Маладыя лесаводы вобласці пасадзілі на Астравеччыне лес

15:20 / 18.10.2018

Лясная гаспадарка Гродзеншчыны – адна з галін, дзе кожны год урачыста ўшаноўваюць маладых спецыялістаў. Сёлета такая сустрэча пад назвай “Лес-моладзь-будучыня” прайшла на базе Астравецкага лясгаса.

IMG_0487.jpg

Учарашніх студэнтаў, якія робяць свае першыя крокі ў прафесію, прывіталі дырэктар ДЛГУ “Астравецкі лясгас” Рыгор Мечыслававіч Долгі і намеснік генеральнага дырэктара па ідэалагічнай рабоце Гродзенскага дзяржаўнага вытворчага лесагаспадарчага аб’яднання Яўген Міхайлавіч Герасімовіч.

Спачатку маладыя спецыялісты завочна пазнаёміліся з Астравецкім лясгасам і накірункамі яго работ праз фільм-прэзентацыю, а потым усё ўбачылі на свае вочы.

IMG_0528.jpg

Што такое безадходны цыкл вытворчасці, як пілавінне становіцца паліўнымі брыкетамі – пра гэта і многае іншае маладыя лесаводы даведаліся ў дрэваапрацоўчым цэху.

У лесагадавальніку, які сёлета атрымаў статус узорнага, з маладымі спецыялістамі падзяліліся вопытам вырошчвання сеянцаў з закрытай каранёвай сістэмай. Гэты скандынаўскі метад, які некалькі гадоў назад узялі на ўзбраенне астравецкія лесаводы, –  залог поспеху пасадкі і прыжываемасці саджанцаў.

Маладыя спецыялісты пабывалі ў Катлоўскім вопытна-даследчым лясніцтве, інфармацыйным цэнтры БелАЭС, а таксама на распрацоўцы ветравальна-бураломных лесасек. Ля вёскі Стаўбуры, што ў Варнянскім лясніцтве, яны пасадзілі вырашчаныя ў лесагадавальніку елачкі і сасонкі на месцы пашкоджанага ветрам лесу.

А вынікі семінара былі падведзены ў дзіцячай школе мастацтваў. Як адзначыў генеральны дырэктар Гродзенскага ДВЛГА Андрэй Міхайлавіч Дзівін, працу лесавода будуць ацэньваць будучыя пакаленні, таму ў сваёй рабоце маладыя спецыялісты павінны спалучаць веды і прагрэсіўныя напрацоўкі, пры гэтым захоўваючы лепшыя традыцыі сваіх папярэднікаў.

А завяршылася сустрэча святочным канцэртам, які падрыхтавалі педагогі і вучні дзіцячай школы мастацтваў.

IMG_0496.jpg

Текст:
Фото: Антон Мальшевский