Як пасябравалі жанчына, лебедзь і кот

09:41 / 01.08.2018
У адзін з ранкаў, лю­бую­чыся спакойным возерам, у якім адлюст­роўвалася ўзыходзячае сонца, блакітнае неба і велічны лес, Зофія ўбачыла ў траве лебедзя. Да яго шнурочкам збітай расы вяла сцяжынка. Жанчына здагадалася, што з птушкай нешта здарылася – яна яўна ішла да людзей шукаць  паратунку. 

gus-trava-tsvety.jpg

Тым не менш, калі падышла бліжэй, лебедзь пачаў абараняцца: шыпеў, спрабаваў  пагрозліва падняць крылы – але гэта ў яго не атрымлівалася. Зофія прыгледзелася і ўбачыла, што ў птушкі паранена крыло.  Паклікала на дапамогу брата: удваіх яны сталі падганяць птушку да сажалкі, што была непадалёк ад хаты. Але праз некалькі метраў лебедзь выбіўся з сіл, упаў і не мог зварухнуцца.

Жанчына адважылася ўзяць яго – а лебедзь, відаць, зразу­меў ці сэрцам адчуў, што гэтыя людзі – не ворагі, выратавальнікі: ціха і пакорліва сядзеў на руках.  Ён быў зусім лёгкі – відаць, не адзін дзень галадаў. 

Рану на крыле апрацавалі і пусцілі  птушку на  сажалку. Гаспадыня  прынесла  лебедзю паесці – і ўслед за ёй на беразе сажалкі з’явіўся прыблудны кот Рыжык, які прыжыўся ў гэтым доме. Ён стаў прыглядацца да госця.  

Некалькі разоў на дзень Зофія адведвала лебедзя – а Рыжык амаль што не адыходзіў ад яго. Ці то сцярог ад новых непрыемнасцей, ці то любаваўся беласнежным прыгажуном. А можа,  расказвалі яны адзін аднаму свае гісторыі? Ідылія працягвалася доўга. 

Вуць и Рыжык.jpg

Калі я прыехала ў госці да Зофіі, яна з  хітраватай ўсмешкай павяла да сажалкі, на беразе якой сядзеў Рыжык. Варта было гаспадыні паклікаць: «Вуць-вуць» – і тут жа з трыснягу выплыў прыгажун-лебедзь: ён ганарліва пазіраваў нам, паварочваючы у розныя бакі сваю грацыёзную шыю.
Але аднойчы ніхто не азваўся на звыклае «вуць-вуць».  «Значыць, рана загаілася – і лебедзь паляцеў у сваё прывычнае асяроддзе. З Богам, птушачка!» – падумала Зофія. Але стала так сумна: прывыкла да свайго гадаванца. 

І раптам жанчына пачула нязвыклы гук. Падняла галаву – і ўбачыла, як у вышыні завіс лебедзь і нешта гаварыў ёй на сваёй птушынай мове. Потым узмахнуў магутным крылом, зрабіў віраж – і паляцеў у бок возера – напэўна, хацеў расказаць сваім сябрам пра добрую фею Зофію, пра тое, што ў цяжкую часіну і яны могуць знайсці паратунак у доме,  дзе жыве гаспадыня з залатым сэрцам.



Текст: