазваляльная раскоша.
Дэбіторская запазычанасць па прадпрыемству меліярацыйных сістэм сёння перавышае 50 тысяч рублёў. Гэта салідная сума – многае можна было б зрабіць, калі б гэтыя грошы былі на нашым рахунку.
Увогуле мы супрацоўнічаем і з іншымі арганізацыямі: дапамагалі лясгасу ў падрыхтоўцы пляцоўкі пад лесагадавальнік, летась – турэцкай фірме, якая займаецца будаўніцтвам аўтастаянкі і гасцініцы непадалёк ад пункту пропуску “Катлоўка”.
– Як у эканамічным плане складваецца для прадпрыемства гэты год?
– Першыя два месяцы 2017-га былі вельмі складанымі і напружанымі – гэта ў першую чаргу было звязана з неабходнасцю правядзення тэндараў. Столькі бюракратычнай валакіты! Як і на кожным прадпрыемстве ўзнікаюць і іншыя пытанні. Напрыклад, тэхнічнае абслугоўванне праводзіцца па індэксацыі 2015 года – а гэта пэўныя страты для прадпрыемства. У 2012-2013 гадах па лізінгавай праграме мы значна абнавілі лінейку тэхнікі. Аб’ёмы работ за апошнія гады не настолькі вялікія, каб цалкам зрабіць выплаты па лізінгу, а тэхніка зношваецца – – сродкі выкарыстоўваюцца на яе рамонт – і немалыя.
Узнікаюць не толькі эканамічныя праблемы: кітайцы пракладвалі лінію электраперадач з парушэннямі меліяратыўных аб’ектаў, а выпраўляць іх даводзіцца нашым працаўнікам.
– Чыю работу можаце адзначыць?
– У нас згуртаваны і працавіты калектыў. Многія людзі аддалі ПМС 20-30 гадоў, добра сябе зарэкамендавалі і маладыя спецыялісты. Магу назваць імёны вопытных машыністаў экскаватара Валерыя Вайцехавіча Кацінеля, Валерыя Іосіфавіча Якеля, іх маладзейшых калег Андрэя Мілэйшы, Алега Мельнічука; машыністаў бульдозера Лявона Іванавіча Ражко, Дзяніса Зыгмундавіча Скарульскага; трактарыстаў Валерыя Сцяпанавіча Каспяровіча, Пятра Іванавіча Урліка, майстраў Руслана Валер’евіча Раждзествіна, Ірыны Рычардаўны Садоўскай; вадзіцеляў Віктара Мечыслававіча Мілэйшы, Генадзя Іосіфавіча Якеля, Анатоля Іванавіча Яскулоўскага; бухгалтара Яніны Чаславаўны Грынчук; імайго насемніка па механізацыі Віктара Тадзіміравіча Лазоўскага – усіх не пералічым.
– Кіраваць прадпрыемствам, дзе працуюць 60 чалавек не так і проста. Які стыль кіравання вы абралі для сябе?
– Астравецкае ПМС я ўзначальваю ўжо трынаццаць гадоў. Для мяне, як для кіраўніка, важныя адказнасць і працавітасць работніка. Калі нехта працуе, як кажуць, абы з рук – нам дакладна не па дарозе. Некаторыя, хто сыходзіў за доўгім рублём на будаўніцтва атамнай электрастанцыі, вярталіся – калі я бачу, што гэта талковы спецыяліст, чаму б не ўзяць назад чалавека?
У нас працуюць як маладыя людзі, так і пенсіянеры. Навошта спісваць з рахункаў чалавека, які хоча, а галоўнае – можа працаваць? З уласнага вопыту скажу, што вельмі рэдка сярод моладзі можна знайсці раўназначнага спецыяліста вопытнаму і “ўзроставаму” работніку.
– Вадзім Станіслававіч, карыстаючыся магчымасцю, што б пажадалі сваім калегам?
– Здароўя, дабрабыту, а галоўнае – упэненасці ў заўтрашнім дні.
– Дзякуй вялікі за гутарку і – са святам!